Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МУС Беларусі: разганяць дэманстрантаў мы ў Нямеччыне не вучыліся


Управа інфармацыі і грамадзкіх сувязяў МУС Беларусі 29 жніўня абвергла інфармацыю нямецкіх СМІ пра тое, што ў межах супрацоўніцтва зь Нямеччынай праводзіліся практычныя заняткі па «акружэньні дэманстрантаў» і «ліквідацыі масавых беспарадкаў».

«Не адпавядаюць сапраўднасьці і распаўсюджаныя сьцьвярджэньні пра тое, што беларускія праваахоўнікі забясьпечваліся нямецкім бокам нейкімі спэцсродкамі, у прыватнасьці „шлемамі, шчытамі і дубінкамі“, — гаворыцца ў паведамленьні МУС. — Разам з тым паліцыя Нямеччыны аказвала садзеяньне ў аснашчэньні некаторых міліцэйскіх аддзелаў кампутарамі і аргтэхнікай. У прыватнасьці, былі абсталяваныя клясы ў Міжнародным навучальным цэнтры падрыхтоўкі, павышэньня кваліфікацыі, перападрыхтоўкі кадраў у сфэры міграцыі і супрацьдзеяньня гандлю людзьмі (Менск, Акадэмія МУС)».

МУС зазначае, што супрацоўніцтва з аддзеламі паліцыі Нямеччыны ў 2009–2010 гадах ажыцьцяўлялася «пры выкананьні нацыянальных заканадаўстваў абедзьвюх дзяржаў, норм і прынцыпаў міжнароднага права, палажэньняў двухбаковых і шматбаковых міжнародных дамоваў».

Супрацоўніцтва ажыцьцяўлялася па наступных асноўных кірунках: супрацьдзеяньне нелегальнаму аўтабізнэсу; барацьба зь нелегальнай міграцыяй; апэратыўны аналіз; ахова грамадзкага парадку пры правядзеньні футбольных і хакейных матчаў; вывучэньне асаблівасьцяў працы рэгіянальных аддзелаў; арганізацыя працы паліцэйскіх участкаў для часовага ўтрыманьня арыштаваных.

Было праведзена каля 50 сумесных мерапрыемстваў.

Апрача таго, паводле паведамленьня МУС, сумесная праца беларускіх і нямецкіх праваахоўнікаў па выкрыцьці міжнародных злачынных груп «мела месца і ў 2011 годзе». «Яркім прыкладам можа служыць выкрыцьцё банды, якая дзейнічала на тэрыторыі Нямеччыны, Літвы, Польшчы і Беларусі. Яе членамі былі ўчынены 34 узброеныя разбойныя напады на банкі з крадзяжом больш як 800 тыс. эўра», — гаворыцца ў паведамленьні.

Раней нямецкія СМІ паведамілі аб перадачы Менску каля 100 камплектаў міліцэйскай амуніцыі і назіраньні беларускімі сілавікамі за разгонам нямецкай паліцыяй удзельнікаў акцыі пратэсту супраць транспарціроўкі цягніка з радыеактыўнымі адходамі. Апазыцыйныя партыі запатрабавалі тлумачэньняў у МУС і заявілі аб неабходнасьці слуханьняў у профільным камітэце бундэстагу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG