Шмат каму здаралася атруціцца харчамі. У некаторых выпадках можа аказацца, што гэта “батулізм” – ад лацінскага слова “botulus” (каўбаса). Гэта вострая інфэкцыйная хвароба, выкліканая атручаньнем такімі прадуктамі, як каўбаса, вяндліна, рыбы і кансэрвы. Гэтыя прадукты могуць быць заражаныя наймацнейшай біялягічнай атрутай – нэўратаксынам, які вырабляюць спораўтваральныя палачкападобныя бактэрыі Clostridium botulinum. Навукоўцы ведаюць 7 відаў гэтага таксыну, якія азначаюць лацінскімі літарамі ад А да G.
Гэтак, як здаўна вядомыя лячэбныя якасьці зьмяінага яду, так і батулінавы таксын знайшоў ужытак у мэдыцыне, асабліва ў касмэталёгіі. З дапамогай тонкіх іголак разьведзены ў фізіялягічнай солі прэпарат уколваецца ў пэўныя цягліцы цела, асабліва твару, шыі і грудзей. Батулінавы таксын блякуе падачу нэрвовых імпульсаў у цягліцы, які адказныя, напрыклад, толькі за міміку твару. У выніку, таксын ліквідуе зморшчыны і складкі скуры, не ўплываючы пры гэтым на функцыі іншых цягліцаў. Ён дзейнічае цалкам інакш, чым усе касмэтыкі і крэмы: паралізуе канкрэтныя цягліцы пад скурай, тады як традыцыйныя касмэтычныя сродкі робяць скуру пульхнай і пругкай. Працэдура доўжыцца прыблізна 15 хвілінаў, а лячэбны эфэкт утрымліваецца ад 4 месяцаў да 1,5 году. Толькі ў ЗША летась выкананыя 7 мільёнаў такіх працэдураў, прычым імі карыстаюцца тыя, для каго зьнешні выгляд адыгрывае вяліікую ролю – жанчыны, яны скаладаюць ажно 88% усіх пацыентаў.
(Судлянкова) Зараз аказалася, што батулінавы таксын можа быць пасьпяхова ўжываны ня толькі для карэктыроўкі наступстваў старэньня, але і для лячэньня сур’ёзных недамаганьняў: пасьляінсультнага паралічу, мігрэні, нэрвовых цікаў твару, заіканьня, нетрыманьня мачы, болю ніжняй часткі сьпіны, сутаргаў, асабліва экстрэмальнага атлусьценьня, касалапасьці нованароджаных дзяцей, а таксама лячэньня галасавых спазмаў. “Таксын мае надзвычайныя магчымасьці”, – лічыць д-р Робэрт Дароф, які быў сьведкам таго, як батулінавы таксын аказаўся цудоўным сродкам супраць мігрэні. Афтальмолаг д-р Джэан Карутэрз з Унівэрыстэту Калумбія разам са сваім мужам Артурам, дэрматолягам, ужо ў 1987 годзе пераканаліся, што ўвядзеньне пад скуру невялікіх дозаў гэтага таксыну расслабляе цягліцы вакол вачэй і дазваляе амаладзіць твар.
Паводле навукоўцаў, батулінавы таксын мае шэраг перавагаў над іншымі паралізуючымі і абязбольваючымі сродкамі. Ён дзейнічае толькі на тое месца, дзе зроблены ўкол, а пабочных эфэктаў амаль ня выяўлена. “Вельмі бясьпечным”, калі дакладна зрабіць укол, асабліва ў барацьбе са зморшчынамі, назвала прэпарат прадстаўніца Агенцтва харчаваньня і лекаў Ленор Гэльб. “Гэты таксын можа быць прыдатны амаль у кожнай галіне мэдыцыны”, – лічыць дэрматоляг з Сан-Францыска Рычард Глогаў, які пераканаўся, што разам са зморшчынамі ў ягоных пацыентаў зьніклі і мігрэні. Паколькі батулінавы таксын ў стане паралізаваць гланды, спэцыялісты лічаць, што яго можна было б скарыстаць ў выглядзе дэзадаранту пры празьмернай патлівасьці. “Гэта адзін з найбольш незвычайных прэпаратаў, выяўленых за апошнія 20 гадоў”, – кажа дэрматоляг Марк Гэкман, які дасьледуе праблемы патлівасьці. Ён пасьпяхова правёў два экспэрымэнты на студэнтах Мюнхенскага ўнівэрсытэту і прыраўняў батулінавы таксын да вынаходніцтва хіміятэрапіі.
Лячэбным аказаўся батулінавы таксын ў выпадку амаль 80-гадовай жыхаркі Чыкага Бэатрыс Брунгер, якая тры гады пакутавала ад нетрыманьня мачы. Хапіла 25 уколаў, і пацыентка ўпершыню спакойна праспала ўсю ноч. Д-р Грэгоры Бэйлс з Чыкагскага ўнівэрсытэту штодзень прымае каля 15 пацыентаў з падобнымі праблемамі. Затое ў Ванкувэры д-р Крыстын Альварэз выкарыстоўвае батулінавы таксын пры лячэньні касалапасьці без хірургічнай апэрацыі. Адно з 500 дзяцей нараджаецца з гэтым дэфэктам. Месяц таму ў Мэдычнай школе ў Гановэры мясцовыя спэцыялісты ўжылі таксын для лячэньня атлусьценьня. Дзякуючы ўколам ў сьценку страўніка ўдалося запаволіць страваваньне. Пацыент адчуваў сябе сытым, і дзякуючы гэтаму ў хуткім часе згубіў 10 лішніх кіляграмаў бяз аніякіх пабочных эфэктаў.
Зараз у сьвеце ўжываюцца тры віды батулінавага таксыну. Гэта Botox, або “Таксын А”, выраблены амэрыканскай кампаніяй Allergan Inc., Myblock, або “ Таксын Б” – прадукт Elan Pharmaceuticals, а таксама Dysport брытанскай кампаніі Ipsen. Botox быў дапушчаны Агенцтвам Харчаваньня і Лекаў да шырокага ўжываньня ўжо ў 1989 годзе, аднак толькі дзеля ліквідацыі зморшчынаў твару і шыі. Летась ён быў афіцыйна прызнаны пасьпяховым сродкам пры лячэньні некаторых іншых недамаганьняў. Аднак пацыенты і лекары скардзяцца на тое, што невялікая порцыя прэпарату каштуе ад 300 да 400 даляраў, хаця гэта біялягічны прадукт, а сама тэхніка яго здабываньня была распрацаваная 50 гадоў таму. У кожным разе – незважаючы на ўсе мінусы, на тое, што многіх палохае само паняцьце “таксын”, або “яд”, – попыт і адпаведна прапанова на гэты прэпарат імкліва растуць.
А цяпер да іншай тэмы. Шкоднасьць курэньня нагэтулькі ўсебакова дасьледаваная і абгрунтаваная, што ўжо ў нікога не выклікае сумневу. Аднак навукоўцы раз-пораз выяўляюць усё новыя нэгатыўныя наступствы курэньня. Аказалася, што праблемы з зубамі ў дзяцей зьвязаныя ня гэтулькі з канфетамі і ласункамі, колькі з тытунёвым дымам. Як паведамляецца ў найноўшым нумары мэдычнага часопісу JAMA, д-р Эндру Элайн з Пэдыятрычнай клінікі ў Рочэстэры, штат Нью-Ёрк, вырашыў праверыць уплыў гэтак званага пасіўнага курэньня на карыес малочных зубоў у дзяцей. Ён перагледзеў гісторыі хваробаў 3500 дзяцей ва ўзросьце ад 4 да 11 гадоў. У кожнага зь іх ён правяраў стан зубоў і ўзровень катыніну (прадукт нікатыну) у крыві. Колькасьць гэтай субстанцыі ў крыві беспамылкова паказвае, у якой ступені дзіцё паддавалася ўзьдзеяньню тытунёвага дыму.
Аказалася, што чвэрць дзяцей мела як мінімум адну дзірку ў малочным зубе, 33% – прынамсі адну плёмбу. Сярод іх больш як палова (53%) мелі ўзровень катыніну ў крыві, які сьведчыў пра пасіўнае курэньне. Паводле д-р Элайн, гэта чарговы раз пацьвярджае непасрэдную залежнасьць паміж пасіўным курэньнем і гніеньнем малочных зубоў, чаго, аднак, не ўдалося даказаць ў дачыненьні да зубоў у дарослых людзей.
З прычыны шкоднасьці пасіўнага курэньня брытанскія лекары заклікалі ўлады забараніць курэньне ва ўсіх працоўных месцах. Яны лічаць, што забарону трэба таксама пашырыць на бары і рэстарацыі, каб абараніць іхны пэрсанал. Д-р Сінід Джонс з Цэнтру кантролю над табаком лічыць, што забарона курэньня на працы дапаможа курыльшчыкам адмовіцца ад гэтай дрэннай звычкі і па-за працай, што будзе карыснае для іхнага здароўя і для навакольнага асяродзьдзя. Лекары цьвердзяць, што ад раку лёгкіх і хваробаў сэрца, выкліканых пасіўным курэньнем, у Велікабрытаніі штогод паміраюць каля 1000 чалавек.
Тым часам вучоныя з францускага Нацыянальнага інстытуту здароўя і мэдычных дасьледаваньняў разбурылі яшчэ адзін міт, на які ахвотна спасылаюцца курльшчыкі: маўляў, курэньне дапамагае ім засяродзіцца, а таксама ўзмацняе ўвагу і памяць. У рамках экспэрымэнту дасьледчыкі скарысталі 4 групы лябараторных пацукоў. Тром групам пацукоў вучоныя ўводзілі розныя дозы нікатыну, а чацьвертая адыгрывала ролю кантрольнай. Пасьля 42 дзён экспэрымэнту аказалася, што ў пацукоў колькасьць аднаўляльных нэрвовых клетак зьменшылася на 50%, а колькасьць амяртвелых клетак значна перавысіла норму. І што цікавае, у галаўным мозгу грызуноў, якія былі паддадзеныя ўплыву нікатыну, рэзка зьменшылася колькасьць бялка PSA-NCAM, які адыгрывае ключавую ролю ў працэсе абвучэньня і памяці.
А зараз парады мэдычнай арганізацыі Real Age.
Калі Вы хочаце зьменшыць рызыку інфаркту, дастаткова прынамсі раз ў тыдзень зьядаць прыблізна дзьве жмені арахісавых арэхаў. З дасьледаваньняў вынікае, што ў мужчынаў, якія два разы ў тыдзень спажывалі арахісавыя арэхі, небясьпека раптоўнай сьмерці ў выніку інфаркту зьменшылася ажно на 46%. Таксама іншыя арэхі, якія зьяўляюцца неад’емным складнікам міжземнаморскай дыеты, зьніжаюць крывяны ціск і зьмяншаюць колькасьць “дрэннага” халестэрыну ў крыві. З другога боку, трэба памятаць, што арэхі высокакалярыйныя, і таму спажываць іх трэба памяркоўна.
Большая за звычайную доза вітаміну D у Вашым штодзённым рацыёне можа выдатна зьменшыць рызыку астэапараозу, прычым на 32% у жанчынаў і на 17% у мужчынаў. Косткі асабліва падатлівыя на пераломы пасьля 65 году жыцьця. Гэта найболей тычыцца старэйшых жанчынаў, у якіх пасьля мэнапаўзы выразна зьмяншаецца вытворчасць жаночага гармону – эстрагену, і жанчыны цягам 5 гадоў губляюць каля 15% масы костак. Паводле навукоўцаў, мінімальная доза вітаміну D павінна перавышаць 1000 міліграмаў у дзень.
Шклянка апэльсынавага або грэйпфрутавага соку ў часе сьнеданьня можа выдатна зьменшыць рызыку артрыту. Хаця ўзаемазалежнасьць паміж спэцыфічным харчаваньнем і рэўматычнымі захворваньнямі яшчэ ня поўнасьцю даказаная, аднак вядома, што большая колькасьць правітаміну А (каратэноід), якім багатыя цытрусавыя, адчувальна зьмяншае рызыку ўзьнікненьня і звароту вострай формы артрыту з тыповым запаленьнем і пухлінамі суставаў ды тканяў. Паводле Real Age, для хворых на артрыт карысны таксама цынк і вітамін С, аднак дзённая доза гэтага мінэралу не павінна перавышаць 30 міліграмаў, а вітаміну С – ня болей як 1200 міліграмаў у дзень.