Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусь стане выпрабавальным палігонам «Росатому»


Андрэй Ажароўскі
Андрэй Ажароўскі

Грамадзкая экалягічная экспэртыза прыйшла да высновы, што пабудова ў Беларусі прапанаванага праекту АЭС непрымальная.

Сёньня ў Менску ў гатэлі «Арбіта» адбылася прэзэнтацыя заключэньня Грамадзкай экалягічнай экспэртызы праекту будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Беларусі. У экспэртную камісію на чале з прафэсарам Іванам Нікітчанкам увайшлі расейскі прафэсар Аляксей Яблыкаў, вядомы расейскі эколяг Андрэй Ажароўскі, беларускія навукоўцы Рыгор Лепін, Юры Варонежцаў, Яўген Шырокаў ды іншыя.

Галоўная выснова грамадзкай экалягічнай экспэртызы, арганізаванай грамадзкім аб’яднаньнем «Экадом», гучыць наступным чынам — «камісія прыйшла да высновы аб непрымальнасьці праекту з эканамічных, тэхнічных, экалягічных, юрыдычных ды іншых прычын. Абгрунтаваньне інвэстыцыяў праведзена неаб’ектыўна, матэрыялы Справаздачы аб ацэнцы ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе беларускай АЭС ня ўтрымліваюць сапраўды незалежнай ацэнкі ўзьдзеяньня, а фактычна зьяўляюцца некрытычным узнаўленьнем рэклямных матэрыялаў расейскай атамнай прамысловасьці».

Свае высновы грамадзкая камісія абгрунтоўвала па некалькіх асноўных пунктах. Па-першае, памылкова ацэненыя тэндэнцыі разьвіцьця сучаснай сусьветнай энэргетыкі: Беларусі не патрэбна столькі энэргіі, да таго ж прыярытэтам павінна стаць энэргазьбераганьне. Па-другое, будаўніцтва АЭС эканамічна неабгрунтаванае. Па-трэцяе, у краіне няма нарматыўнай базы для атамнай энэргетыкі. Па-чацьвёртае, прапанаваныя распрацоўшчыкамі тэхналёгіі небясьпечныя.

У інтэрвію для «Свабоды» знакаміты расейскі эколяг Андрэй Ажароўскі, каардынатар праектаў міжнароднай групы «Экаабарона», заявіў, што, на ягоную думку, з рэалізацыяй гэтага праекту АЭС Беларусь можа стаць выпрабавальным палігонам «Росатому».

Ажароўскі: «Праект прапануе пабудаваць у Беларусі АЭС пад назвай „АЭС 2006“ на аснове рэактарнай устаноўкі ВВЭР-1200. Праблема ў тым, што такога рэактара нідзе ў сьвеце пакуль не існуе. Таму ніхто, ніводзін сур’ёзны навуковец ня можа сказаць, надзейны гэты рэактар альбо не. Гэты рэактар зьведаў вялікія зьмены ў параўнаньні з тымі, якія ўжо працуюць на АЭС у Расеі. Практычна ўсе вузлы новыя! Ніхто ня ведае, як яны будуць працаваць, калі ўсё гэта зьбяруць нанава. Атрымліваецца, што Беларусь можа стаць выпрабавальным палігонам. У Расеі такой станцыі няма, а вам яе прапануюць пабудаваць, нібыта гэта прадукт, які існуе. Не, гэта толькі аркуш паперы. Мне здаецца, рызыка тут неапраўданая. А трэба ацэньваць рызыку».
У Расеі такой станцыі няма, а вам яе прапануюць пабудаваць, нібыта гэта прадукт, які існуе. Не, гэта толькі аркуш паперы. Мне здаецца, рызыка тут неапраўданая.


Прадстаўнікі міністэрстваў і афіцыйных навуковых устаноў, якія прысутнічалі на прэзэнтацыі, часам уступалі ў даволі гарачыя дыскусіі зь сябрамі грамадзкай камісіі. Вось што для Радыё Свабода сказаў пасьля прэзэнтацыі намесьнік дырэктара Інстытуту энэргетычных і ядзерных дасьледаваньняў «Сосны» Акадэміі Навук Анатоль Якушаў.

Якушаў: «Гэтая грамадзкасьць павінна прыслухоўвацца да думкі прафэсіяналаў. Яны глядзяць на нас як на нейкіх лабістаў, якія толькі і думаюць пра тое, каб зарабіць грошы, штурхаючы рашэньне пра АЭС. Ды нічога мы на гэтым не зарабляем. Мы даўно ўжо ўсе пэнсіянэры.

Яны зьвяртаюць увагу на тыя праблемы, якія варта рашаць на прафэсійным узроўні. У іхняй камісіі юрысты, гісторыкі, але няма энэргетыкаў! Таму яны слушна зьвяртаюць увагу на існуючыя праблемы. Але паказваць іх як непераадольныя перашкоды, даваць ацэнку рашэньню пра АЭС як няслушнаму — гэта няправільна».

Аргумэнты грамадзкай камісіі падсумаваў яе старшыня Іван Нікітчанка.

Іван Нікітчанка
Нікітчанка: «Мы аналізавалі неабходнасьць пабудовы АЭС па некалькіх кірунках. І ў выніку вырашылі, што яна наагул не патрэбная. Бо закладзеныя эканамічныя разьлікі даюць недакладныя дадзеныя — наконт прыросту насельніцтва, росту ВУП і гэтак далей. А ў нас насельніцтва зьніжаецца. Энэргаёмістасьць нашага ВУП у тры разы большая, чым у Эўропе, вось дзе трэба ашчаджаць энэргію. Потым мы аналізавалі ўплыў станцыі на экалёгію. І па-трэцяе, эканамічны аналіз. Таму наша агульнае заключэньне — станцыя непатрэбная».

Паводле дзейнага заканадаўства, свае высновы грамадзкая камісія сёньня павінна падаць у Міністэрства прыроды. Зрэшты, меркаваньне грамадзкасьці можа мець для ўладаў толькі дарадчае значэньне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG