Калі скульптар Генік Лойка ўжо распачаў працу над мэмарыяльнай дошкай, якую меркавалася ўсталяваць у Празе на доме, дзе жыла Ларыса Геніюш, мы доўга абмяркоўвалі, якімі словамі павінна паэтка прамаўляць з тае дошкі да мінакоў. І нарэшце спыніліся на цытаце са «Споведзі»: «У поўную сілу беларускай, роўнай усім і ня ўніжанай, я адчула сябе толькі ў Чэхах». За гэтым выказваньнем — насычанае падзеямі дзесяцігадовае жыцьцё ў чэскай сталіцы.
У Празе Ларыса Геніюш напісала дзьве кнігі вершаў — «Ад родных ніў» і «Рукапісны зборнік (1945-1947), які пабачыў сьвет толькі ў 1992 годзе ў Лёндане. Думаецца, паэтку натхнялі і Градчаны, дзе калісьці працаваў садоўнікам Францішак Скарына, і Карлаў мост са скульптурамі апосталаў, і ўзьнёслы сабор сьвятога Віта, і аблюбаваны галубамі пляц Яна Гуса, і Вышаград, дзе яна любіла гуляць з малым Юркам, і Влтава ў срэбных каралях перакатаў...
У Празе Ларыса Геніюш апекавалася хворым старшынёй Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Васілём Захаркам, з рук якога перад сьмерцю прыняла палітычны тастамэнт і пячатку з Пагоняй.
У пераважна каталіцкай Празе праваслаўная верніца Ларыса Геніюш мела свайго духоўніка архімандрыта Ісакія (Вінаградава), да якога прыходзіла на споведзь у Сьвята-Мікалаеўскі сабор. Пасьля вайны архімандрыт, як і ягоная прыхаджанка, быў арыштаваны і этапаваны ў ГУЛАГ.
У Празе на Вышаградзкіх могілках Ларыса Геніюш бачыла, як чэхі ствараюць свой нацыянальны Пантэон — яна была сьведкам, як там перазахоўвалі прах вялікага чэскага паэта Карла Гінка Махі. Пройдзе час, і Ларыса Антонаўна ў лісьце да Адама Мальдзіса прапануе стварыць беларускі Пантэон — на ўзор чэскага, найперш перанёсшы на радзіму прах Максіма Багдановіча з Крыму.
Сярод іншых памятных месцаў у Празе на мапах беларускіх турыстаў павінны значыцца і два дамы — № 70 на вуліцы 5 Траўня (названы ў «Споведзі» Кашпаракам) і № 7 на вуліцы Гежманова — у іх жылі Геніюшы.
У праскіх архівах захоўваецца безьліч дакумэнтаў, зьвязаных з жыцьцём беларускай паэткі. Частка зь іх ужо знойдзеная і апублікаваная нястомнай дасьледчыцай Францішкай Сокалавай. Але да гэтай пары застаецца невядомым, напрыклад, месцазнаходжаньне спачувальнага ліста Ларысы Геніюш прэзыдэнту Чэхаславакіі Эдуарду Бэнэшу — з нагоды захопу часткі краіны гітлераўцамі ў 1938 годзе.
Ларыса і Янка Геніюшы ўжо даўно кіркавалі мерзлату ў савецкай тундры, а на іхні апошні праскі адрас усё прыходзілі позвы з магістрату. Праз тыя позвы чэскія ўлады шукалі месьцічаў, якія нібыта заплямілі сябе супрацоўніцтвам зь немцамі, і выпісвалі невялікія штрафы. Гэтак быў аштрафаваны сьпявак Міхал Забэйда-Суміцкі, які падчас акупацыі даваў канцэрты ў Народным тэатры ў Празе, у Рызе, у Варшаве і некалькі разоў прыяжджаў з гастролямі ў Беларусь. Грашовы штраф і 25 гадоў ГУЛАГу — адчуваеце розьніцу?
Калі ў 1968 годзе па старых праскіх брукаванках загрукаталі гусеніцамі савецкія танкі, Ларыса Геніюш слала лісты падтрымкі чэскаму прафэсару Яраміру Востраму. Яна захаплялася мужнасьцю чэхаў і шкадавала, што на той час Беларусь ня мела свайго нацыянальнага лідэра:
На сэрцы ў нас рубцы і рубчыкі
Ад кіпцюроў, мядзьведжых лап.
Каб беларускага мы мелі Дубчака —
Інакшай гутарка была б!
Ад кіпцюроў, мядзьведжых лап.
Каб беларускага мы мелі Дубчака —
Інакшай гутарка была б!
У адной з будучых анталёгій вершаў, прысьвечаных Празе, абавязкова зьявіцца верш Ларысы Геніюш «Бывай», дзе паэтка выказала падзяку старажытнаму гораду ад імя «ўнучкі Францішка Скарыны».
Зробленая Генікам Лойкам мэмарыяльная дошка з выявай маладой, у модным капялюшыку, Ларысы Геніюш пакуль так і не зьявілася ў Празе.
Але яна там абавязкова зьявіцца, і Францішку Скарыну ня будзе так сумна аднаму стаяць на Градчанах.
Ларыса Геніюш. «На зямельцы дзядоў нашых, прадзедаў...»
На зямельцы дзядоў нашых, прадзедаў
промень сонца ад хмараў пагас.
Рвецца тонкае, кволае прадзіва
роднай мовы, сьвятое для нас.
З найсьвяцейшых крыніц і вытокаў,
з болю нашага, з сэрцаў цяпла,
зь летуценьняў дзяўчат сінявокіх
яна песьняй па жылах цякла.
Варкавала, кахала, тварыла
неўміручыя скарбы жыцьця
ды надзеяй у сэрцам нам біла,
калі лёс нашы крыльлі падцяў.
Ад зямлі нашай тонка льняная,
зь ясных рэк і бясконцых дарог,
і спрадвечная, і маладая,
ператканая сонцам ў палёх.
Вабіш гронкамі сьпелай рабіны,
ўмееш слова, бы крыльлі, узьняць,
у табе ціхі сум жураўліны,
калі ўдалеч з-над Нёмна ляцяць.
Ў табе сілы адвечнай закляцьце
у жывым яшчэ сэрцы сяла,
сьвятасьць слова пяшчотнае маці,
што навекі ад нас адышла.
Мовы роднае звонкае прадзіва,
блаславенны і творчы агонь,
векавечная спадчына прадзедаў,
ніці сэрца твайго і майго.
промень сонца ад хмараў пагас.
Рвецца тонкае, кволае прадзіва
роднай мовы, сьвятое для нас.
З найсьвяцейшых крыніц і вытокаў,
з болю нашага, з сэрцаў цяпла,
зь летуценьняў дзяўчат сінявокіх
яна песьняй па жылах цякла.
Варкавала, кахала, тварыла
неўміручыя скарбы жыцьця
ды надзеяй у сэрцам нам біла,
калі лёс нашы крыльлі падцяў.
Ад зямлі нашай тонка льняная,
зь ясных рэк і бясконцых дарог,
і спрадвечная, і маладая,
ператканая сонцам ў палёх.
Вабіш гронкамі сьпелай рабіны,
ўмееш слова, бы крыльлі, узьняць,
у табе ціхі сум жураўліны,
калі ўдалеч з-над Нёмна ляцяць.
Ў табе сілы адвечнай закляцьце
у жывым яшчэ сэрцы сяла,
сьвятасьць слова пяшчотнае маці,
што навекі ад нас адышла.
Мовы роднае звонкае прадзіва,
блаславенны і творчы агонь,
векавечная спадчына прадзедаў,
ніці сэрца твайго і майго.