Пяць гадоў без дакумэнтаў
Міхаіл (імя зьмененае ў мэтах бясьпекі — РС) зьехаў зь Беларусі ў Грузію ў 2016 годзе. Кажа, што ўжо тады ён не адчуваў сябе на радзіме свабодным чалавекам. Адкрыў у Грузіі бізнэс, зарэгістраваў ІП, працаваў. У кастрычніку 2020-га ў Міхаіла сканчаўся тэрмін дзеяньня беларускага пашпарту.
«Я зьбіраўся ехаць у Беларусь мяняць пашпарт пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 года. Але зразумеў, што туды ехаць небясьпечна. Тады я зьвярнуўся ў амбасаду Беларусі ў Грузіі, каб памяняць пашпарт, але мне сказалі, што ў Тбілісі мне новы пашпарт ня зробяць — трэба самому ехаць у Беларусь. І з таго часу я знаходзіўся ў Грузіі нелегальна, хоць маю бізнэс, ведаю грузінскую мову. У 2020-м я не падаваўся ў на прытулак, бо верыў у хуткія перамены — выбары ў Беларусі сфальсыфікаваныя, будуць зьмены. Потым пачалася вайна ва Ўкраіне. Тут я рабіў, што мог — пісаў у сацсетках, выходзіў на акцыі пратэсту», — распавядае Міхаіл.
Паводле ягоных словаў, супрацоўнікі беларускіх спэцслужбаў з 2020 года тройчы зь ім зьвязваліся праз вайбэр.
«Першы раз тэлефанавалі праз месяцы 3 пасьля выбараў, прадставіліся, што з крымінальнага вышуку. Другі раз — з КДБ. Размова была не самая прыемная, пагражалі непрыемнасьцямі бацькам. Мне раілі вяртацца ў Беларусь. Я казаў, што даўно тут жыву, у мяне бізнэс, абавязацельствы, і пакуль не магу. А трэцяя размова была сяброўская. Маўляў, у Беларусі ўсё спакойна, вяртайцеся», — узгадвае ён.
Міхаіл расказвае, што сёлета яму ўсё ж прыйдзецца вырашаць пытаньне з дакумэнтамі. Зьвязаўся з праваабаронцамі, якія параілі падаваць дакумэнты на міжнародную абарону. Пайшоў у міграцыйную службу, падаў дакумэнты ў акенца.
«Прыйшоў нейкі супрацоўнік і дзяўчына, якая прымала дакумэнты, сказала, што сёньня ня можа прыняць іх, хаця да канца працоўнага дня заставалася яшчэ гадзіны1,5 — 2. Маўляў, „прыходзьце заўтра“. Калі я выйшаў з рэгістрацыйнага цэнтру, мяне затрымалі і зьмясьцілі ў міграцыйную турму. Умовы ўтрыманьня былі вельмі дрэнныя», — кажа Міхаіл.
Па словах беларуса, пасьля было два суды. Першы на наступны дзень увечары без адваката, на ім Міхаілу прызначылі 3 месяцы арышту. Другі суд быў на пяты дзень пасьля затрыманьня. Праваабаронца дапамаглі з адвакатам, далучылі лісты з працы, з месца жыхарства, прапанавалі ўнесьці заклад. Судзьдзя прыняў рашэньне аб альтэрнатыўнай меры стрыманьня.
«Мяне з турмы адпусьцілі, але двойчы на тыдзень трэба адзначацца ў міграцыйным участку. У мяне нарэшце прынялі дакумэнты на міжнародную абарону. Цяпер я маю часовы ІD, які дзейнічае да жніўня 2026 года, чакаю інтэрв’ю. Але няма пэўнасьці, што я атрымаю тую абарону — бо не было станоўчых прыкладаў. Усім адмаўляюць у прадстаўленьні прытулку.
Для мяне Грузія — другі дом, я інтэграваўся, працую, вывучыў грузінскую мову. Але тут сытуацыя пастаянна пагаршаецца. Тое, ад чаго я зьбягаў зь Беларусі 9 гадоў таму, даганяе мяне ў Грузіі», — разважае Міхаіл.
«Жыць можна, калі асьцярожна»
Уладзімер (імя зьмененае — РС) таксама пагаджаецца пагаварыць на ўмовах ананімнасьці. У Грузіі ён зь лета 2021 году. Восеньню 2020 Уладзімера затрымалі падчас аднаго з маршаў пратэсту, але тады абышлося без пратаколу. Калі ў 2021 у Беларусі пачаліся масавыя арышты апанэнтаў улады, Уладзімер вырашыў часова пераехаць.
«Я зьяжджаў на некалькі месяцаў, таму пашпарт не мяняў, не падумаў неяк пра гэта, — кажа суразмоўца. — А калі зразумеў, што трэба памяняць, то вяртацца ўжо было небясьпечна. Па маім беларускім адрасе прыходзілі міліцыянты».
Тэрмін дзеяньня пашпарту ва Уладзімера скончыўся прыкладна год таму. Суразмоўца прызнаецца, што асаблівых нязручнасьцяў яму гэта адразу не прынесла, у Грузіі па-ранейшаму даволі лібэральная атмасфэра ў побытавых рэчах і многія сытуацыі, якія ў Эўразьвязе можна вырашыць толькі з дапамогай дзейных дакумэнтаў, тут проста не ўзьнікаюць.
«Банкаўскі рахунак у мяне быў раней адкрыты, патрабаваньняў адаслаць ім новы дакумэнт не было пакуль, — кажа Ўладзімер. — Ці гэта мне проста так шанцуе, ці тут так агулам, я не ведаю. За жыльлё гаспадару плачу гатоўкай, паліцыі на вочы не трапляўся. У мяне няма тут аўтамабіля, працую я дыстанцыйна. Нават калі банк заблякуе картку, то можна знайсьці выйсьце. Нешта можна прыдумаць. Галоўная небясьпека — так званы „візаран“ (неабходнасьць раз на год выяжджаць за межы Грузіі для абнуленьня тэрміну знаходжаньня на тэрыторыі краіны — РС), я цяпер фактычна магу толькі на самалёт і ў Менск, мяне нікуды не пусьцяць без пашпарта дзейнага. Таму я проста нікуды не паехаў. Жыць можна і так, калі асьцярожна».
Уладзімер прызнаецца, што аднойчы складанасьці ў яго ўсё ж узьніклі. Гэта адбылося падчас візыту да лекара. У рэгістратуры патрабавалі дакумэнт, суразмоўца спрабаваў расказаць, што забыў яго дома і хацеў бы атрымаць дапамогу без рэгістрацыі. Яму ў выніку адмовілі, але вырашыць праблему атрымалася ў той жа дзень з дапамогай знаёмых грузінаў і аплаты гатоўкай.
«Я пакуль жыву вось так адным днём, — кажа Уладзімер. — Выйсьця ў мяне няма больш пакуль. У Беларусь нават калі паеду і мяне не арыштуюць, то я там гэтаксама буду жыць. Яшчэ і больш праблем атрымаю з аплатай маёй працы, у мяне замежныя замоўцы. Прасіць прытулку ў Грузіі бессэнсоўна. Яны мне ўсё адно адмовяць і дэпартуюць у Беларусь».
Мінус тысяча беларусаў за год
Праваабаронца Раман Кісьляк кажа, што ўсяго ў Грузіі зараз жыве каля 15 тысяч нелегальных мігрантаў. А вось дакладную колькасьць нелегалаў-беларусаў ён назваць ня можа, бо многія зь іх «шыфруюцца».
«Усяго беларусаў у Грузіі каля 12 тысяч беларусаў, колькасьць іх за апошні год-паўтара паменшылася на тысячу менавіта з-за праблем з дакумэнтамі. Ёсьць нелегалы, у каго скончыўся тэрмін дзеяньня пашпарту і хто ня зьехаў. Частка людзей, якія зьбіраліся выяжджаць, не рабілі новыя дакумэнты. Думалі, што на выезьдзе проста заплацяць штраф (ён па памеры быў невялікі). А зараз уводзяцца новыя правілы: акрамя штрафу, які істотна павялічыўся, уводзяць забарону на ўезд у краіну Так што „вольніца“ паціху заканчваецца. Усе, у каго няма дзейных грузінскіх дакумэнтаў, пад рызыкай дэпартацыі, а дэпартаваць могуць толькі ў Беларусь, бо ніякая іншая краіна не прыме чалавека без дзейнага пашпарту», — тлумачыць Кісьляк.
Што да справы Міхаіла, якога затрымалі грузінскія сілавікі, то першай задачай праваабаронцаў было ўвесьці яго ў працэдуру падачы заяўкі на міжнародную абарону. Гэта дапамагло легалізавацца прынамсі на нейкі час.
«Міхаіл атрымаў часовы ID, які дзейнічае да жніўня 2026 года. Што да шанцу атрымаць прытулак — цяжка прагназаваць. Але да гэтага ўсім беларусам адмаўляюць і ў міжнароднай абароне, і ў статусе ўцекача.
Я ведаю як мінімум пра тры такія кейсы. Мне адмовілі з-за пагрозы нацыянальнай бясьпекі, астатнім Дэпартамэнт міграцыі патлумачыў, што беларусам на радзіме нішто не пагражае», — распавядае праваабаронца.
Да нядаўняга часу Грузія была «лібэртарыянскай краінай» для грамадзянаў Беларусі, Украіны і Расеі. Усе яны мелі асаблівы парадак знаходжаньня ў Грузіі, так званы «візаран». Гэта азначала, што можна было знаходзіцца на тэрыторыі краіны адзін год (365 дзён), потым выехаць у любую суседнюю краіну (Турэччыну, Армэнію хаця б на некалькі гадзін) і вярнуцца). Але цяпер усё ня так проста.
Першы «званочак» для беларусаў празьвінеў увесну 2023 года, калі сузаснавальніка беларускай дыяспары Грузіі Яўгена Гацака не ўпусьцілі ў краінуз Турэччыны пасьля «візарану». Потым яшчэ некалькі беларусаў не ўпусьцілі ў Грузію пасьля «візарану».
Агулам сытуацыя зьмянілася ў канцы лета 2024 года. Былі прынятыя зьмены ў Закон аб прававым становішчы іншаземцаў і асобаў без грамадзянства і Закон аб міжнароднай абароне, тлумачыць праваабаронца.
«Я сёлета ўвесну нават не спрабаваў „візараніцца“, бо мяне б не ўпусьцілі назад у краіну. Падаў дакумэнты на міжнародную абарону. Мне і яшчэ некалькім чалавекам прыйшлі адмовы ў статусе. Некаторыя чакалі разгляду дакумэнтаў 3 гады — справа ня рухалася, а тут адмова. За паўгоду ўсе справы былі разгледжаныя (і якія доўга ляжалі, і сьвежыя). Усім пачалі адмаўляць у прытулку, і ўсе пайшлі ў суд, у тым ліку і я. Суд мне адмовіў», — кажа Раман Кісьляк.
За першую палову 2025 года адмоўныя адказы на свае заявы аб наданьні міжнароднай абароны атрымалі 16 беларусаў, піша «Позірк»на падставе аналізу статыстыкі міністэрства ўнутраных спраў Грузіі.
Раман Кісьляк выказаў меркаваньне, што ў Грузіі прынята палітычнае рашэньне адмаўляць у легалізацыі замежнікам, у тым ліку і беларусам.
«Дэпартамэнт міграцыі ўсім адмаўляе. Як павядуць сябе суды? Паглядзім — усе справы розныя. Магчыма, людзі будуць зьвяртацца ў эўрапейскія органы. А можа, створаць такія ўмовы, што беларусы самі будуць вымушаныя зьехаць. Дарэчы, за апошні год каля 1 тысячы беларусаў зьехалі з-за немагчымасьці доўгатэрміновай легалізацыі — Грузія стала недобразычлівай краінай да іншаземцаў. У той жа час супрацоўнікаі ІТ сфэры даюць ВНЖ на 3 гады», — разважае праваабаронца.
15 жніўня ў Рамана Кісьляка сканчаецца тэрмін дзеяньня ID. У Грузіі ён прайшоў усе стадыі абскарджваньня, цяпер спрабуе апэляваць да Камітэта па правах чалавека ААН.
Форум