Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Куплю сабе выспу. Маленькую


Уладзімер Арлоў
Уладзімер Арлоў

Больш за тысячу сустрэчаў у Беларусі і за мяжой правёў Уладзімер Арлоў за апошнія дзесяць гадоў. Цыдулкі ад чытачоў запоўнілі некалькі шуфлядаў. Зараз вечныя і надзённыя, наіўныя і падступныя, прыватныя і філязофскія пытаньні да пісьменьніка — у эфіры і на сайце Свабоды ў перадачы «Пакуль ляціць страла».



Ходзяць чуткі, што кожнае лета Вы таемна зьязджаеце на якую-небудзь выспу і там абдумваеце і пішыце новыя кнігі. Можа, прыадкрыеце таямніцу свайго творчага праекту?..
Таксама вандроўніца.

Дарагая вандроўніца, Вы стварылі амаль ідылічную карціну. Менавіта так мне і хацелася б бавіць большую частку кожнага лета.

Рэчаіснасьць, на жаль, больш празаічная. Але ўжо некалькі гадоў я зь сябрамі сапраўды выпраўляюся на пару летніх дзён на якую-небудзь выспу. Магчыма, некалі дабярэмся і да выспаў далёкіх і экзатычных. Уначы нас будуць падпільноўваць тамтэйшыя канібалы, а тых, хто дажыве да раніцы, радасна абудзяць, шпурляючыся какосамі, мясцовыя лемуры.

Пакуль жа нашыя выспы – родныя, беларускія. Але хачу вам сказаць, што ўражаньняў хапае і без заморскай экзотыкі.

Калі называць нашыя вандроўкі “праектам”, дык, відаць, трэба нарэшце прыдумаць яму назву. Няхай будзе, да прыкладу, “Архіпэляг”.

Натуральна, што мы едзем не на першую-лепшую выспу. Усю зіму абмяркоўваем чарговых кандыдатак, разглядваем мапы, гартаем энцыкляпэдыю “Блакітны скарб Беларусі”. Потым, як цяпер модна казаць, адбываецца рэйтынгавае галасаваньне.

“Архіпэляг” пачаўся з выспы на возеры Нешчарда. Таго самага, на беразе якога, у Мурагах, нарадзіўся знакаміты Ян Баршчэўскі. Аўтар кнігі “Шляхціч Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданьнях”. Сучасьнікі параўноўвалі яе з казкамі “Тысячы і адной ночы”.

“Дзядзька мой, досыць заможны шляхціч пан Завальня, -- піша Баршчэўскі, -- жыў у паўночным і дзікім баку Беларусі. Ягоная сядзіба стаяла ў чароўнай мясьціне. На поўнач паблізу жыльля – Нешчарда, велізарнае возера накшталт марской затокі...”
якраз у такіх мясьцінах, якія за два стагодзьдзі амаль не зьмяніліся, і нараджаюцца апавяданьні, якія не даюць заснуць па начах ...

Скажу вам, што якраз у такіх мясьцінах, якія за два стагодзьдзі амаль не зьмяніліся, і нараджаюцца апавяданьні, якія не даюць заснуць па начах. Калі была мая чарга вартаваць наш вандроўны табар, увесь час мроілася, што вось зараз прыляціць чарадзейка Белая Сарока. Альбо выйдзе з цемры чалавек з валасамі, што крычаць на галаве, ці сам некаранаваны кароль нашых чарнакніжнікаў пан Твардоўскі...

Наступнага году выбралі Асьвейскае возера. Адзінае, дарэчы, месца ў Беларусі, дзе можна назіраць прыродную зьву, вядомую як fata morgana. Асьвейскі востраў у нашай краіне самы вялікі – 5 квадратных кілямэтраў.

Гэта цэлы сьвет – стромыя берагі, лес, лугавіны, яры, сажалка... Яблыні і грушы на месцы колішняй вёскі, якую ў сярэдзіне мінулага стагодзьдзя гвалтам перасялілі. (Кажуць, што іначай цяжка было ўсталяваць на высьпе савецкую ўладу.)

Там жывуць зайцы, лісіцы, дзікі, ваўчыная сям’я, якая ўвечары ветліва нагадала нам, хто тут гаспадар. Пры вогнішчы пачалі згадвацца сюжэты з “Марсіянскіх хронікаў” Рэя Брэдбэры. А тут яшчэ і месяцавае зацьменьне...

Асьвея
поўнач на высьпе
поўня ў паўнюткім зацьменьні
таму й мабільная сувязь
зь Вялікай зямлёю маўчыць

Асьвея
агонь на строме
водбліз зьдзічэлага саду
нячутна выйдуць з-за яблынь
душы былых астраўлянаў...


А летась была выспа на ўшацкіх Чарсьцьвятах. Таксама мясьцінка неверагодна прыгожая і ня менш загадкавая. Мясцовы рыбак Мікола распавёў нам, што на Купальле туды штогод заяўляюцца і скачуць вакол вогнішча “нейкія манашкі”. Разам зь імі прыязджаюць музыкі, якія граюць на дудах так гучна, што ў вёсцы на беразе можна скакаць. Дык вось плыве Мікола ўначы на лодцы праверыць свой нераток, а тут выходзяць дзьве “манашкі” на бераг, скідаюць усё зь сябе і – да Міколы. Кажа, што ледзьве ўцёк. А я яшчэ б падумаў...

Выспа, як і хутар, фармуе ў яе жыхара сваё непаўторнае сьветабачаньне, сьветаразуменьне й сьветаўяўленьне. Калі ў Беларусі прымуць закон аб прыватнай уласнасьці на зямлю, абавязкова куплю сабе маленькую выспу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG