«Чым запомніцца Вам, спадар Уладзімер, гэтае лета?»
Мне падабаецца выслоўе аб тым, што лета — гэта маленькае жыцьцё.
У маім сёлетнім «маленькім жыцьці» было ня вельмі шмат вонкавых падзеяў. Зрэшты, галоўныя падзеі, як вы самі ведаеце, адбываюцца ў душы, у сэрцы, у сьвядомасьці.
За лета я мусіў дапісаць працяг сваёй дзіцячай кніжкі «Адкуль наш род». Апошняе яе выданьне сканчвалася аповедам пра БНР. Але перш чым расказаць пра ейных новых герояў, трэба згадаць адзін эпізод з часоў студэнцтва.
У тыя часы наш гістарычны факультэт БДУ займаў 5-ты і 6-ты паверхі галоўнага ўнівэрсытэцкага корпусу. Вокны выходзілі якраз на Дом ураду. Там на фасадзе два разы на год — напярэдадні 1 траўня і 7 лістапада — чаплялі вялізныя партрэты членаў палітбюро ЦК КПСС.
Гісторыю СССР нам выкладала Ядзьвіга Навуменка, жонка народнага пісьменьніка Беларусі Івана Навуменкі. Ейны курс лекцыяў прысьвячаўся расейскай гісторыі ХУ—ХУІ стагодзьдзяў, але тады ўсё гэта таксама называлася «гісторыяй СССР».
Ядзьвіга Паўлаўна была кабетаю манумэнтальнай, грунтоўнаю і пэдантычнай. Пры канцы кожнае лекцыі яна цікавілася, ці ёсьць пытаньні. І вось аднаго разу, якраз калі насупроць нашых вокнаў віселі згаданыя вышэй члены, хтосьці запытаўся, чый гэта партрэт крайні зьлева.
Спадарыня Ядзьвіга велічна падплыла да вакна, доўга ўзіралася туды з-пад рукі, а потым паважна прамовіла: «Прабачце, гэта ня мой пэрыяд»…
Узяўшыся за новыя разьдзелы кніжкі, а менавіта за нашую гісторыю ХХ стагодзьдзя (у маім уяўленьні, для беларусаў яно пачалося 25 сакавіка 1918 году і яшчэ доўжыцца), я вельмі хутка ўспомніў Ядзьвігу Паўлаўну. Унутраны голас пачаў нашэптваць, што «гэта — ня мой пэрыяд». І шаптаў ён так зацята і пранікнёна, што я вырашыў закінуць рукапіс на антрэсолі ды лепей напісаць працяг «Полацкіх апавяданьняў».
Дзеля натхненьня прыехаў у Полацак і даў нырца ўва ўлюбёнае возера Люхава. Ня ведаю, што прычынілася падчас таго заплыву. Мо зрабіў сваю справу геній месца. Мо паказыталі ў патрэбнай зоне тамтэйшыя русалкі… Але ў родную менскую вальеру я вяртаўся з ужо зусім іншым суразмоўцам. Маю на ўвазе ўнутраны голас.
Цяпер ён унікліва шаптаў мне, што павінен жа нехта даступнымі словамі распавесьці малым чытачам пра рэчы, ад якіх іхнія цнатлівыя душы клапатліва бераглі. Пра беларусізацыю 1920-х. Пра апетае зламаным Купалам калгаснае «шчасьце». Пра «чорных воранаў» і Курапаты. Пра тое, чаму так падобныя назвы Катынь і Хатынь. Пра Саюз беларускіх патрыётаў і Беларускую Майстроўню. Пра будаўніцтва «сьветлай будучыні — камунізму», што пачалося й скончылася дармовым хлебам з гарчыцаю ў сталоўках. Пра часы Машэрава, калі ў нашых гарадах зачынілі апошнія беларускія школы, затое жыхары БССР мелі кілбасу (якую, дарэчы, нязьменна адмаўляўся есьці вясковы кот нашай цёткі Волі).
Ня мой пэрыяд мэтафізычным чынам зрабіўся блізкім і цікавым.
Маімі героямі сталі Ларыса Геніюш і менская доктарка, што ў 1970-я ставіла сваім маленькім няшчасным пацыентам вусьцішны дыягназ — «белорусская речь». Мне сьніліся Янка Філістовіч і Расьціслаў Лапіцкі. Я размаўляў з Уладзімерам Караткевічам і Васілём Быкавым…
Кніжка дагэтуль не адпускае. У параўнаньні з папярэдняю вэрсіяй яна вырасла разы ў тры. Але цяпер за справу ўжо ўзяўся мастак.
Такім вось і атрымалася лета — даўжынёю ў цэлае стагодзьдзе.