Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы жодзінскі сьледчы Андрэй Пыжык вымушаны хавацца за мяжой


Андрэй Пыжык
Андрэй Пыжык
На відэапартале YouTubе зьявіліся сьведчаньні былога сьледчага з Жодзіна Андрэя Пыжыка пра парушэньне законнасьці ў Беларусі. У мінулым месяцы падпалкоўнік міліцыі Мікалай Казлоў прызнаў грубыя фальсыфікацыі падчас парлямэнцкіх выбараў. А зараз капітан міліцыі Пыжык паведаміў, як яго прымушалі весьці крымінальную справу на былога воіна-аўганца Аляксандра Камароўскага, калі той вылучаўся кандыдатам у Жодзінскі гарсавет. Сьледчы Пыжык закрыў крымінальную справу, пасьля чаго ўлады зь ім расправіліся — звольнілі з органаў міліцыі.

Пасьля звальненьня з жодзінскай міліцыі Андрэй Пыжык вымушаны быў зьехаць за мяжу, бо расправіліся ня толькі зь ім, але яшчэ і зь ягоным братам, таксама капітанам міліцыі Канстанцінам Пыжыкам. Старшыня грамадзкага аб’яднаньня вэтэранаў вайны ў Аўганістане Аляксандар Камароўскі, якому ў кастрычніку 2008 году падкінулі фальшывыя даляры (капітан Пыжык закрыў менавіта гэтую справу), распавёў:

Аляксандар Камароўскі
«Ён клясны хлопец. Ён адразу зразумеў усё. Ён мяне наагул пацярпелым прызнаў. Ягоныя начальнікі адурэлі, яны яго забіць гатовыя былі. Гэта найсумленьнейшы афіцэр. Яны, два браты: капітаны міліцыі Андрэй і Канстанцін. І другога звольнілі з-за яго. Брат яго ў Смалявічах працуе. Яны абодва цудоўныя хлопцы».

На капітана Пыжыка ціснула ня толькі мясцовае начальства. Са сталіцы прыехаў намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Анатоль Рубінаў, які заявіў, што Камароўскі павінен сядзець у турме. Але сьледчы праявіў прынцыповасьць, за што і паплаціўся.

Кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Волчак на пытаньне, ці шмат прыстойных, сумленных людзей — у праваахоўных органах, адказаў так:

Алег Волчак
«На шараговым узроўні іх дастаткова — прынцыповых, прыстойных і сумленных людзей. Крыху вышэй з гэтым паскладаней будзе, таму што іх пасада ўжо абавязвае плян даваць па раскрыцьці злачынстваў, па кантролі над апазыцыяй. Але ў чым тут праблема? Усе гэтыя мужыкі-афіцэры, на жаль, ня могуць адкрыта ўсё заявіць, пакуль яны на службе, таму што гэта сыстэма вельмі жорстка падаўляе».

Аляксандра Камароўскага сьведчаньні былых міліцыянтаў Казлова і Пыжыка вельмі ўразілі. Ён лічыць, што гэта стане прыладам для іншых супрацоўнікаў праваахоўных органаў:

«Зараз пойдзе вал, усплёск будзе. Падпалкоўнік Казлоў добры прыклад паказаў».

Карэспандэнтка: «На вашу думку, у сілавых структурах шмат сумленных людзей?»

«Так, шмат прыстойных афіцэраў ёсьць. Да мяне неафіцыйна падыходзілі хлопцы, маім лёсам цікавіліся. Шмат нармальных. Але ёсьць і мярзотнікі. У асноўным мярзотнікі ў вышэйшых эшалёнах. І што характэрна — яны адразу сыходзяць на павышэньне, вось гэтыя нягоднікі. Абодва, што ў хату мне падкінулі фальшывую валюту, пайшлі на павышэньне. Аднаго нават у Менск забралі».

На думку і Аляксандра Камароўскага, і Алега Волчака, прызнаньне былога сьледчага Андрэя Пыжыка — гэта чарговы сыгнал праваахоўным органам, што баяцца ня трэба. Алег Волчак працягвае:

«Вось чалавек на сваім уласным прыкладзе паказаў: так, у яго праблемы ўзьніклі, але ў яго сумленьне чыстае — ён не засадзіў чалавека, не паламаў лёс. Я думаю, нічога тут пракуратура расьсьледаваць ня будзе».

Карэспандэнтка: «Таксама, як і па сьведчаньні падпалкоўніка Казлова?»

«Так, як і па Казлову. Канечне, добра было б, каб яны заяўлялі пра гэта ўсё пры пасадах, альбо, прынамсі, як падпалкоўнік Казлоў, адкрыта. І каб было такіх пяць, дзесяць выпадкаў заяваў падпалкоўнікаў, былі б сьведчаньні і іншых».

Напярэдадні выбараў кандыдаты ў прэзыдэнты Ўладзімер Някляеў і Мікола Статкевіч зьвярнуліся да вайскоўцаў і афіцэраў сілавых структур з просьбай падчас выбараў захаваць гонар і ня даць уцягнуць сябе ў злачынствы.




Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG