Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адкрыць новае ў старажытным


Больш як тысячу сустрэчаў у Беларусі і за мяжой правёў Уладзімер Арлоў за апошнія дзесяць гадоў. Цыдулкі ад чытачоў запоўнілі некалькі шуфлядаў. Зараз вечныя і надзённыя, наіўныя і падступныя, прыватныя і філязофскія пытаньні да пісьменьніка — у эфіры і на сайце «Свабоды» ў перадачы «Пакуль ляціць страла».

Мы зь сябрам паступілі на гістфак Полацкага ўнівэрсытэту і марым ня толькі вывучаць ужо вядомае, але і стаць у нечым першаадкрывальнікамі. Як Вы мяркуеце, ці магчымыя сёньня адкрыцьці, датычныя першых вякоў нашай гісторыі?

Алесь і Альгерд

Францускі фізык, матэматык і філёзаф Блэз Паскаль, той самы, які назваў чалавека “чарацінкаю, якая мысьліць”, меркаваў, што выпадковае адкрыцьцё можа зрабіць адно падрыхтаваны розум. Дадам ад сябе, што невыпадковае — і пагатоў.

Такім чынам, хлопцы, лічыце, што першы крок ужо зроблены.

Ну, а што датычыць адкрыцьцяў, дык, з вашага дазволу, засяроджуся на мінулым майго, і, напэўна, вашага роднага Полацку. Чалавек мусіць імкнуцца ведаць што-небудзь пра ўсё і ўсё пра што-небудзь. Вось я і імкнуся — хоць і ўсьведамляю сваю наіўнасьць — ведаць усё пра полацкую гісторыю.

Апошнімі гадамі кожны палявы сэзон прыносіць больш ці менш значныя адкрыцьці археолягам, што ў поўным сэнсе гэтага слова заглыбляюцца ў даўнія стагодзьдзі патрыярха нашых гарадоў.

Адносна нядаўна Сяргей Тарасаў раскапаў майстэрню старажытнага полацкага ювэліра, дзе знайшоў і тыглі, і пінцэты, і гіркі, а сярод іншага прычындальля, калі не памыляюся, ажно некалькі сотняў кавалачкаў ужо адштукаванага і “дзікага” бурштыну.

Дарэчы, у палачанак эпохі Рагнеды і Эўфрасіньні бурштынавыя пацеркі былі вельмі папулярныя ня толькі як упрыгожаньне. Лічылася, што яны спрыяюць здароўю і найперш выдатна дапамагаюць ад бяссоньня. Сучасныя беларускі могуць пераканацца ў гэтым, паклаўшы аздобу сабе пад падушку. А мужчынам, якія, каб заснуць, вымушаныя лічыць бяссоннымі начамі сланоў ці авечак, раю браць кавалак бурштыну неапрацаванага. Сам спрабаваў. Хоць найлепей, вядома, абняць уладальніцу пацерак. Таксама рэкамэндую.

Вярнуўшыся да археолягаў, скажу, што ўжо ня першы год зь вялікай цікавасьцю сачу за працаю Дзяніса Дука, дасьледчыка Полацку з новай генэрацыі слугаў Кліё. Пра ягоныя адкрыцьці можна будзе неўзабаве прачытаць цэлую кнігу. Асабіста я чакаю ад яе моцных аргумэнтаў для сваёй прапановы афіцыйна зрабіць Полацак на некалькі стагоддзяў старэйшым.

Тут атрымліваецца такая цікавая рэч. Полацак упершыню згадваецца ў летапісах пад 862 годам, Кіеў — пад 860-м. У 1987-м наша першая сталіца безь вялікага розгаласу адзначыла сваё 1125-годзьдзе, а Кіеў з усёй Украінай гучна сьвяткаваў... 1500-я ўгодкі. У мяне і сувэнірны мэдаль з гэтай датаю захаваўся, які заўсёды нагадвае, што і ў нас падставы для такога юбілею ня меншыя: і археалягічныя знаходкі, і згадкі ў ісьляндзкіх сагах...

Але ня трэба думаць, што знаходкі, часам сапраўды сэнсацыйныя, хаваюцца ад гісторыкаў выключна ў зямлі.

Вось, да прыкладу, прыяжджае наша дасьледніца Марына Ліньнікава ў Маскоўскі дзяржаўны архіў старажытных актаў. Гартае ў кнігасховішчы рукапіс ХVІІ стагодзьдзя і знаходзіць у ім памылкова прыплецены туды аркуш з зусім іншым зьместам. Здавалася б, праміні яго й чытай сабе далей. Ды ў Марыны ад хваляваньня плывуць перад вачыма літары. Ужо ў першым радку — імя вялікага князя Ўсяслава Чарадзея. Дзякуючы гэтай знаходцы нашыя веды пра найславуцейшага з полацкіх уладароў узбагачаюцца адразу на тры сюжэты. Ды якія! Проста сядай і пішы мастацкі твор.

Спачатку невядомы аўтар распавядае, як князь убачыў на месяцы дзівосную праяву, якую ня здолелі разгадаць ні хрысьціянскія сьвятары, ні прыгрэтыя Ўсяславам (што, як вядома зь летапісу, нарадзіўся “от волхвования”) паганскія вешчуны-“волхвы”. Тады да князя прывялі зьняволенага ў вежы чараўніка Мантыя. Той, натуральна, імкнецца выкарыстаць сытуацыю: “Пакляніся вызваліць мяне, і я супакою адчай твой”. Усяслаў Чарадзей прысягае: “Душы тваёй не ўчыню благога”. Мантый тлумачыць, што князю пагражаюць ворагі, але іх чакае ганьба і ўцёкі. Усьцешаны князь адпраўляе чараўніка назад у вежу-вязьніцу, а ў адказ на нараканьні цалкам лягічна адказвае: "Душы тваёй сапраўды не ўчыніў благога, адно целу благое ўчыніў..." Карацей, калі чарадзеяў адразу двое, другога лепей трымаць за кратамі.

Ня надта стасуецца зь нечымі ідэалістычна-рамантычнымі ўяўленьнямі пра Ўсяслава Брачыславіча і іншая знойдзеная Ліньнікавай гісторыя. Падчас чумнай пошасьці ў Полацку ўзьнікае закалот на чале з баярынам Вадзілам. Той бярэцца вяртаць старыя звычаі, а менавіта “слугаваньне балванам ды бесаваньне”. Змоўнікам нават удалося ўзяць кіраўніка дзяржавы ў аблогу ў ягонай рэзыдэнцыі. Перапрашаю, у княскім хораме, які падпалілі вогненнымі стрэламі. Аднак Усяслаў — на тое і Чарадзей! — не разгубіўшыся, таксама зьвярнуўся да старых багоў і патушыў агонь “волхвованием” (sic!). Дванаццаці ўдзельнікам няўдалага перавароту сьцялі на торжышчы галовы, а іхняга правадыра Вадзілу князь цалкам у духу таго часу “загадаў у кайданы жалезныя закаваць, ды пакласьці драўлянае ярмо на шыю, ды прысудзіў яму вочы рваць і паходнямі паліць...”

Зычу вам, Алесь і Альгерд, сваіх адкрыцьцяў. Можа, здолееце ўдакладніць даты жыцьця Францішка Скарыны, бо надакучыла ўжо ставіць побач зь імі пытальнікі. Можа, адшукаеце бібліятэку Сафійскага сабору, якой у 1579 годзе захапляўся Рэйнгольд Гейдэнштайн, сакратар вялікага князя і караля Сьцяпана Батуры. А раптам унеўміручыце свае імёны, знайшоўшы неацэнны Полацкі летапіс...

Ну, а на дарогу няхай будзе вам верш:

Ёсьць гарады прыдуманыя Богам

ёсьць гарады прыдуманыя Богам
ёсьць гарады прыдуманыя д’яблам
а хто цябе прыдумаў горад мой?


хто сьніў цябе такім якім ніколі
ты не прачнесься раніцай туманнай
каб у Дзьвіне памыць заспаны твар?

што сьнілася табе ў тваіх кашмарах
і ў прыцемным бурштынавым бяссоньні
і ў сьветлых снах што спавівае сум?

хто зь сьвечкай йшоў па гулкіх сутарэньнях
палохаючы вусьцішныя цені
ўладыкаў звар’яцелых і цароў?

хто летапіс твой скраў крывёй паліты
хто расьцягнуў тваю бібліятэку
зьвёз хто ў чужыну жыватворны крыж?

ты прышласьці званіў Сафійскім звонам
ты нашым сьніў сябе Ерусалімам
ды трэці Рым прызначыў іншы лёс

о як мне часам прагнецца ўваскрэснуць
у тагасьвеце у які ня веру
дзе містыка і тайніцы твае

са мной няхай давеку застануцца
у вандраваньнях па чыстцы і раі
а лепш усё ж па пекле: цікавей...

я не ўваскрэсну а вось ты — ўваскрэсьнеш!
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG