Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Джон Суіні: Я не скідаў плюшавага мядзьведзя. Я скінуў кніжку


Джон Суіні п’е піва ў Менску. За сьпінай у яго будынак КДБ Беларусі.
Джон Суіні п’е піва ў Менску. За сьпінай у яго будынак КДБ Беларусі.

Джон Суіні, аўтар скандальнага рэпартажу ВВС зь Беларусі пра катаваньні і парушэньні падчас сьледзтва і суду аб выбуху ў менскім мэтро, выпусьціў электронную кнігу пра беларускі рэжым пад назвай «Big Daddy. Lukashenka — Tyrant of Belarus» («Бацька. Лукашэнка — тыран Беларусі»). Сярод іншага, Джон Суіні рэзка скрытыкаваў Інтэрпол за падтрымку афіцыйнага беларускага расьсьледаваньня тэракту ў мэтро.

Журналіст ВВС Джон Суіні пабываў у Беларусі празь некалькі месяцаў пасьля пакараньня сьмерцю Дзьмітрыя Канавалава і Ўладзіслава Кавалёва, асуджаных за тэракт у менскім мэтро. Ён прыехаў без афіцыйнай акрэдытацыі МЗС, працаваў патаемна. Усьведамляў, што яго могуць затрымаць і дэпартаваць. Але гэтага ня здарылася. У часе камандзіроўкі Джон Суіні наведаў Віцебск і сустрэўся з маці аднаго з асуджаных за менскі тэракт Любоўю Кавалёвай. З кім яшчэ гутарыў брытанскі журналіст, ён казаць адмаўляецца.

Пасьля паездкі Джон Суіні зрабіў перадачу пра Беларусь для праграмы «Катаваньні ў 21-м стагодзьдзі», якая таксама была разьмешчаная на сайце ВВС. Апрача таго, Суіні напісаў артыкул «Катаваньні 21 стагодзьдзя: жыцьцё пад апошняй дыктатурай Эўропы» ў газэту The Independent, падрыхтаваў тэлеперадачу, якая пойдзе ў эфір у гэтыя выходныя, і напісаў кнігу:

«Яшчэ я напісаў кнігу, яна называецца «Big Daddy». Гэта кароткая кніга, на 25 тысяч слоў, пра Лукашэнку — тырана Беларусі. Яе прадаюць на «Амазоне».


Вокладка кнігі "Big Daddy. Lukashenka – Tyrant of Belarus" ("Бацька. Лукашэнка – тыран Беларусі")
Вокладка кнігі "Big Daddy. Lukashenka – Tyrant of Belarus" ("Бацька. Лукашэнка – тыран Беларусі")


Big Daddy — гэта значыць «Бацька», Лукашэнка называе сябе «бацькам», што я па-ангельску пераклаў як Big Daddy. Зараз гэтую кнігу перакладаюць на расейскую мову. А пакуль што яна даступная толькі па-ангельску. Яна каштуе два фунты».

Джон Суіні сказаў, што добра інфармаваны пра інцыдэнт з плюшавымі мядзьведзямі, якіх у ліпені скінулі на Беларусь швэдзкія пілёты:

«Я ж пакінуў майго плюшавага мядзьведзіка дома. Я не скідаў плюшавага мядзьведзя. Я скінуў кніжку».

У кнізе даволі падрабязна апісана, як Джон Суіні ажыцьцявіў сваю паездку ў Беларусь, як ён перасякаў мяжу варшаўскім цягніком, хто і як яму дапамагаў, але прозьвішчы зьмененыя. Аўтар напісаў у кнізе прысьвячэньне: «Памяці Дзімы Канавалава і Ўлада Кавалёва, застрэленых у 2012-м».

«Гэта кніга пра маю паездку ў Беларусь, пра зьнікненьні палітыкаў, пра разгон Плошчы 2010 году і выбух у мэтро, расьсьледаваньне якога пакінула сумневы адносна таго, ці не стаяў за бомбай КДБ?»

Джон Суіні ў інтэрвію «Свабодзе» адмовіўся казаць, з кім ён сустракаўся ў Беларусі, апрача Любові Кавалёвай, якая і натхніла яго напісаць кнігу:

«Я мяркую, што яна вельмі незвычайная, адважная жанчына. І тое, што яна мне распавяла, што яе сын і Дзіма Канавалаў невінаватыя, гучыць пераканаўча. Я ня ведаю, я ня быў там. Але, на маю думку, доказы, якія прадставілі ўлады, не вытрымліваюць крытыкі, у іх поўна несупадзеньняў. І я не магу зразумець, чаму міжнародны службовец, генэральны сакратар Інтэрполу Рональд Ноўбл становіцца на бок паліцэйскай дзяржавы. Так што мае пытаньні да яго застаюцца. Маё пытаньне простае: ці магчыма, што Ўлада і Дзіму ў ізалятары КДБ, у „амэрыканцы“, катавалі і яны маглі прызнацца ў тым, чаго не рабілі? Ці магчыма гэта? І да гэтага часу ў мяне няма адказу на гэтае пытаньне».

Спадар Суіні зазначыў Свабодзе, што адказ Інтэрпола на ягоны артыкул яго зусім не пераканаў. У яго засталіся пытаньні да Рональда Ноўбла, які ў траўні 2011-га падтрымаў афіцыйную пазыцыю Менску ў справе аб выбуху ў мэтро. Джон Суіні паведаміў, што ён накіраваў у Інтэрпол шэраг важных пытаньняў у гэтай справе і ўсё яшчэ чакае адказаў.

Джон Суіні прызнаўся, што хацеў бы яшчэ раз прыехаць у Беларусь і перакананы, што тут яго будзе чакаць «цёплы прыём».

Джон Суіні працуе на ВВС з 2001 году, да таго 12 гадоў быў рэпартэрам The Observer, асьвятляў войны, паўстаньні і рэвалюцыі ў 60 краінах, у тым ліку ў Чачні, Босьніі, Альжыры, Зымбабвэ, спрыяў вызваленьню сямі непраўдзіва засуджаных. Ляўрэат шматлікіх журналісцкіх прэміяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG