Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-кіраўніка Беларускай чыгункі асудзілі на 11 гадоў пазбаўленьня волі, але скарацілі пакараньне па амністыі


Лягатып Генэральнай пракуратуры Беларусі. Ілюстрацыйнае фота
Лягатып Генэральнай пракуратуры Беларусі. Ілюстрацыйнае фота

Суд Заводзкага раёну Менску прызнаў вінаватым колішняга кіраўніка Беларускай чыгункі Пятра Дулуба і асудзіў яго на 11 гадоў пазбаўленьня волі з максымальна магчымым штрафам у памеры 5 тысяч базавых велічыняў — 210 тысяч рублёў.

Як паведамілі ў Генэральнай пракуратуры Беларусі, яго таксама пазбавілі на пяць гадоў права займаць пасады, зьвязаныя з выкананьне арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў.

«Згодна з артыкулам 9 закону Рэспублікі Беларусь „Аб амністыі ў сувязі з 80-годзьдзем перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне“ абвінавачаны вызвалены ад асноўнага пакараньня часткова — на адзін год», — паведаміў дзяржаўны абвінаваўца ў справе Дзьмітры Марусаў.

Паводле яго, сканфіскаваныя ў Дулуба больш за 2,8 мільёнаў даляраў і прыблізна 300 тысяч эўра перададзеныя ў даход дзяржавы, у тым ліку ў якасьці аплаты даходу, атрыманага злачынным шляхам.

«Маёмасьць абвінавачанага суд пакінуў пад арыштам у рахунак забесьпячэньня выкананьня выраку ў частцы маёмасных спагнаньняў», — дадаў пракурор.

Пятра Дулуба асудзілі паводле ч. 2 і ч. 3 артыкулу 430 Крымінальнага кодэксу Беларусі — атрыманьне хабару ад прадстаўнікоў камэрцыйных арганізацый.

Паводле сьледзтва, ён атрымаў больш за 600 тысяч даляраў ад прадстаўнікоў чатырох транспартна-экспэдыцыйных кампаній.

Адзначаецца, што вырак яшчэ не набыў юрыдычную моц і можа быць абскарджаны.

Пра затрыманьне Пятра Дулуба ў пачатку чэрвеня 2024 года распавяла «Супольнасьць чыгуначнікаў Беларусі». Паводле інфармацыі ініцыятывы, гэта адбылося 18 траўня.

13 чэрвеня МУС пацьвердзіла гэтую інфармацыю. У ведамстве тады расказалі, што апэратыўнікі выявілі «факты сыстэмнага хабарніцтва пры лабіяваньні інтарэсаў камэрцыйных структур, якія ажыцьцяўляюць дзейнасьць у сфэры грузаперавозак».

У дзяржаўных СМІ яго называлі «самым буйным хабарнікам у гісторыі сучаснай Беларусі».

На Дулуба завялі крымінальную справу па артыкуле аб атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры (частка 3 артыкула 430 КК). Яму пагражае да 15 год зьняволеньня.

Паводле інфармацыі праекта «Супольнасьць чыгуначнікаў Беларусі», Дулуба затрымалі «на хабары» з доказамі злачынства, з прымяненьнем спэцыяльна пазначаных купюр.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG