Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвірко: Гісторыя з FEMEN ня зьменіць стаўленьня ўкраінцаў да Беларусі


Юры Сьвірко
Юры Сьвірко

Як інцыдэнт з актывісткамі ўкраінскага жаночага руху «Femen» можа паўплываць на беларуска-ўкраінскія адносіны? Які рэзананс ва Ўкраіне можа атрымаць гэтая гісторыя? На гэтыя пытаньні адказвае з Кіеву журналіст Юры Сьвірко.

Цыганкоў: Як інцыдэнт з актывісткамі ўкраінскага жаночага руху «Femen» можа паўплываць на беларуска-ўкраінскія адносіны? Пасьля такога рэзанансу ў прэсе, выглядае, што ўкраінскім палітыкам ня ўдасца абмінуць гэтую падзею...

Сьвірко: Магчыма, і ўдасца. Бо, адказваючы коратка на ваша пытаньне, я б сказаў — «ніяк не паўплывае».

Калі ж адказаць больш разгорнута, то пасьля таго як Украіна даведалася пра пэўную «вашывасьць» украінскай улады (пра што казаў Аляксандар Лукашэнка), пасьля таго як кантакты на высокім узроўні прыпыненыя (апошні раз Лукашэнка прыяжджаў сюды яшчэ да прэзыдэнта Юшчанкі), і пасьля таго як украінскае грамадзтва зь Вікілікс даведалася пра сытуацыю вакол вёскі Янукі на Віцебшчыне (дзе Януковіч раздаваў даляры мясцовым жыхарам, а Лукашэнка зрабіў яму вымову з гэтай нагоды, сказаўшы, што ён у Беларусі адзіны гаспадар) — то ва Ўкраіне даўно ўсе разумеюць, што да Лукашэнкі лепш ня лезьці.

Другі момант — рух «Femen» зараз выходзіць на міжнародны ўзровень. Прадстаўніцы гэтага руху ўжо выступалі ў Швэйцарыі, Францыі на розных тэлешоў. Апошнім выпадкам было тое, што яны спрабавалі распрануцца перад Папам Рымскім, і былі затрыманыя італьянскай паліцыяй. Таму Ўкраіна прызвычаілася да розных інцыдэнтаў з гэтым рухам за мяжой.

Таму я і кажу, што асаблівых заяваў ня будзе. МЗС Украіны, якое рассылае свае прэс-рэлізы наконт затрыманьняў украінскіх маракоў нейкімі піратамі, сёньня нічога на тэму «Femen» не распаўсюджваў.

Цыганкоў: Але ў адрозьненьні ад Беларсі ў Італіі актывістак руху не адвозілі ў лес, ня зьдзекваліся зь іх. Вы казалі пра нязначныя палітычныя наступствы. Але як гэта гісторыя можа паўплываць на стаўленьне ўкраінскага грамадзтва? «Femen» ва Ўкраіне многія могуць не любіць, але тут былі закранутыя правы проста грамадзянак Украіны.

Сьвірко: Украінскае грамадзтва зараз занепакоенае іншымі праблемамі. Гэта найперш газавая вайна з Расеяй, гэта суд над Юліяй Цімашэнкай. Думаю, нават гэты выпадак ня зьменіць агульнага стаўленьня ўкраінцаў да Беларусі. Усе ведаюць, што ў Беларусі ёсьць КДБ, што ён можа зрабіць усё, што заўгодна. Усё-такі дзяўчыны жывыя, і калі яны вярнуцца на бацькаўшчыну, украінская бацькаўшчына адразу ж пра гэта забудзе.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG