Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трэцяе звальненьне за ролік «Бабуля-2010»


Алег Ануфрыенка
Алег Ануфрыенка
З БДУ адлічылі студэнта 5 курсу Інстытуту журналістыкі Алега Ануфрыенку, які выконваў ролю ўнука ў роліку «Бабуля-2010». Гэта ўжо трэцяя ахвяра з творчага калектыву колькасьцю ў пяць чалавек.

Празь некалькі дзён пасьля зьяўленьня роліка пра ўнука, які вырашыў схаваць бабулін пашпарт, калі ў хату прыйшлі зборшчыкі подпісаў за кандыдата ў прэзыдэнты Жырафенку, звольнілі з працы рэжысэра роліка Яўгена Шапчыца. Яўген працаваў у Белтэлерадыёкампаніі відэаінжынэрам мантажу. 1 сьнежня звольнілі выканаўцу ролі зборшчыка подпісаў Паўла Бандзіча, які працаваў кіраўніком тэатральнай студыі ў Міжнародным экалягічным унівэрсытэце імя Сахарава.

14 сьнежня студэнту-пяцікурсьніку Алегу Ануфрыенку паведамілі пра яго адлічэньне з журфаку БДУ… Гутару з рэжысэрам роліку Яўгенам Шапчыцам:

Карэспандэнтка: «Ці засталіся яшчэ працуючыя з вашай каманды? Можна чакаць яшчэ наступстваў?»

«Напэўна, не. Акторка наша, Ганна Іванаўна, што выконвала галоўную жаночую ролю і таксама раней працавала на тэлебачаньні, рабіла гістарычныя, культурніцкія праграмы на беларускай мове, яна ўжо на пэнсіі. А той, хто застаўся апошнім, і так беспрацоўны…»

Карэспандэнтка: «Гэта хто?»

«Ну, там усяго 5 актораў, няцяжка падлічыць…»

Карэспандэнтка: «А, той, што ў майтках на лесьвічнай пляцоўцы паліць?»

«Не-не, яшчэ адзін застаўся. Пра таго я нават забыўся… „Партрэтатрымальнік“, ён у нас беспрацоўны…»

Пяцікурсьніка журфаку Алега Ануфрыенку адлічылі заднім днём, яшчэ 15 кастрычніка. Паводле афіцыйнай вэрсіі дэканату — за пропускі заняткаў. Алег заўсёды добра здаваў сэсіі і атрымліваў стыпэндыю. Тым больш, што звычайна на 5 курсе студэнты ўжо працуюць. Працуе на тэлеканале «ЛАД» і Алег Ануфрыенка. Там у яго таксама былі праблемы пасьля зьяўленьня роліка, але калегі яго адстаялі. Пытаюся ў рэжысэра роліка Яўгена Шапчыца:
Ня думаю, каб улада так баялася роліка жартаўлівага — проста паказвае хібы сыстэмы, на мой погляд.

Карэспандэнтка: «Чаго ўлада так баіцца? За бяскрыўдны ролік пацярпела столькі чалавек!»

«Ня тое, што баіцца. Проста сыстэма так адладжаная, што людзі самі прымаюць такое рашэньне, каб адвесьці ад сябе нейкую пагрозу, перастрахоўваюцца. Ня думаю, каб улада так баялася роліка жартаўлівага — проста паказвае хібы сыстэмы, на мой погляд».

Карэспандэнтка: «А вы будзеце далей яго прадстаўляць як сваю курсавую працу ў Акадэміі мастацтваў?»

«Так, я пляную прынесьці яе на абарону ў сакавіку».

Рэжысэр Юры Хашчавацкі што да масавых звальненьняў маладых людзей выказаў такое меркаваньне:

«Я б не называў гэтых хлопцаў ахвярамі. Наадварот, я ім нават зайздрошчу. Яны раней зразумелі ў жыцьці, чым, да прыкладу, я, як трэба сябе паводзіць, што супраць таталітарнай улады трэба пратэставаць. Гэтым хлопцам я зайздрошчу. Думаю, перад імі цудоўная будучыня. Знойдуць працу, усё будзе ў іх, і аўтарытэт будзе. Здаровыя, таленавітыя, прыстойныя, а галоўнае — сумленныя!»

Сапраўды, літаральна на наступны дзень пасьля звальненьня Яўгену Шапчыцу паступілі цікавыя прапановы. Як выказаўся Яўген:

«Зараз адкрываецца шмат іншых шляхоў. Ужо ня я шукаю працу, а праца мяне шукае».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG