СЛУХАЦЬ:
ГЛЯДЗЕЦЬ:
Распавесьці пра прэзыдэнцкую кампанію і пра сябе мы папрасілі першага прэзыдэнта Ўкраіны Леаніда Краўчука, які зьяўляецца даверанай асобай Юліі Цімашэнкі. Сярод іншага ён адказаў на некаторыя пытаньні наведнікаў нашага сайту.
Каліноўскі: Спадар Краўчук, вы толькі што вярнуліся з паездкі па Ўсходняй Украіне, дзе вы выступалі ў ролі даверанай асобы кандыдата ў прэзыдэнты Юліі Цімашэнкі. Скажыце, якія ў вас агульныя ўражаньні, як людзі ўспрымаюць гэтыя выбары і вашага кандыдата?
Краўчук: Агульнае ўражаньне пазытыўнае. Людзі ставяцца да выбараў з адказнасьцю і разумеюць тую сытуацыю, якая склалася ў краіне. Яны разумеюць, што так далей жыць, як мы жывем ва Ўкраіне, калі ўлада сябе скампрамэтавала, калі ва ўладзе ідзе абсалютна беспрэцэдэнтая барацьба паміж прэзыдэнтам і ўрадам. Прычым прэзыдэнт фактычна займаецца паклёпам на прэм’ера, падаючы грамадзтву непраўдзівую і недакладную інфармацыю наконт яе дзейнасьці. Людзі хочуць, каб пасьля гэтых прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне пачалося новае жыцьцё, дзе быў бы парадак, выконваліся б законы і Канстытуцыя, калі б у нас пачаліся сапраўды дэмакратычныя працэсы. Жыцьцё павінна зьмяніцца на лепшае і для гэтага яны павінны думаць, каго з кандыдатаў у прэзыдэнты падтрымаць. Як я зразумеў з сустрэчаў у Палтаўскай і Днепрапятроўскай абласьцях, большасьць тых, з кім я гутарыў, схільныя падтрымаць дзейнага прэм’ер-міністра.
Каліноўскі: Дазвольце вас на хвілінку перанесьці з Кіева ў Менск. Сёньня ў Менску адбудзецца вечарына з нагоды 75-годдзя былога кіраўніка Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслава Шушкевіча, зь якім вы падпісвалі Белавескія пагадненьні. У вас ёсьць магчымасьць перадаць яму з гэтай нагоды некалькі слоў. Ці кантактуеце вы зь ім апошнім часам?
Краўчук: Спачатку я хацеў бы прывітаць яго з 75-годзьдзем, гэта дата мудрасьці і такога ўзросту, які дае падставы падводзіць першыя
Станіслаў Шушкевіч – чалавек талерантны, сапраўдны беларус, клапоціцца пра дзяржаву, пра народ, пра яго будучыню, пра мову і культуру.
Каліноўскі: Можа, вы ня ведаеце, што пэнсія ў Станіслава Шушкевіча згодна з указам прэзыдэнта Лукашэнкі, складае каля паўтара даляра ЗША. А ў вас якая пэнсія?
Краўчук: У мяне няма пэнсіі былога прэзыдэнта. Вярхоўная Рады і прэзыдэнты Кучма і Юшчанка нічога не зрабілі, каб была ўсталяваная прэзыдэнцкая пэнсія. Я атрымліваю пэнсію народнага дэпутата Ўкраіны.
Каліноўскі: Гэта больш, чым паўтара даляра?
Краўчук: Значна больш. 19 тысяч грывень. Можна жыць, уласна кажучы.
Каліноўскі: А як вы ацэньваеце, што ў Шушкевіча паўтара даляры?
Краўчук: Я лічу, што гэта ганьба для прэзыдэнта Лукашэнкі. Ён ганьбіць ня толькі прозьвішча Шушкевіча, ён ганьбіць дэмакратыю, узровень культуры ўлады, паводзіць сябе некарэктна ў адносінах да Шушкевіча. Гэта зьдзек, на мой погляд, Шушкевічу трэба адмовіцца
Шушкевічу трэба адмовіцца ад такой пэнсіі і аддаць яе Лукашэнку.
Каліноўскі: Скажыце, калі вы апошні раз былі ў будынку на вуліцы Банкавай, дзе калісьці працавалі і дзе цяпер месьціцца сакратарыят прэзыдэнта?
Краўчук: Пазалетась, калі сьвяткавалі 1020-годзьдзе хрышчэньня Ўкраіны
Каліноўскі: Сустракаліся вы з прэзыдэнтам Юшчанкам? Як ён да вас ставіцца, ці слухае вашыя парады?
Краўчук: Парады я яму мала даю, але ён ня мае жаданьня, ён слухае сваё бліжэйшае атачэньне, тых людзей, якія яму кажуць прыемныя рэчы. А я кажу тое, што ёсьць насамрэч ва Ўкраіне, і я бачу, што яму гэта не падабаецца
Каліноўскі: Але ў вас створаная паводле вашай ініцыятывы Рада старэйшын, наколькі яна ўплывовая?
Краўчук: Рада гэтая працуе, робіць адпаведныя заявы і рэкамэндацыі, але прэзыдэнт Юшчанка да яе не прыслухоўваецца, а вось прэм’ер ня раз давала адказы на нашыя ініцыятывы. Іншая справа, ці можна іх цяпер ажыцьцявіць ці не…
Каліноўскі: Магчыма, неўзабаве ў гэтую раду папросіцца і Віктар Юшчанка… 5 гадоў ён кіраваў Украінай, вы яго шмат крытыкавалі, а што на вашу думку, застанецца ў плюсе?
Краўчук: Пазытыўна тое, што ён здолеў вярнуць гісторыю Ўкраіны, гістарычную памяць, тыя падзеі, якія адбываліся ў гісторыі і мелі і трагічнае значэньне. Ён здолеў падаць іх грамадзтву ў такім аб’ектыўным выглядзе, і гэта яго заслуга. Заслуга ў тым, што ён вярнуў людзей да духоўнасьці, да свайго мінулага. Але ён тут шмат дэкляраваў, але ня ўсё практычна змог зрабіць. Таму шмат тых праблем, якія ён паставіў правільна, у тым ліку і на Майдане ставіў правільна, не знайшлі практычнай рэалізацыі ў жыцьці.
Каліноўскі: Дазвольце пытаньне ад нашага чытача: “Раней вы падтрымлівалі Віктара Януковіча, цяпер вы сталі даверанай асобай Юліі Цімашэнкі. З чым зьвязаная такая перамена пазыцыі?”
Краўчук: Чалавек мяняе сваю пазыцыю ў залежнасьці ад таго, як мяняецца сытуацыя, палітычныя арыенціры той сілы, да якой чалавек меў сымпатыі. Калі тая сіла памяняла свае арыенціры, то я не магу мяняць свае пазыцыі, я стаю на папярэдніх пазыцыях. Таму тое, што зараз дэкляруе Партыя рэгіёнаў, не адпавядае мім пазыцыям. А тое, што робіць і дэкляруе Цімашэнка, – адпавядае. Таму я яе падтрымліваю.
Каліноўскі: Я ведаю, што вы разышліся зь Януковічам у пытаньні аб інтэграцыі ў NATO…
Краўчук: Па многіх пытаньнях: NATO, мова, рэгіянальная палітыка, адносіны з суседнім дзяржавамі…
Каліноўскі: Вы ў прыватнасьці заявілі, што сяброўству Ўкраіны ў NATO няма альтэрнатывы? Наблізілася Украіна да гэтай мэты?
Краўчук: Думаю, што не. Як не наблізіліся і да Эўразьвязу, таму што трэба рабіць рэформы ў сябе. А мы замест таго, каб рабіць, рыхтаваць сябе да ўступленьня ў NATO, заклікаем да гэтага. А трэба рабіць. І перш за ўсё прэзыдэнту. Ён рабіў гэта мала, а гаварыў шмат…
Каліноўскі: Каб далучыцца да NATO, Украіна мела б пазбавіцца іншаземных вайсковых базаў. Ці выведзе Расея з Украіны свой Чарнаморскі флёт ў 2017 годзе, як выдумаеце?
Краўчук: Трэба пачынаць перамовы з Расеяй, а ня дзейнічаць у аднабаковым парадку. Трэба дзейнічаць канструктыўна, садзіцца і
Трэба пачынаць перамовы з Расеяй, а ня дзейнічаць у аднабаковым парадку.
Каліноўскі: Яшчэ адно пытаньне ад нашага чытача: “У чым прычыны такой палітычнай разьяднанасьці Украіны, калі ва ўсходняй частцы у прапорцыі 85/15 галасуюць за прарасейскія партыі і кандыдатаў, а ў заходняй у такой жа прапорцыі за нацыянальныя партыі і кандыдатаў?”
Краўчук: Так склалася гісторыя Ўкраіны. На Ўсходзе жыве ня толькі расейскамоўнае, але расейскае паводле этнічнасьці насельніцтва. У нас 10–11 мільёнаў расейцаў жыве. І, як правіла, яны жывуць у Крыме і на Ўсходзе Ўкраіны. Яны галасуюць за тыя партыі, якія зьяўляюцца чыста прарасейскімі альбо дэкляруюць прарасейскую палітыку. На Захадзе іншая сытуацыя, і справа ня толькі ў мове, але і гісторыя рэгіёнаў іншая, яны былі пад Польшчай, Румыніяй, Вугоршчынай…
Каліноўскі: Аранжавая рэвалюцыя была пікам такога разьяднаньня… За 5 мінулых гадоў удалося крыху “сшыць” Усход і Захад?
Краўчук: На жаль, не. Бо Юшчанка пачаў дзейнічаць як прэзыдэнт, абраны часткай насельніцтва, а ня ўсім народам…
Каліноўскі: Ці лічыце вы цяперашнія выбары больш дэмакратычнымі, чым мінулыя?
Краўчук: Думаю, не. Зараз, на жаль, актыўна працуюць тыя сілы, якія хочуць сфальшаваць выбары. ЦВК нядаўна ўхваліла недалугае
Будзе ціск, будзе бруд, будзе непавага да людзей…
Каліноўскі: Будзе Майдан?
Краўчук: Магчыма, Майдану ўжо і ня будзе, але я не выключаю нейкія наступствы, калі парушэньні будуць маштабнымі, вульгарнымі і брутальнымі. Зразумела, што людзі павінны заявіць пра сваё непрыняцьце такой дэмакратыі.
Каліноўскі: Адзін з нашых чытачоў параіў вам падзяліцца досьведам правядзеньня выбараў з А. Лукашэнкам…
Краўчук: Калі б Лукашэнка прыехаў альбо запрасіў мяне, я б прыехаў і расказаў яму, як праводзіліся першыя выбары, як увогуле абіраюць прэзыдэнта. Распавёў бы пра пазытыўныя і нэгатыўныя бакі.
Каліноўскі: Вы ведаеце, як у Беларусі праводзяцца выбары?
Краўчук: Толькі са СМІ. Я ня быў там назіральнікам. СМІ ж пішуць, што выбары ў Беларусі праходзяць з парушэньнямі, заходнія назіральнікі іх не прызнаюць.
Каліноўскі: Якое вашае пажаданьне нашым слухачам, грамадзянам Беларусі?
Краўчук: Маё пажаданьне, каб яны жылі так, як хочуць жыць, я ня буду навязваць сваю думку, ня буду крытыкаваць ні цяперашнюю ўладу, ні мінулую. Хачу пажадаць, каб яны больш ведалі, як жывуць людзі ў сьвеце і падыходзілі да абраньня ўлады адпаведна з гэтымі ведамі, абіраць тую ўладу, якую яны хочуць, якая ім прынясе карысьць, абарону, дэмакратыю, свабоду.