Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Антаніна Хатэнка: «Людзі выбралі іншую форму маўленьня — рукамі»


Антаніна Хатэнка
Антаніна Хатэнка
Іх хапаюць на вуліцах і плошчах, іх цягнуць у аўтазакі, іх дапытваюць у пастарунках і судах… Больш за 1500 чалавек па ўсёй Беларусі былі затрыманыя падчас маўклівых акцый пратэсту цягам апошняга месяца. Хтосьці заўтра гатовы выйсьці зь імі поплеч, хтосьці ня згодны з абранай імі формай змаганьня… Якія маўклівыя формы пратэсту знайшлі адлюстраваньне ў творах клясыкаў беларускай літаратуры? І што азначае рукаплясканьне ў культурнай рытуалістыцы сьвету? На гэтыя ды іншыя пытаньні адказвае пісьменьніца і этнакультуроляг Антаніна Хатэнка.

— Антаніна, у самай галоўнай Кнізе сказана: «Спачатку было Слова…» І клясыкі беларускай літаратуры ад чысоў нашаніўскіх будзілі народ да жыцьцядзейнасьці менавіта словам. «Гэта крык, што жыве Беларусь!» — пісаў Янка Купала. А што можна выказаць маўчаньнем?

— Але ж тое Слова адпачатнае — таксама ж не было прамоўленым, уматэрыялізаваным. Яно было энэргіяй, імпульсам, зьвівам думкі. І маўчаньне — насамрэч зусім ня глухасьць, а ці не найвышэйшая форма пратэсту, супраціву. Гляньма: на пахаваньнях і памінках адны галосяць, а іншыя маўчаць, нібыта скмянеўшы. Гэтак чалавек адпрэчвае сьмерць, разбурэньне, забраньне ў іншы сьвет, незразумеласьць самой зьявы паміраньня. Але адначасна гэтак ён і мацуецца, набірае трываньня — ад зямлі і з прасторы. Бо толькі ў маўчаньні напоўніцу адбываецца ўсяленская зьява паяднаньня ўсяго з усім, складаецца жывая Цэласьць. І адкрываецца таемства нябачнага фізычным зрокам. Учыняецца мэдытацыя. У старажытным Эгіпце перш чым прыняць пасьвячэньне ў сьвятарства, патрабавалася прайсьці праз многія выпрабаваньні-ініцыяцыі. І адным з найскладаных якраз было 21-дзённае маўчаньне — засяроджаньне на сабе глыбінным, сузіраньне свайго сакральнага сьвету.

— Я слухаў вас, і мне міжволі ўспомніліся радкі народнага паэта Рыгора Барадуліна: «Маўчыць мудрэц — маўчыць народ. Маўчаць яго чарга. Мудрэц адкрыў нарэшце рот, і паўтарае ўвесь народ — мудрэц сказаў: — Ага!» Дык можа, народ на пляцах маўчыць, бо ня чуе свайго мудраца, свайго лідара?

— Народ на пляцы маўчыць, выказваючы сваю векавую мудрасьць, якую пакуль ад яго імя не рызыкнуў выказаць публічна лідар.
Народ на пляцы маўчыць, выказваючы сваю векавую мудрасьць, якую пакуль ад яго імя не рызыкнуў выказаць публічна лідар.
Пратэстоўцы, пераважна маладыя людзі, дэманструюць, паказваюць самім сабе, краіне і сьвету, што не заняпаў дарэшты голас гэтай зямлі і тых, хто спрадвек жыве на ёй. Пазбаўленыя права гаварыць праўду, пахіленыя гвалтоўна да маны, людзі выбралі інакшую форму маўленьня — рукамі. Успамінаецца відушчы Купала: «Курганы шмат чаго нам гавораць». І сапраўды, маўклівыя курганы маюць сваю мову і сваю памяць. Вось і беларус нарэшце схамянуўся і скеміў: чым даводзіць нешта глухім — зьнявечанай нацыянальнай мовай, ня чуючы паяднаньня — праз рознасьць ужываных моваў, лепей моўчкі пляскаць у далоні. І маўчаньне гэтае, між тым, вельмі красамоўнае. Так паўстае дух. І патрабуе, як у Купалы ў паэме «На куцьцю»: «Аддайце сонца наша нам! Аддайце славу нашу нам! Аддайце песьню нашу нам! Нашто схавалі-расхапалі?». Як ва Ўладзімера Някляева: «Вярніце герб, вярніце сьцяг!». Вось і выходзіць, што панямелыя ў безнадзеі людзі нарэшце вынайшлі сваю, інакшую ад вэрбальнай, форму волевыяўленьня і ўсьлед за літаратурай, па-купалаўску «забраны край клічуць паўстаць».

— І яшчэ адзін знакавы твор беларускай літаратуры мне прыгадваецца — прыпавесьць Васіля Быкава «Тры словы нямых». Памятаеце? «Народ быў нямы. Жыў на вялікай высьпе сярод акіяну, ніякіх сувязяў зь іншымі выспамі ня меў, і думаў, што ўсе астатнія народы, якія недзе жывуць, таксама нямыя». І вось калі на загад Вялікага Дэмагога паліцыянты зьбіваюць на плошчы аднаго нямога, ён раптам расьціскае вусны і кажа тры словы: «Каб вы здохлі!» Якімі словамі, на вашу думку, мае перарвацца маўчаньне на вуліцах і плошчах?

— Гэтае слова, праклённае, ужо ціха, як некалі прывід камунізму, блукае між нас — ШОС. І як ні дзіўна, азначае яно тое самае, што прамовіў быкаўскі нямотнік. Толькі на скажонай ужо мове, якая запаланіла ўсю краіну. Здаецца, мінаецца той цёмны час, які зноў жа Купала дакладна акрэсьліў словамі : «Яны, як цені ў грамадзе, маўчаць і йдуць на пір паганы». Дык нарэшце нехта не пагаджаецца ісьці на пір паганы. І ў народзе, што «прамаўчаў сваю дзяржаву», як вызначыў Някляеў, заварушылася нешта годнае — хоць пакуль безназоўнае: «Спачатку яно шалясьцела, вельмі нясьмела…». А потым… потым «схаваная сіла паўстала бурай, навалай». І гэтае маўклівае зьяднаньне, гэты нязмоўклы рукаплёскат, мабыць, прарвуць нарэшце збалелую сытуацыю непаразуменьня, адчаю і занурэньня: дзе мы, хто мы, і што з намі будзе.

— Як вы слушна заўважылі, маўчаньне на акцыях пратэсту адноснае — гучаць жа аплядысмэнты, рухаюцца рукі. Гэта як у плястычным тэатры — усё зразумела і бяз словаў. Але аплядысмэнты, як і маўчаньне, можна тлумачыць дваяка. Чаму ж улада ўспрымае іх адназначна — як нейкі мінус сабе?
Ва ўсходніх культурах аплядысмэнтамі выганяюць нячыстую сілу, расчышчаюць прастору ад цяжкіх, нячыстых энэргій.

— Плясканьне ў далоні, дарэчы, — вельмі архаічная магічная зьява. Ва ўсходніх культурах аплядысмэнтамі выганяюць нячыстую сілу, расчышчаюць прастору ад цяжкіх, нячыстых энэргій. І дзеці — яшчэ тонкія, чуйныя і чыстыя — генэтычна захоўваюць гэту інфармацыю па ўсёй плянэце: яны пляскаюць у ладкі, распырскваючы паўсюль радасьць, гэткім чынам засланяючыся ад дарослых праблемаў і няўдаліцаў. А наконт успрыманьня ўладаў… Дык у страху ж вочы вялікія. Вунь раварыстаў затрымалі пасярод сталічнага праспэкту, бо іх было больш за трох. Ці нядаўна я зьбірала ля аўтобуса, каб ехаць на цукеркавы фэст у Івянец, людзей — таксама зьявілася міліцэйская брыгада: зашмат людзей разам. Нас гэтак разьядноўваюць, разьмяжоўваюць, раскідаюць па сваіх маўклівых кутах, у якіх сапраўды бывае шэра і самотна. Гэткім чынам мы апынуліся на парозе, калі «мову карчуюць чужыя паны», як тое бачыла блізу стагодзьдзя таму Ларыса Геніюш, а чалавек насуперак зьдзеку вынаходзіць інакшую мову — мову жэстаў і гукаў. І прыцягвае ў сваё гулкае кола ўсё больш адкрытых і жыцьцярадасных аднадумцаў, якія ня хочуць заставацца на сваёй зямлі недалэнгамі, забітымі па сваіх канурах на ціхае зьнікненьне. Але ж умольваў калісьці клясык: «Шануйце ж мову нашу, беларускую, каб ня ўмёрлі». Мабыць, рукаплясканьнем мы ўсе разам выклічам і мову жывую на вусны — на ўсіх адну, як распарадзіўся для кожнага народу Бог. А цяпер пакуль мова іншая. І карціць запытаць па-купалаўску: «Чаго вам хочацца, панове, які вас выклікаў прымус забіць трывогу аб той мове, якой азваўся беларус?».
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG