Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юнак з Монтэвідэо


Уладзімер Арлоў
Уладзімер Арлоў

Больш як тысячу сустрэчаў у Беларусі і за мяжой правёў Уладзімер Арлоў за апошнія дзесяць гадоў. Цыдулкі ад чытачоў запоўнілі некалькі шуфлядаў. Зараз вечныя і надзённыя, наіўныя і падступныя, прыватныя і філязофскія пытаньні да пісьменьніка — у эфіры і на сайце «Свабоды» ў перадачы «Пакуль ляціць страла».

Спадар Уладзімер, столькі ўжо напісана пра тыя таленты, якія Беларусь «падаравала» іншым народам. Тут і Дамейка, і Дастаеўскі, і Язэп Крашэўскі зь Мікалаем Пржавальскім, і Дзьмітры Шастаковіч з Васілём Качалавым. Сьпіс бясконцы. Няўжо мы толькі аддавалі? Ці ня час ужо напісаць кнігу пра тых, каго мы, вобразна кажучы, перацягнулі да сябе і зрабілі дзеячамі нашай гісторыі і культуры?

Спадар Цімох


Цалкам згодны з Вамі, спадар Цімох. Такая кніга даўно патрэбная, і гэта будзе ня тонкая брашура, а важкі том. Апрача ўсяго іншага, шмат каму ён дапаможа ў хвіліны сумневаў і роспачы паверыць ува ўласныя сілы. Бо калі беларуская культура прыцягвае і робіць сваімі прадстаўнікоў іншых народаў, значыць, яна мае будучыню.

Але ў такіх выпадках больш важка за тэарэтызаваньне прагучаць аповеды пра некалькі лёсаў, кожны зь якіх «пацягнуў» бы не на старонку ў выданьні, пра якое мы з вамі пакуль марым, а на цэлую кнігу.

Няхай першаю будзе надзвычай цікавая для мяне асоба Джузэпэ Ахіла Эльміра Банольдзі.

Народжаны ў Барсэлёне ў італійскай тэатральнай сям’і, выхаваны Лязанскай alma mater, ён апынуўся ў Вільні і зрабіўся сьпеваком і танцмайстрам, талентам якога захаплялася ўся Літва-Беларусь. А сам ён захапіўся віленскай атмасфэраю, нашай культурай і мінуўшчынай і зрабіўся перакананым ліцьвінскім патрыётам.

Банольдзі мог бы заможна і камфортна жыць, служачы сваім музам, і ўжо гэтым здабыў бы нашую добрую памяць. Аднак ён абраў іншае служэньне новай Айчыне і ў 1862 годзе ўвайшоў разам з Канстанцінам Каліноўскім і Людвікам Зьвяждоўскім у Літоўскі камітэт, што рыхтаваў вызвольнае паўстаньне. Пазьней былі арышт, уцёкі з камэры ў сутарэньнях Троцкага замку, эміграцыя, барыкады Парыскай камуны, дзе ён сьпяваў ваярам свайго швадрону песьні на словы Яна Чачота, і — сьмерць ад ранаў…

А вось — зусім іншая эпоха, іншы, але ў галоўным, бясспрэчна, падобны шлях.

Карлас Шэрман прыйшоў на сьвет ува ўругвайскай сталіцы Монтэвідэо. Юнак, у жылах якога кроў заходнебеларускага габрэя-эмігранта грымуча зьмяшалася з індзейскай, вучыўся й рэдагаваў газэту ў Буэнас-Айрэсе, змагаўся з аргентынскай дыктатурай Пэрона, а потым вырашыў разам з бацькам вярнуцца ў СССР. Амаль усе з таго аргентынскага цеплахода, што кінуў якар у Адэсе, праўдамі й няпраўдамі вырваліся з савецкага «раю» назад. Карлас застаўся й падараваў нашай культуры цэлую бібліятэку сваіх перакладаў на беларускую — Лёрка, Гільен, Габрыэля Містраль… Пасьля пераўвасобленай з Валянцінам Тарасам па-расейску Маркесавай «Восені патрыярха» Шэрман прымусіў выбітнага калюмбійца загучаць і па-нашаму.

Дзесяць гадоў Карлас кіраваў Беларускім ПЭН-цэнтрам, зрабіўшыся ў той час вядомым у сьвеце праваабаронцам. Свае мэмуары, названыя «Блуканец», і апошні зборнік вершаў ён напісаў ужо не па-гішпанску, як датуль, а па-беларуску.

А цяпер два жаночыя лёсы.

Віленская немка, дыплямаваная мастацтвазнаўца Юліяна Мэнке робіцца каханай, нарачонай і аднадуміцай «бацькі» нашага Адраджэньня Івана Луцкевіча. Яна перакладае падчас Першай усясьветнай вайны на перамовах беларускіх дзеячаў зь нямецкай акупацыйнай адміністрацыяй, якая дазволіла адчыніць першыя беларускія школы, чаго і ўявіць няможна было ў Расейскай імпэрыі. Бярэ ўдзел у стварэньні настаўніцкіх курсаў і Віленскай беларускай гімназіі, у якой потым выкладае нямецкую мову. Сядзіць пры ложку сьмяротна хворага нарачонага, а празь дзесяцігодзьдзі піша прысьвечаную яму сьветлую й мужную кнігу «Мае ўспаміны»…

Я яшчэ памятаю цёплую, зь лёгкім акцэнтам беларускую мову Тамары Цулукідзэ. Шчасьлівая маладосьць вядучай акторкі славутага Тбіліскага тэатру імя Шата Руставэлі. Ролі шэксьпіраўскай Афэліі й шылераўскай Амаліі. Велізарныя кошыкі з ружамі пасьля кожнага спэктаклю. У трыццаць гадоў — званьне заслужанай артысткі Грузінскай ССР. Усё перакрэсьлілі арышт і расстрэл мужа. Неўзабаве «чорны воран» прыехаў і па саму жонку «ворага народу». На пачатку 1950-х, пасьля другога арышту, у краснаярскай высылцы Тамара знаёміцца з таварышам па няшчасьці беларускім пісьменьнікам Алесем Пальчэўскім…

Гледзячы на іхняе фота, зробленае, калі Тамара і Алесь толькі-толькі ўдыхнулі вольнага паветра, я ня мог пазбыцца думкі, што рэдка бачыў такіх шчасьлівых і, безумоўна, закаханых людзей. Каханьне проста струменіла адтуль, ператвараючы звычайны аматарскі чорна-белы здымак у твор фотамастацтва, варты выставаў і ўзнагародаў.

Тамару Цулукідзэ, якая ўжо была жонкаю Пальчэўскага, пасьля рэабілітацыі, яшчэ ў пяцідзесятыя гады, паклікалі назад у Руставэлеўскі тэатар. Яна тры гады грала на найлепшай грузінскай сцэне галоўныя ролі, але зрабіла канчатковы выбар і пераехала ў Менск. Вывучыла беларускую мову настолькі, што пісала на ёй апавяданьні і п’есы для дзяцей, шмат перакладала зь беларускай на грузінскую і наадварот. Але пахавалі спадарыню Тамару паводле запавету ў Тбілісі.

Калі казаць пра расейцаў, якія зрабіліся нашымі, я адразу згадваю народжаную ў Баку Натальлю Арсеньневу, што па матчынай лініі, або, як казалі продкі, па кудзелі паходзіць з роду, што даў Расеі Лермантава.

Спадарыня Натальля распавядала мне, як дзяўчынай ехала зь бежанства ў Вільню, спынілася з бацькамі на начлег у прыдзьвінскай вёсачцы і была зачараваная пачутым ад гаспадыні таямнічым словам «юшка». Можа, бяз гэтае «юшкі» не было б і паступленьня ў Віленскую беларускую гімназію, і ўсяго астатняга?

А вось барда і журналіста Зьмітра Бартосіка ў дзяцінстве ўзяло ў магічны палон духмянае беларускае слова «ўгнаеньні». Як і Ахіл Банольдзі, Зьміцер зьявіўся на сьвет у тэатральнай сям’і акторкі й рэжысэра. Лёс закінуў іх з сынам, народжаным у далёкім Рыбінску, у наш Гомель, дзе юны расейскі хлопчык Дзіма аднойчы ўмкнуў Беларускае радыё. Адтуль і дыхнула тымі загадкавымі «ўгнаеньнямі»…

«Будзем самі дзьмуць у свае ветразі!» — сказаў нехта з афарыстаў. Будзем! Але хіба будуць лішнімі на нашым караблі тыя, каго яшчэ зачаруе Беларусь?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG