Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жонка Бяляцкага паскардзілася ў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў


Натальля Пінчук, жонка палітвязьня, праваабаронцы Алеся Бяляцкага зьвярнулася ў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў МУС са скаргай на рашэньне адміністрацыі Бабруйскай калёніі пакараць яе мужа за парушэньне ўнутранага рэжыму.

Натальля Пінчук паведаміла «Свабодзе»: «Мне стала вядома, за што на Алеся наклалі апошняе пакараньне, з-за якога яго пазбавілі доўгатэрміновага спатканьня і залічылі ў „злосныя парушальнікі“ — ён заснуў удзень, што ў іх лічыцца значным парушэньнем. Аднак выявілася, што Алесь прымае лекі ад ціску, якія спараджаюць санлівасьць. Гэтыя лекі яму выпісаў лекар у калёніі афіцыйна, бо ў яго павялічваюцца праблемы са здароўем. Атрымліваецца, зараз перад Алесем дылема: альбо прымаць лекі, рызыкуючы тым, што ён можа зноў заснуць, альбо не прымаць і паглыбляць хваробу. Бо зразумела, што праблемы зь ціскам маюць тэндэнцыю да разьвіцьця, калі не рабіць захадаў».

Натальля Пінчук просіць зьмяніць рашэньне аб пакараньні яе мужа на мякчэйшае. У Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў скаргу жонкі Алеся Бяляцкага Натальлі Пінчук прынялі і сказалі, што адказ яна атрымае праз 15 дзён.

Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі асуджаны на 4,5 года турмы ў лістападзе летась. Яго прызналі вінаватым у няплаце падаткаў. Праваабаронца сваёй віны не прызнаў і заявіў, што ўсе грошы, атрыманыя на ягоныя рахункі, ішлі на праваабарончую дзейнасьць.

Падставай для крымінальнага перасьледу Бяляцкага стала інфармацыя пра банкаўскія рахункі, якую перадалі афіцыйнаму Менску Літва і Польшча.

Краіны Эўразьвязу, ЗША і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі лічаць Бяляцкага палітвязьнем, а прысуд яму — палітычна матываваным. Яны патрабуюць ад уладаў Беларусі вызваліць праваабаронцу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG