Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітычная гомасэксуальнасьць


Уладзіслаў Гарбацкі
Уладзіслаў Гарбацкі

Выкладчык палітычных навук ЭГУ, этноляг, фэмініст.

Быў затрыманы на гей-парадзе 15 траўня, адседзіў 2 сутак, аштрафаваны.



15 траўня 2010 яшчэ доўга не забудзецца ўдзельнікамі менскага гей-параду, асабліва гвалтоўна затрыманымі. Вуліцы сталіцы, на якіх здаўна не страйкуюць запалоханыя беларусы, таксама паглынулі гэты нечаканы выбух незадаволенасьці каліўкі людзей, якіх у прэсе называюць “сэксуальнай меншасьцю”. Цікава, што сярод той меншасьці палову складалі журналісты, апэратары, разявакі-гамафобы і міліцыянты ў форме і ў цывільным. Гей-парад, хоць і пратрымаўся ўсяго толькі некалькі дзясяткаў хвіляў (з улікам арыштаў), але цудоўна праявіў сутнасьць нашага сумнавядомага на ўвесь сьвет “талерантнага” грамадзтва.

Гей-парад, хоць і пратрымаўся ўсяго толькі некалькі дзясяткаў хвіляў (з улікам арыштаў), але цудоўна праявіў сутнасьць нашага сумнавядомага на ўвесь сьвет “талерантнага” грамадзтва

Як трапна заўважыла спадарыня Гапава ў віртуальным артыкуле на старонцы “Свабоды”, з завяршэньнем гей-параду ўсё завяршылася на той момант для ўдзельнікаў і ўсё толькі пачалося для беларусаў як нацыі. Ці не ўпершыню на гей-парад зрэагавала мілай сымфоніяй улада і апазыцыя (хаця варта пазначыць, што некаторыя партыі лявіцы выказаліся супраць умяшаньня міліцыі ў гей-сьвята). А таксама, бадай, упершыню геі і лесьбійкі выказалілся сьмела і публічна, а не як зазвычай у клюбах ці ў залях канфэрэнцыяў.

Упершыню гомасэксуальнасьць праявілася як палітычны рух, як рух сацыяльны, які падхапіў эстафэту нашай палітычнай апазыцыі. Праўда, апазыцыя збольшага, хоць і збанкрутавала на вуліцы, не пажадала прызнаць гэтага і аддаць эстафэтную палачку, ані хаця б падтрымаць гей-рух. І зрабіла гэта праз зайдрасьць і адчуваньне ўласнай паразы на вуліцах нашых гарадоў. Вусьцішна і скандальна тое, што сучасныя беларускія палітолягі ды іншыя гуманітары збольшага праігнарвалі гэтую падзею, змоўчалі. Але добра, што хаця б змоўчылі і гэта, мяркую, каб не паказацца цемрашаламі ў вачох заходніх калегаў.

Такім парадкам, гомасэкуальнасьць з галіны маргінальнай ці не ўпершыню ў Беларусі сяганула ў палітычнае актыўнае вымярэньне. Гей-рух афіцыйна не зьвязаны з кампаніяй “Гавары праўду”, але сымбалічна гэта рухі-спарышы. 15 траўня геі і лесьбійкі выйшлі на вуліцу, каб сказаць сваю праўду, а пры гэтым прадэманстраваць, што ня ўсе беларусы баяцца, што ня ўсе беларусы згаджаюцца з “парадкам і стабільнасьцю”, што, ёсьць, нарэшце, і ў нас людзі салідарныя. Гомасэксуальнасьць – гэта зьява палітычная ў рэжымах, дзе дэмакратыя існуе толькі на паперы. Крытычны палітоляг павінен разумець гэта, бо сам факт, што геі выходзяць з-пад кантролю, сьведчыць аб тым, што фармуецца новы сацыяльны рух. І гэта рух мае ўсе шанцы стаць доўгадзейным, бо геі – катэгорыя пастаянная ва ўсім сьвеце, а таму пастаянным будзе і сам рух.

Адзін “міжнароднік” нават паспрабаваў зымітаваць стэрэатыпнага манэрнага гея, які б’ецца нібы кабетка з магутнымі міліцыянтамі. Вусьцішна, што беларуская моладзь ня ўмее спачуваць ці быць салідарнай, хаця зразумела, што ў дзяржаўных вну гэтаму ня вучаць
Як актыўны ўдзельнік параду ці па форме хутчэй гей-пікету мяне ні на каліва не зьдівілі гвалтоўныя паводзіны міліцыі (гэтая страшная дадзенасьць нашай татальнай сыстэмы, якая ў прынцыпе ўсё адно павінна зьдзіўляць, жахаць і скандалізаваць), мяне хутчэй страшэнна агаломшыла рэакцыя людзей на вуліцы, якія плёскалі міліцыянтам, рэакцыя студэнтаў і студэнтак факультэту міжнародных адносінаў, ля сьценаў якога адбывалася завяршальная фаза хапуну.

Студэнты-курцы на ганку факультэту міжнародных адносінаў сьмела і гучна сьмяяліся з геяў, тыкалі ў іх палцамі і рагаталі, калі тых цягнулі ў бобікі ці аўтобусікі. Адзін “міжнароднік” нават паспрабаваў зымітаваць стэрэатыпнага манэрнага гея, які б’ецца нібы кабетка з магутнымі міліцыянтамі. Вусьцішна, што беларуская моладзь ня ўмее спачуваць ці быць салідарнай, хаця зразумела, што ў дзяржаўных вну гэтаму ня вучаць. Унівэрсытэцкая моладзь, апазацыя, улады, міліцыя, а яшчэ некаторыя журналісты ( вядомы герой гамафобнага сьвету Сямашка, а таксама невядомыя апэратар і журналістка АНТ, якія былі шакаваныя сьмеласьцю геяў, а яшчэ больш сьмелай заявай маці аднаго з ўдзельнікаў шэсьця аб тым, што яна прыйшла на акцыю, каб падтрымаць сына-гея) выступілі гэтым разам адным блёкам. Спадар Сямашка хоць і прыйшоў на шэсьце не як журналіст, а як грамадзянін з яйкамі, мусіць ведаць, што журналісцкі сьвет не даруе яму памылкі і такой заўзятай своесаблівай грамадзянскай пазыцыі.

Апрача спадара Сямашкі неабходна прыгадаць некаторых міліцыянтаў ў блакітным Першамайскага РАЎС, якія прымалі нас з рук міліцыянтаў ў чорным. Калі з апошнімі ўсё зразумела, калі пра апошніх немагчыма сказаць што-кольвек канкрэтнае, бо яны ня носяць бэджыкаў з імёнаміі і маюць прыблізна адзіны клянаваны выгляд, то міліцыянты ў блакітным, нашы ахоўнікі і падаткажоры, якія ганарацца адукацыяй, праявілі мінімум прафэсіяналізму. Многія міліцыянты Першамайскага РАЎС актыўна ўдзельнічалі ў вэрбальным гвалце, падтрымлівалі сьмяхі апамаўцаў. Зразумела, што стаць на абарону геяў яны баяліся, бо тады б і х залічылі ў геі, але яны маглі (і гэта было ў іх кампэтэнцыі ) проста спыніць абразы, спыніць амапаўцаў. З боку міліцыі Першамайскага РАЎС на працягу цэлага дня арыштаваныя атрымлівалі ўсё новыя і новыя порцыі абразаў, сьмяшкоў, штуршкоў і зачэпак. Але гэта там у пастарунку, дзе сьвет жыве па сваіх законах, калі не джунгляў, то закону лесу абавязкова.

Вызваліўшыся і апынуўшыся на воле, дзе сьвет жыве па законах нібы гуманізму, я быў агаломшаны ня менш таго, калі сядзеў за кратамі. Вусьцішна стала пасьля таго, як пабачыў віртуальную навалу камэнтароў, збольшага гамафобнага і псэўдамаралісцкага кшталту на розных незалежных і залежных сайтах. Дадушы, мае рацыю спадар Братачкін, калі слушна піша пра фармаваньне (новага) беларускага фундамэнталізму. Правёўшы два дні за кратамі і наслухаўшыся бясконцай процьмы абразаў, ты ўсё адно не губляеш пачуцьця рэчаіснасьці, бо не зважаючы на жахі і рэтраадрынутасьць нашых пастарункаў і ізалятараў, на малаадукаванасьць міліцыянтаў захоўваецца шмат супольнага паміж сьветам вольным і нявольным: людзі баяцца і там, і там, людзі ня вераць у закон, людзі жадаюць вярнуцца і схавацца, а ў лепшым выпадку зьехаць адсюль.

Правёўшы два дні за кратамі і наслухаўшыся бясконцай процьмы абразаў, ты ўсё адно не губляеш пачуцьця рэчаіснасьці, бо не зважаючы на жахі і рэтраадрынутасьць нашых пастарункаў і ізалятараў, на малаадукаванасьць міліцыянтаў захоўваецца шмат супольнага паміж сьветам вольным і нявольным: людзі баяцца і там, і там, людзі ня вераць у закон, людзі жадаюць вярнуцца і схавацца, а ў лепшым выпадку зьехаць адсюль.

Але ж і сярод бруду былі моманты добрыя: усе заарыштаваныя скансалідаваліся, пасябравалі. Заарыштаваныя расейцы нават зацікавіліся беларускай мовай і выказалі жаданьне вывучыць нячутую дагэтуль мову жудаснай краіны, у якой яны ўпершыню трапілі ў ізалятар. Былі і іншыя моманты, вартыя ўвагі і памяці ўсіх, былі і анэкдатычныя сытуацыі. Так, напрыклад, падчас вопісі рэчаў і ў самы пік гамафобнага дыскурсу ў аднаго ўзбуджанага размовамі і абразамі міліцыянта, які асабліва актыўна абражаў заарыштаваных, загучаў рынгтон на мабільніку....і вы мусібыць, усьмяхнецеся, бо ў міліцыянта гучала адна з кампазыцыяў Фрэдзі Мэркуры.

Іншая сьмешная гісторыя адбылася ўжо ў памяшканьні суду, калі адзін з прысутных амапаўцаў адкрыта вельмі шкадаваў, што ў суботу ў самы хапун ён якраз не працаваў, а іначэй “патурхаў бы підарасаў”. А яшчэ яго страшэнна расчараваў невялічкі штраф, які нам уляпіў судзьдзя. На распыт міліцыі, чаму ж амапаўцы пахапалі толькі хлопцаў і не схапілі жаднай лесьбійкі, я адказаў, што амапаўцы таму і хапалі хлопцаў, бо, відно па ўсім, ім бліжэй да сэрца не дзяўчаты, а хлопцы. На што амапавец скрывіў твар так, бы пакрыўдзілі ўсіх ягоных родных разам.

Наагул усюль страшыла мяне тое, што кожны міліцыянт, амапавец, кожны віртуальны камэнтатар імкнуўся выказаць сваю думку, ці дакладней тое, што яны лічылі сваёй думкай. Насамрэч, гэта адныя эмоцыі і адсутнасьць уласнай думкі. Гэта глупыя беларусы, якія хочуць паказацца разумнікамі і дасьціпнікамі хаця б зь кім-небудзь, хаця б віртуальна, дзе можна сьмела зьліцца і схавацца, а галоўнае пазьбегчы адказнасьці.


Права на веданьне часу


У Акрэсьціне нас сустракалі як злодзеяў-рэцэдывістаў: абражалі, ставілі да сьцяны, сьмяяліся і гучна выказвалі свае глупыя думкі-фантазмы. У асноўным яны зводзіліся да шлыху, да анальнага сэксу. І хаця суд яшчэ не абдыўся, нас трактавалі ўжо як абвінавачаных у жудасьцях накшталт гэнацыду. Адзін з арыштаваных быў “лёгка зьбіты” і ў Акрэсьціне папрасіў выклікаць хуткую дапамогу. Упэўнены, што такіх хуткіх і такіх дактароў няма на свабодзе! Бо яны, па-першае, не паверылі ў тое, што яго зьбілі амапаўцы. Яны проста адказалі яму, што калі б амапаўцы зьбілі яго, то цяпер яму патрэбен быў бы паталягаанатам, а не просты доктар. Па-другое, яны ўсяляк гідзіліся арыштанта-гея і не сароміліся гэтага выказваць, бы баяліся заразіцца невядомай хваробай.

Паказаўшы сябе сьвету падчас акцыі, мы пабачылі нашых суайчыньнікаў, якія яны, на якім баку яны, мы зразумелі, хто сябра, а хто вораг
Многія дзяжурныя (у асноўным кабеты) наагул ігнаравалі нас, ухмыляліся і не адказвалі на пытаньні, рэгулярна ўваходзілі ў камэру і выстройвалі нас ў шэраг, бязупынку разглядаючы нас бы монстраў. На пытаньне “Колькі часу?” яны не адказвалі, а калі мы запытаваліся настойлівей, яны казалі, што не дазволена гаварыць час. Думаю, трэба, каб парлямэнт унёс папраўку ў Канстытуцыю і дадаў да асноўных правоў чалавека новае права на веданьне часу... Гэта будзе ўзьнёскам беларускай дэмакратыі ў агульную зьяву.

Праўда, трэба быць справядлівым і прызнаць, што ёсьць годныя людзі і сярод міліцыянтаў: так, апошняя наша дзяжурная (якраз у тую раніцу, калі нас перавозілі ў суд) была вельмі ветлівай і ўсяляк дапамагала нам, наколькі гэта магчыма ў тых умовах часовага ўтрыманьня (яна гаварыла нам час, дапамагала сабраць посуд ды наагул сваёй вонкавасьцю падбадзёрвала нас). Я глядзеў на яе і думаў, чаму ж яна працуе тут?

Тэрміны завяршаюцца, суды канчаюцца, людзі вызваляюцца, а ў нас у Беларусі нарадзіўся і прыняў першы хрост гей-рух палітычны. І гэта галоўная заслуга гей-параду, гэта галоўнае дасягненьне забароненага шэсьця. Паказаўшы сябе сьвету падчас акцыі, мы пабачылі нашых суайчыньнікаў, якія яны, на якім баку яны, мы зразумелі, хто сябра, а хто вораг. Мы сказалі праўду, якая пакуль не даспадобы бальшыні грамадзтва. Няхай і так, гэты досьвед усё адно карысны, бо дзякуючы яму мы пакрысе навучаем міліцыю ды і ўсё грамадзтва сутыкацца і мець пэўную пазыцыю наконт іншасьці, наконт гомасэксуальнасьці. Зрэшты, мэта гей-параду і палягала ў тым, каб паказацца, каб падкрэсьліць, што мы ганарымся сабою.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG