Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўніцтва МУС земляў ФРГ дае тлумачэньні наконт супрацы зь Беларусьсю


Ілюстратыўнае фота
Ілюстратыўнае фота
Нямецкія журналісты працягваюць расьсьледаваць тэму скандальнай супрацы паміж сілавікамі Нямеччыны і Беларусі. Свае тлумачэньні мэдыям далі міністэрствы фэдэральных земляў Саксонія і Райнлянд-Пфальц.

Паводле дрэздэнскага выданьня Sächsische Zeitung, фэдэральнае міністэрства ўнутраных спраў ФРГ невыпадкова даручыла Саксоніі навучаць беларускіх амапаўцаў: менавіта саксонскія асобыя паліцэйскія фармаваньні маюць шырокі досьвед забесьпячэньня бясьпекі ў грамадзтве і актыўна супрацоўнічаюць у гэтых пытаньнях з маладымі дзяржавамі Сярэдняй і Ўсходняй Эўропы.

Як паведамілі Sächsische Zeitung у штаб-кватэры дрэздэнскай паліцыі, на пачатку 2010 году дэлегацыя нямецкіх сілавікоў на чале з кіраўніком саксонскага паліцэйскага спэцназу наведала Менск і правяла перамовы зь беларускімі калегамі.

Размова ішла пра стажыроўку беларускіх міліцыянтаў у сфэры забесьпячэньня бясьпекі падчас вялікіх спартовых мерапрыемстваў у сувязі з чэмпіянатам сьвету па хакеі — 2014 у Беларусі. Было вырашана, што на навучаньне ў Саксонію накіруюць некалькіх кіраўнікоў беларускай міліцыі.

Дрэздэнская паліцыя адказвала за навучаньне прадстаўнікоў спэцназу міліцыі. Немцы перадалі беларусам свой досьвед блякаваньня шматтысячнай бойкі паміж нэанацыстамі і левымі, якая адбылася ў лютым 2010 году ў Дрэздэне падчас дэманстрацыі з нагоды 66-й гадавіны бамбаваньня гораду авіяцыяй саюзьнікаў. Тады нямецкія паліцыянты выкарысталі сьлезацечны газ і вадамёты.

Другая беларуская стажыроўка ў Саксоніі адбылася ў лістападзе 2010 году. Гэта было назіраньне за тым, як нямецкія паліцыянты суправаджаюць цягнік зь ядзернымі адкідамі з Францыі ў сховішча ў нямецкім мястэчку Горлебэн. Ядзерныя адкіды транспартуюцца ў адмысловых кантэйнэрах маркі Castor.

Штогод у гэтай сувязі ў Францыі ды Нямеччыне праводзяцца масавыя акцыі пратэсту пад лёзунгам «Спынім Castor-перавозкі». Гэтыя акцыі ствараюць сур’ёзныя праблемы для нямецкай паліцыі. У суправаджэньні такіх цягнікоў задзейнічаюцца прыкладна 20 тысяч паліцыянтаў.

Таксама восеньню 2010 году саксонскія паліцыянты разам з калегамі зь іншай фэдэральнай зямлі — Бадэн-Вюртэмбэрг — чарговым разам наведалі Менск, каб правесьці трэнінг па пытаньнях магчымых захадаў бясьпекі падчас хакейнага чэмпіянату сьвету 2014 году.

Як вынікае з тлумачэньняў кіраўніцтва дрэздэнскай паліцыі выданьню Sächsische Zeitung, супраца паміж саксонскімі і беларускімі сілавікамі скончылася ў лістападзе 2010 году. Фінансавалася яна за кошт фэдэральнага міністэрства ўнутраных спраў у Бэрліне. Ніякім узбраеньнем кшталту дручкоў, бронекамізэлек і шчытоў, пра што пісала выданьне Bild, саксонская паліцыя беларусаў не забясьпечвала.

Тым часам аглядальнікі інфармацыйнага агенцтва DPA і аднаго з самых аўтарытэтных нямецкіх выданьняў Frankfurter Allgemeine не выключаюць, што падобнае паліцэйскае ўзбраеньне магло накіроўвацца ў Менск празь іншыя зямельныя ведамствы або празь Зьвяз асобых атрадаў паліцыі.

У сувязі з гэтым журналісты запатрабавалі тлумачэньня ў іншых рэгіянальных міністэрстваў. Сёньня пра свой няўдзел у супрацы зь беларускімі сілавікамі нямецкім СМІ заявіла кіраўніцтва іншай фэдэральнай зямлі — Райнлянд-Пфальц. У міністэрстве ўнутраных спраў гэтай зямлі ў Майнцы падкрэсьлілі, што яны ня маюць ніякага дачыненьня да паставак у Менск кампутарнага ды відэаабсталяваньня, а пагатоў дубінак ды шчытоў.

Паводле апошняй інфармацыі, зьмешчанай у нямецкіх выданьнях, фінансаваньне «беларускага праекту» склала прыкладна 200 тысяч эўра.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG