У Экспэртную камісію на чале з прафэсарам Іванам Нікітчанкам увайшлі расейскі прафэсар Аляксей Яблыкаў, вядомы расейскі эколяг Андрэй Ажароўскі, беларускія навукоўцы Рыгор Лепін, Юры Варонежцаў, Яўген Шырокаў ды іншыя.
Галоўная выснова грамадзкай экалягічна й экспэртызы, арганізаванай грамадзкіх аб’яднаньнем “Экадом”, гучыць даволі радыкальна – “камісія прыйшла да высновы аб непрымальнасьці праекту па эканамічных, тэхнічных, экалягічных, юрыдычных ды іншых прычынах. Абгрунтаваньне інвэстыцыяў праведзена не аб’ектыўна, матэрыялы Справаздачы аб ацэнцы ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе беларускай АЭС не ўтрымліваюць сапраўды незалежнай ацэнкі ўзьдзеяньня, а, фактычна, зьяўляюцца некрытычным узнаўленьнем рэклямных матэрыялаў расейскай атамнай прамысловасьці”.
У інтэрвію для “Свабоды” знакаміты расейскі эколяг Андрэй Ажароўскі, каардынатар праектаў міжнароднай групы “Экаабарона” заявіў, што, на ягоную думку, з рэалізацыяй гэтага праекту АЭС Беларусь можа стаць выпрабавальным палігонам "Росатаму".
“Праект прапануе пабудаваць у Беларусі АЭС пад назвай “АЭС 2006” на грунце рэактарнай устаноўкі ВВЭР-1200. Праблема ў тым, што такога рэактара нідзе ў сьвеце пакуль не існуе. Таму ніхто, ніводзін сур’ёзны навуковец ня можа сказаць, надзейны гэты рэактар альбо не. Гэты рэактар зьведаў вялікія зьмены ў параўнаньні з тымі, якія ўжо працуюць на АЭС у Расеі. Практычна ўсе вузлы новыя! Ніхто ня ведае, як яны будуць працаваць, калі ўсё гэта зьбяруць нанава. Атрымліваецца, што Беларусь можа стаць выпрабавальным палігонам. У Расеі такой станцыі няма, а вам яе прапануюць пабудаваць, нібыта гэта прадукт, які існуе. Не, гэта толькі кавалак паперы. Мне здаецца, рызыка тут неапраўданая. А трэба ацэньваць рызыкі”.
Паводле існуючага заканадаўства, свае высновы грамадзкая камісія сёньня прадставіць у афіцыйныя структуры.