Ці праўда, што ўвосень 1939 году Вільня сорак дзён належала Беларусі?
Севярын
Адразу зацемім, што Вільня і Віленшчына належалі да беларускага гістарычнага і этнічнага абшару з часоў раньняга Сярэднявечча. Заснаваньне гораду вялікім князем Гедымінам у 1323 годзе, пра што вам распавядзе літоўскі экскурсавод, — ня больш як прыгожая легенда. Ужо ў ХІ стагодзьдзі на месцы сучаснай Вільні існавала збудаванае крывічамі гарадзкое паселішча, што называлася Крывым горадам. Ён быў цэнтрам удзельнага княства Полацкай зямлі. У 1070 годзе там валадарыў князь полацкай дынастыі Расьціслаў Рагвалодавіч, а пазьней — ягоныя сыны.
Крывы горад (сустракаецца і найменьне Крывіч-горад) згадваецца ў гістарычных крыніцах яшчэ і ў XIV стагодзьдзі. Нямецкія хронікі паведамляюць, што гэта — «русінскае» места. Гедымін проста перавёў з Наваградку ў Вільню сталіцу Вялікага Княства Літоўскага.
Беларусы-ліцьвіны на працягу стагодзьдзяў складалі большую частку віленскага насельніцтва. Калі мы зазірнем у сярэднявечныя акты Віленскага магістрату, дык пераканаемся ў славянскім паходжаньні абсалютнай бальшыні службовых асобаў: войт Вышка, бурмістры і радцы Юрай Нястука, Васіль Фядкевіч, Гаўрыла Аліфаровіч, Мікола Сяльковіч, Рыгор Мэка… Паводле першага перапісу насельніцтва Расейскай імпэрыі 1897 году літоўцы сярод віленчукоў складалі ажно 2%.
У 20-30-х гадах мінулага стагодзьдзя Вільню называлі «сэрцам Заходняй Беларусі». Горад быў неафіцыйнай палітычнай, культурнай і навуковай сталіцаю земляў, адрэзаных паводле Рыскага мірнага трактату. У Вільні знаходзіліся кіраўнічыя органы беларускіх партыяў, выходзілі дзясяткі беларускіх газэт і часопісаў, дзейнічала Беларускае навуковае таварыства, Беларускі музэй імя Івана Луцкевіча. Асобнай гаворкі заслугоўвае Віленская беларуская гімназія. Тады ў Вільні жылі і працавалі Антон Луцкевіч, Браніслаў Тарашкевіч, Адам Станкевіч, Рыгор Шырма, Францішак Аляхновіч, Пётра Сергіевіч, Максім Танк… Параўнальна зь дзейнасьцю беларусаў літоўская прысутнасьць у тагачаснай Вільні адчувалася нязьмерна слабей. Іначай і быць не магло, бо літоўцаў было ўсяго 1,5%.
Ліга Нацыяў фактычна прызнала Віленшчыну зь Вільняй заходнебеларускім абшарам. У незалежнай Літве з сталіцаю ў Коўне тады, дарэчы, неаднаразова гучалі прапановы памяняць назоў дзяржавы на Жэмайцію, а герб «Пагоня» — на жамойцкага «Мядзьведзя». У 1935 годзе прэм’ер-міністар Юозас Тубяліс афіцыйна заявіў пра славянскае паходжаньне «Пагоні» і неабходнасьць падрыхтоўкі новага гербу. Адукаваны быў чалавек.
У Заходняй, як і ў савецкай Беларусі, існавала ўпэўненасьць, што пасьля аб’яднаньня Бацькаўшчыны Вільня абавязкова будзе ў яе складзе. Аднак пачатак Другой сусьветнай вайны прынёс літоўцам неспадзяваны падарунак.
Увосень 1939-га падзеі разгортваліся наступным чынам.
На трэці дзень гэтак званага «вызваленчага паходу» часткі Чырвонай арміі ўвайшлі ў колішнюю сталіцу Вялікага Княства. У зводцы савецкага Генштабу за 19 верасьня паведамлялася: «На поўначы — у Заходняй Беларусі — пасьля двухгадзіннага бою нашы войскі занялі Вільню».
Цэнтральныя менскія газэты выйшлі пад лёзунгамі: «Вільня — зноў беларуская!» У савецкіх выданьнях, прычым ня толькі ў БССР, друкавалі артыкулы, дзе даводзіліся гістарычныя правы Беларусі на Вільню і тлумачылася, што Вялікае Княства Літоўскае было беларускай дзяржавай. 24 верасьня ў актавай залі Віленскай беларускай гімназіі адбылася афіцыйная ўрачыстасьць з нагоды далучэньня Вільні да Беларусі «на векі вякоў». Пра гэта казалі ў сваіх выступах і Іван Клімаў, які ўзначальваў савецкую адміністрацыю Заходняй Беларусі, і былы прэм’ер ураду БНР Антон Луцкевіч.
Ужо была створаная Віленская вобласьць і пачала выходзіць беларускамоўная газэта «Віленская праўда». На віленскім Лукіскім пляцы адбыўся самы грандыёзны ўва ўсёй Заходняй Беларусі мітынг, дзе сабралася 75 тысяч гараджанаў — траціна ўсяго насельніцтва.
На віленскім Лукіскім пляцы адбыўся самы грандыёзны ўва ўсёй Заходняй Беларусі мітынг, дзе сабралася 75 тысяч гараджанаў — траціна ўсяго насельніцтва.
Аднак 28 верасьня Масква й Бэрлін удакладнілі свае намеры, выкладзеныя ў пакце Молатава-Рыбэнтропа, новым сакрэтным пратаколам. Літва, а таксама Вільня зь Віленшчынай перадаваліся ў сфэру інтарэсаў СССР. За падзеямі ўважліва сачылі ў пакуль незалежнай Літве. Як піша сучасны амэрыканскі гісторык Тымаці Снайдэр, літоўскі ўрад «разьлічваў, што ў кароткатэрміновай пэрспэктыве нямецкая ўлада будзе горшая за савецкую, у сярэднетэрміновай — што СССР выйдзе пераможцам у будучай вайне зь Нямеччынай, а ў доўгатэрміновай — што калі за Вільню давядзецца заплаціць незалежнасьцю, то лепей мець гэткае пагадненьне з Савецкім Саюзам».
10 кастрычніка СССР і Літва падпісалі дамову, згодна зь якой Віленшчына пераходзіла Літве. Апошняй былі перададзеныя 7120 квадратных кілямэтраў з 457 тысяч жыхароў. За сваё «дабрадзейства» Масква атрымала права разьмясьціць у Літве савецкія вайсковыя базы.
Віленскі край стаў першай тэрытарыяльнай стратаю Беларусі ў Другой сусьветнай вайне.
Калі 28 кастрычніка на вуліцах Вільні зьявіліся літоўскія вайскоўцы з корпусу генэрала Віткаўскаса, яны перажылі сапраўдны шок. Іх ніхто не разумеў. Выхаваныя ў адпаведным духу літоўцы, як занатаваў у дзёньніку адзін зь іхніх афіцэраў, «замест казачнай князёўны ўбачылі вуліцы чужога гораду, дзе размаўлялі на чужой мове».
Назаўтра, пасьля цырымоніі ўзьняцьця літоўскага сьцяга, Віткаўскас прамаўляў у гарадзкім садзе. Ён казаў пра «радасьць літоўскага народу ў сувязі з далучэньнем Вільні». Літоўскі народ, відавочна, сапраўды радаваўся, а вось сабраная ў садзе нешматлікая публіка напружана ўслухоўвалася ў гукі чужой мовы. Генэрала разумелі толькі ягоныя падначаленыя ды ўведзеная ў горад літоўская паліцыя. Адзін зь відавочцаў-беларусаў потым напіша, што ўсё гэта нагадвала «нейкую апэрэтку».
Тым ня менш пачыналася новая гісторыі Вільні…
На віленскім Лукіскім пляцы адбыўся самы грандыёзны ўва ўсёй Заходняй Беларусі мітынг, дзе сабралася 75 тысяч гараджанаў — траціна ўсяго насельніцтва.