Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як я зьеў манэту Жыгімонта Аўгуста


Больш як тысячу сустрэчаў у Беларусі і за мяжой правёў Уладзімер Арлоў за апошнія дзесяць гадоў. Цыдулкі ад чытачоў запоўнілі некалькі шуфлядаў. Зараз вечныя і надзённыя, наіўныя і падступныя, прыватныя і філязофскія пытаньні да пісьменьніка — у эфіры і на сайце «Свабоды» ў перадачы «Пакуль ляціць страла».


Ходзіць чутка, што ў дзяцінстве бацькі падмешвалі Вам у ежу мэтал ад старажытных манэтаў. Скажыце, калі ласка, якія манэты трэба есьці, каб стаць пісьменьнікам?

Коля Чарныш



Калі вы нарадзіліся ў Полацку, Вашае дзяцінства проста немагчыма ўявіць бяз пошукаў скарбаў і даўніх падземных хадоў. Адзін літаратуразнаўца некалі слушна напісаў, што якраз тыя сутарэньні і прывялі мяне на гістарычны факультэт.

Але існавала і прычына больш канкрэтная.

Найлепшай шукальніцай скарбаў тады была нашая Дзьвіна. Прывітаньні з прамінулых стагодзьдзяў я атрымліваў пасьля кожнае паводкі. Так склалася мая невялікая нумізматычная калекцыя. Ейным упрыгожаньнем стала манэта Вялікага Княства Літоўскага з партрэтам гаспадара Жыгімонта Аўгуста на авэрсе і «Пагоняю» на рэвэрсе. Зразумела, што такіх вучоных слоў я тады яшчэ ня ведаў, як анічога ня чуў у тагачаснай пятай клясе і пра само Княства ды наш старажытны герб. Але Жыгімонтаў профіль падабаўся мяне сваёй ганарлівай выразнасьцю, а яшчэ больш уражваў ваяўнічы конны рыцар.

Кожную суботу я меў запаветныя хвіліны, калі раскладаў сваю калекцыю на мамінай нажной швачнай машынцы, пры якой рабіў урокі. Звычайна манэты ўтваралі круг, зь сярэдзіны якога на мяне і пазіраў суворы і барадаты вялікі князь Жыгімонт.

Уявіце мае жах і роспач, калі аднаго разу ўлюбёная манэта бясьсьледна зьнікла…

Праліўшы ручаіну горкіх сьлёзаў, я ўрэшце дазнаўся, што слова «бясьсьледна» ў дадзеным выпадку было не зусім дакладным. Бо — сам таго ня ведаючы — я сваю манэту… зьеў.

Цяпер трэба зрабіць невялікае лірычна-мэдычнае адхіленьне.

Не скажу, што я быў вісусам і аторвам, але да ўзорнага хлопчыка мне таксама было далекавата. Я з натхненьнем лазіў па чужых садах. Яшчэ больш грэшны — пісаў імёны сваіх пасіяў на сьценах ды іржавых купалах Багаяўленскага сабору, што стаяў тады ў занядбаньні. Але пры гэтым — варта мне было грымнуцца на зямлю ня тое што аднекуль з высачыні, а з звычайнай яблыні ці вішні — абавязкова ламаў сабе рукі і хадзіў з гіпсам. Калі мы гулялі ў індзейцаў, я меў нязьменную мянушку — Брат Касьцяная рука. А паколькі прымудраўся ламаць пераважна правую руку — з радасьцю не пісаў кантрольных і дыктовак, атрымліваючы адзнакі за чвэрць толькі на падставе вусных адказаў.
А яшчэ болей костачкам, відавочна, паспрыяла зьедзеная разам з манэтаю «Пагоня».


Тата не падзяляў маіх станоўчых эмоцыяў. З уласьцівай ягонай пасадзе пракурора суворасьцю ён аднойчы паабяцаў, што хутка мяне вылекуе. Сьпярша здалося, што лекі будуць традыцыйныя — ягоная шырокая ёмкая папруга. Аднак я памыляўся. Замест папругі тата пачаў частаваць мяне перад сном нейкім нясмачным парашком.

Так прамінуў тыдзень, а ў суботу і было зроблена вусьцішнае адкрыцьцё на мамінай машынцы.

Як стала вядома, нейкі славуты полацкі доктар прасьвятліў тату, што ў сына ломкія костачкі, бо ў юным арганізьме не хапае медзі. Тата зазірнуў у маю калекцыю і ўзяў напільнік. Ён мог зрабіць мне лекі зь медных расейскіх капеек Пятра І, аднак выбраў білёнавую манэту Вялікага Княства, дзе медзі было значна менш. Выбар аказаўся бездакорным: болей я сабе нічога не ламаў. Думаю, што, апрача элемэнтаў табліцы Мендзялеева, мне дапамог і Жыгімонт Аўгуст — ня толькі здатны палітык, але і пераможца рыцарскіх турніраў ды таленавіты каханак. А яшчэ болей костачкам, відавочна, паспрыяла зьедзеная разам з манэтаю «Пагоня». У кожным разе гісторыя, а можа, і сама Гісторыя ўвайшла ў мае кроў і плоць, прадвызначыўшы і паступленьне на гістфак БДУ, і ўвесь далейшы лёс.

Што маем у выніку? Каб зрабіцца беларускім пісьменьнікам, трэба зьесьці манэту з Жыгімонтам Аўгустам і «Пагоняй». Пры жаданьні вы адшукаеце яе выяву на вокладцы маёй кнігі «Сланы Ганібала».

Але ёсьць маленькі нюанс: манэту трэба знайсьці пасьля паводкі на дзьвінскім беразе каля Сафійскага сабору.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG