Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як пераадолець страхі і стрэс ды іншае


Кастусь Бандарук, Прага

Часопіс “Newsweek” зьмясьціў артыкул пад загалоўкам “ Нашы целы, нашы боязі”. Разам з ростам палітычнай напружанасьці ў сьвеце людзі адчуваюць усё большую трывогу. Такое пачуцьцё не пакідае 16-гадовую вучаніцу Сярэдняй мастацкай школы ў Ерусаліме Ану-Лі Ярон з часу, як у ейнай школе праводзілася вучэбная трывога. Апошнія тыдні праходзяць для яе ў атмасфэры падрыхтоўкі да вайны. Ейныя бацькі запасьліліся супрацьгазавымі маскамі і харчовымі прадуктамі на выпадак ракетнай атакі. Ў школе вучаць імгненна ўцякаць у бомбасховішчы. У міжчасе мас-мэдыі ўзмацняюць напружанасьць паведамленьнямі пра падзеі на заходнім беразе Ярдану, пра магчымасьць новых тэрактаў і падрыхтоўку да вайны ў Персыдзкай Затоцы. “Калі вы напалоханыя начнымі зданямі, вы можаце запаліць сьвятло, але што зрабіць ў такой сытуацыі. Я адчуваю сябе такой бяздапаможнай”, – кажа Ана-Лі Ярон

Пачуцьці маладой ізраільцянкі адлюстроўваюць душэўны стан многіх людзей па ўсім сьвеце. У Японіі людзі занепакоеныя эканамічнай сытуацыяй і пагрозай ракетнай атакі з боку Паўночнай Карэі. У Велікабрытаніі і ЗША людзі баяцца новага тэракту накшталт 11 верасьня. У Іраку людзі баяцца вайны з ЗША. Навукоўцы з Мэдычнай школы ў штаце Нью-Джэрсы Афтан Гасэт і Леанард Зігель кажуць, што зараз “людзі жывуць у стане павышанай трывогі і бездапаможнасьці, у няясным чаканьні небясьпекі, якая можа прыйсьці бяз папярэджаньня ў любой форме і ў любы час”.

“Такія пачуцьці ня толькі непрыемныя, але і шкодныя для чалавечага здароўя. Яны аслабляюць імунную сыстэму, выклікаюць бяссонніцу і абвастраюць усе недамаганьні ад звычайнага прышча да язвы”, – лічаць навукоўцы. “Псыхалягічны стан трывогі закранае нас біялягічна”, – кажа псыхіятр Кэрал Лібэрман. “Людзі, якія хвалюцца, больш п’юць і больш ядуць. Яны часьцей трапляюць у розныя аварыі, ім часьцей пагражае прастуда ды інфаркт. Пачуцьцё трывогі можа літаральна паралізаваць чалавека, скараціць ягонае жыцьцё і нават забіць”.

Навукоўцы ведаюць, якім чынам стрэс і трывога ўзьдзейнічаюць на фізычнае здароўе чалавека. У выпадку працяглага стрэсу міндаліна ў цэнтры мозгу падштурхоўвае падбугор’е (гіпаталямус) да вытворчасьці гармону кортыкатрапін. Той, у сваю чаргу, пасылае сыгнал сьлізістай і адрэналіннай залозам, якія запускаюць у крывазварот гармоны стрэсу: адрэналін, норадрэналін і картызол, а тыя парушаюць натуральныя функцыі арганізму, такія як страваваньне ды імунная сыстэма. Паводле нэўроляга з Гарвардзкага ўнівэрсытэту Мартына Самуэлса, у прыватнасьці, норадрэналін дзейнічае як атрута на ўсе тканкі, але ў найбольшай ступені на сэрца. Вось таму ў 1991 годзе, у часе ірацкай атакі ракетамі СКАД, 100 чалавек памерлі не ад выбухаў, але ад інфаркту.

Таксама пасьля атакі 11 верасьня у жыхароў Нью-Ёрку праблемаў з сэрцам стала ўдвая больш. Сарэчна-сасудзістыя хваробы можа выклікаць таксама працяглае ўзьдзеяньне адрэналіну, нават у невялікіх дозах. Затое картызол аслабляе імунную сыстэму, і ў выніку людзі больш падатлівыя на інфэкцыі і нават рак. У выніку пашкоджаньня нэўрапераказчыкаў аслабляюцца таксама функцыі мозгу, у прыватнасьці, здольнасьць да запамінаньня. Калі нават не адбудзецца пашкоджаньня сэрца і мозгу, дык працяглы стрэс выявіцца інакш: у выглядзе болю галавы і цягліцаў, у дэзарыентацыі і бяссоньніцы, а таксама ў розных фобіях.

Чаму, аднак, некаторыя людзі, у тых жа неспрыяльных умовах і абставінах усё ж не паддаюцца стрэсу і фобіям? Гэта тлумачыцца фэномэнам так званага “тушэньня” (extinction). Кара галаўнога мозгу выклікае думкі, якія спаборнічаюць з дэструктыўнымі функцыямі міндаліны. Навукоўцы правялі экспэрымэнты на пацукох і прыйшлі да высновы, што можна заглушаць фобіі і жахі ў людзей, стымулюючы абарончыя працэсы ў іхным мозгу электрамагнітнымі імпульсамі.

Хаця існуе шэраг фармакалягічных сродкаў, людзей з фобіямі, на думку д-ра Дэвіда Барлоў з Бостанскага ўнівэрсытэту, трэба навучыць пераадольваць іх самім. Гэтаму служыць шэраг практыкаваньняў, якія Барлоў называе “прамаўленьнем да міндаліны”. Што тычыцца стрэсу, дык сьпярша яго трэба дакладна распазнаць. Што тычыцца барацьбы зь ім, дык эфэктыўным мэтадам ёсьць кантроль за сваім дыханьнем і паўтараньне на выдыху нейкага слова або фразы. Гэта супакойвае і зьніжае крывяны ціск. Д-р Рычард Дэвідсан з Унівэрсытэту Вісконсын даказаў, што надзвычай карысная мэдытацыя. Спэцыялісты таксама рэкамэндуюць ёгу. Паводле д-ра Тыматы Мак-Кола, складаныя позы, якія рэкамендуюцца ў ёзе, дазваляюць забыцца пра свае фобіі і ўнутраныя нелады, ня думаць пра найгоршае. Пажадана дзяліцца сваімі перажываньнямі і хваляваньнямі зь іншымі, добразычлівымі людзьмі. Дасьледаваньні з удзелам дзяцей паказалі, што станоўчы ўплыў маюць таксама некаторыя віды масажу, што дапамае рэзка зьнізіць ўзровень гармону стрэсу – картызолу.

Паводле навукоўцаў, у цяжкія часы трэба навучыцца радавацца таму, што дае нам жыцьцё, і знаходзіць асалоду ў тым, што мы маем. А на думку д-ра Лі Бэрка, выдатна зьніжаюць узровень гармонаў стрэсу забаўляльныя фільмы і спэктаклі. Сьмех – гэта наагул галоўнае, што мы можам супрацьпаставіць цяжкім часінам, у якіх нам прыйшлося жыць.

“Тытунь, алькаголь і наркотыкі штогод забіваюць па ўсім сьвеце ў сярэднім 7 мільёнаў чалавек, і з кожным годам гэтая лічба ўзрастае”. Аб гэтым у аўторак 25 лютага ў сталіцы Аўстраліі Канбэры паведаміў прафэсар Юрген Рэм, дырыктар швайцарскага Інстытуту прафіляктыкі наркатычнай і алькагольнай залежнасьці. Адной з прычынаў такой статыстыкі зьяўляецца бурнае пашырэньне гэтых дрэнных звычак у густа населеных краінах Паўдзённа-Ўсходняй Азіі з бурным разьвіцьцём эканомікі.

Юрген Рэм паведаміў, што ў адпаведнасьці з дасьледаваньнем, праведзеным Усясьветнай Арганізацыяй Здароўя, у 2000 годзе тытунь, алькаголь і наркотыкі былі непасрэднай або ўскоснай прычынай амаль 9% усіх выпадкаў хваробаў і няздольнасьці да працы. З прычыны курэньня ў 2000 годзе памерлі амаль 5 мільёнаў чалавек, на 1 мільён болей, чым ў 1990 годзе. Амаль 2 мільёны чалавек разьвіталіся з жыцьцём з прычыны цягі да алькаголю, прычым маштабы гэтай дрэннай звычкі асабліва трывожныя ў Расеі. Згодна з дасьледаваньнем, у такіх краінах, як Кітай і Тайлянд, алькаголь ёсьць асноўным фактарам рызыкі, апярэдзіўшы ў гэтым за апошняе дзесяцігодзьдзе тытунь. Навукоўцы лічаць, што эфэктыўным мэтадам барацьбы з курэньнем і п’янствам магло б быць рэзкае падвышэньне мытаў і падаткаў на цыгарэты і алькаголь.

Праблема тытуню і алькаголю турбуе таксама скандынаваў, у прыватнасьці, фінаў. Незважаючы на неверагодныя цэны, сярэднестатыстычны фін выпівае штогод амаль 12 літраў чыстага алькаголю. Штогод ад алькаголю ў Фінляндыі паміраюць 3 тысячы чалавек. Улады лічаць, што фіны могуць сьпіцца яшчэ болей, калі разам з далучэньнем да Эўразьвязу суседняй Эстоніі адкрыецца тамтэйшы рынак таннага алькаголю. Справа ў тым, што сёлета Гельсынкі вымушаныя прыстасавацца да нормаў Эўразьвязу і скасаваць абмежаваньні на ўвоз алькаголю і тытуню. Гэта значыць, што кожны фінскі турыст можа свабодна прывезьці для сваіх патрэбаў 40 пачак цыгарэтаў, 10 літраў сьпіртных напояў, 90 літраў віна і 110 літраў піва. Паводле папярэдніх ацэнак, у выніку такой лібэралізацыі фінскія ўлады страцяць 40% прыбытку, а з прычыны злоўжываньня алькаголем штогод дадаткова будуць паміраць каля тысячы фінаў.

Не падлягае сумневу, што алькаголь і тытунь, ня кажучы пра наркотыкі, шкодныя для здароўя. Аднак дзеля справядлівасьці трэба адзначыць, што гэтак званы нездаровы лад жыцьця шкодзіць далёка ня ўсім і не ў аднолькавай ступені. У панядзелак, 24 лютага, у Лэйкляндзе, штат Флярыда, ва ўзросьце 113 гадоў памёр найстарэйшы амэрыканец Джон Мак-Моран. Ён нарадзіўся 19 чэрвеня 1889 году ў штаце Мічыган і да сьмерці лічыўся чацьвертым з найстарэйшых людзей у сьвеце (зараз найстарэйшай у сьвеце лічыцца японка Камата Хонга, якой 115 гадоў). Толькі ў апошнія гады ў яго пачалі псавацца зрок і слых, аднак у цэлым, на думку сваякоў, цягам амаль усяго свайго даўгога жыцьця ён быў у дасканалай форме і пры сваім розуме. Толькі тыдзень перад сьмерцю яго завезьлі ў шпіталь ў сувязі з ускладненьнямі, зьвязанымі з пнэўманіяй. “Ён ніколі не хварэў”, – паведаміла 35-гадовая прапраўнучка МакМорана Лайза Экстан. Ейны прапрадзед пражыў даўгое жыцьцё, відавочна, таму, што быў чалавекам моцнага складу. Ён выкурваў шмат цыгарэтаў і цыгараў, а кінуў курыць толькі ў 97 гадоў. Акрамя таго, ён піў піва і любіў тлустую ежу. З асаблівай урачыстасьцю, як “эліксір жыцьця”, кожны раз перад ядою МакМоран выпіваў кубак кавы. “Для нас, для крэўных, гэта быў незвычайны чалавек”, – кажа ўнучка Мак-Морана.

А зараз-найноўшыя парады Real Age.

Калі Вы хочаце пахудзець і не вярнуцца да ранейшай вагі, уключыце ў свой дзённы рацыён здаровы тлушч. Дасьледаваньні паказалі, што людзі, якія прытрымліваюцца нізкакалярыйнай дыеты з памяркоўнай колькасьцю ненасычанага тлушчу, згубілі болей вагі за тых, хто спажываў прадукты, амаль пазбаўленыя тлушчу. Гэтак званы здаровы тлушч – гэта расьлінны алей, алей з алівак, арэхаў і арахісавага масла, які, паводле навукоўцаў, выдатна зьмяншае рызыку сардэчна-сасудзістых хваробаў.

Адносна лёгка Вы можаце падоўжыць сваё жыцьцё, спажываючы заміж чыпсаў і крэкераў соевыя арэхі. Як мінімум 25 грамаў соевага пратэіну ў дзень выдатна зьніжае ўзровень гэтак званага “дрэннага” халестэрыну, што, у сваю чаргу, зьмяншае рызыку сардэчна-сасудзістых хваробаў. З 7-гадовага дасьледаваньня японскіх навукоўцаў вынікае, што людзі, якія рэгулярна і ў значнай колькасьці ядуць сою ў любым выглядзе, жывуць у сярэднім на 6 гадоў даўжэй.

Спрабуйце не злоўжываць вітамінам А, бо празьмерная яго колькасьць робіць косткі больш ломкімі. Дзённая доза не павінна перавышаць 8 тысячаў міліграмаў. Вітамін А пажадана замяняць вітамінамі С і E, якія зьяўляюцца выдатнымі антыаксыдантамі. Заміж вітаміну А лепш прымаць бэта-каратын, які ў разе патрэбы ператвараецца ў арганізьме ў вітамін А. Багатыя бэта-каратынам абрыкосы, персікі, нэктарыны, мускусная дыня і салодкая бульба.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG