Уласныя прэтэнзіі да апазыцыйных актывістаў мае наша даўняя слухачка Галіна Александроўская з Магілёва, зь ліста якой пачну сёньняшнюю размову. Яна піша:
“Апазыцыя распачала сапраўды мышыную валтузьню з уладай Лукашэнкі. Ня ганьбіце назву “апазыцыя”. Бо ў выніку ўсе вашы думкі Лукашэнка прысвоіць сабе, а ўсіх вас выкіне, як адпрацаваны, нікому не патрэбны матэрыял. Улада, якой вы дапамагаеце, зьнішчыла патэнцыял найлепшых беларускіх палітыкаў, ганьбіць і даводзіць да самагубства такіх, як Яна Палякова. У турме працягвае змагацца за справядлівасьць Мікалай Аўтуховіч, які трымае галадоўку. А ваша парожняя балбатня з уладай, апроч шкоды, нічога простаму народу не прынясе.
Вельмі хацелася б разабрацца, хто такі спадар Мілінкевіч. У 2006-м годзе ён яўна быў супраць Лукашэнкі. А вось зараз, наадварот, робіць усё, каб утрымаць яго пры ўладзе. Як ён ня можа зразумець, што апазыцыя ня супраць збліжэньня Беларусі з Эўразьвязам, а супраць таго, каб Лукашэнка рукамі эўрачыноўнікаў умацоўваў уласную ўладу? Без Эўропы і Эўразьвязу Лукашэнка — ніхто. Расея расьцісьне яго ў адзін момант, бо сам ён толькі і ўмее, што забараняць, разганяць і зьнішчаць усіх, хто супраць яго ў Беларусі”.
Тэзіс пра тое, што “Лукашэнка без Эўропы і Эўразьвязу — ніхто”, даволі спрэчны, спадарыня Галіна. Больш як дзесяць гадоў Брусэль не падтрымліваў на высокім узроўні стасункаў з афіцыйным Менскам, а прэзыдэнт Лукашэнка і шэраг ягоных найвышэйшых чыноўнікаў увогуле былі пэрсонамі нон-грата для Эўропы. Але ці прынесла гэта той плён, на які разьлічвалі і Эўразьвяз, і дэмакратычная супольнасьць унутры Беларусі?
Зважаючы на тое, што палітыка ізаляцыі рэжыму не прынесла чаканага выніку, Эўразьвяз і спрабуе цяпер выкарыстаць іншыя падыходы. І абапіраецца ў гэтым на асобных апазыцыйных палітыкаў унутры Беларусі — у прыватнасьці, на Аляксандра Мілінкевіча.
Нядаўні артыкул у газэце “Народная воля”, у якім зроблена спроба дыскрэдытаваць Аляксандра Мілінкевіча, абвінаваціць яго ў згодніцтве і супрацоўніцтве з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі, выклікаў шырокі розгалас у апазыцыйным асяродзьдзі. Вось што піша з гэтай нагоды Раіса Катлярова — таксама, як і спадарыня Александроўская, з Магілёва:
“Кампанія, распачатая супраць Мілінкевіча ў апазыцыйным друку, — гэта, выбачайце, ні ў якія вароты ня лезе. Нам, шараговым грамадзянам (нават такім актыўным, як я) цяжка ва ўсім разабрацца: мы ж нічога закуліснага ня ведаем. Але як на маю памяць, дык перад выбарамі 2006 году “Народная воля” давала свае старонкі пераважна спадарам Оргішу, Ляўковічу, Фралову, Казуліну. Мілінкевіча там было вельмі мала. Калі я спытала сваю дачку: “Дык за кім мне зараз ісьці, каго падтрымліваць?” — яна адказала: “Сядзі дома! Ты ж падтрымлівала Пазьняка — вось і трымайся яго!” Слушная парада. Пазьняку я і ня здраджвала, як і большасьць ягоных паплечнікаў”.
Аўтар наступнага ліста, Віктар Кляноўскі з пасёлку Друя Браслаўскага раёну, распаўсюджваючы сярод аднавяскоўцаў рэклямныя каляндарыкі “Свабоды”, зрабіў для сябе шэраг цікавых назіраньняў. У лісьце на “Свабоду” ён піша:
“У маім пасёлку ёсьць людзі, якія ня маюць патрэбы ва ўказальных знаках: яны выдатна арыентуюцца ў сытуацыі. Але такіх няшмат. Другая катэгорыя насельнікаў — тыя, што ў рабстве ў зялёнага зьмея. Яны нават не разумеюць, навошта я даю ім каляндарыкі. Вось калі б на іх былі фотаздымкі голых бабаў ці бутэлек з “шамурлой”... Тады сказалі б: “Во, нішцяк!” Трэцяя катэгорыя — гэта тыя, хто ля якой-небудзь кармушкі. Атрымліваюць заробак, цішком крадуць сёе-тое з калгаса, калымяць на дзяржаўнай тэхніцы, прадаюць нібыта зэканомленае дызпаліва... Ну, і чацьвертая катэгорыя — тыя, для каго непрымальная хамская палітыка “чаркі і скваркі”. Гэта — людзі, якіх калісьці камуністы пазбавілі ўсяго — свабоды, маёмасьці, спадчыны, мовы, радаводу, зямлі. Мы цудоўна ўсьведамляем, у якое прыніжальнае становішча ў гэтай краіне пастаўлены народ. Бедны народ... Лепш бы мы не жылі на гэтым праклятым скрыжаваньні Эўропы, а прытуліліся б дзе-небудзь на ўскрайку поўначы, як нарвэжцы ці датчане...”.
Можна прывесьці і іншыя прыклады, спадар Кляноўскі. Швайцарцы, аўстрыйцы, чэхі, вугорцы ганарацца тым, што жывуць у цэнтры кантынэнту, на скрыжаваньні дарог ды іншых камунікацыяў. Транзытнае становішча краіны ў сучасным сьвеце — несумненная перавага, якая дазваляе атрымліваць неблагія дывідэнды. Іншая рэч, што гэтае зручнае геаграфічнае становішча трэба ўмець выкарыстоўваць.
Заўважную рэакцыю сярод нашых слухачоў выклікаў нядаўні прапагандысцкі сюжэт дзяржаўнага тэлебачаньня са спробай дыскрэдытаваць актывістаў Маладога фронту, абвінаваціць іх у амаральных паводзінах. Вось які ліст на гэтую тэму даслала нам пэнсіянэрка зь Іўя Ганна Дзядуль. Слухачка піша:
“Я — 85-гадовая бабуля, многае на сваім вяку перажыла і ведаю, дзе праўда, а дзе хлусьня. Мяне абурыла, як прымітыўна і нахабна БТ паспрабавала абрахаць, ачарніць “Малады фронт”. Мы — людзі простыя, але не дурныя: такому тэлебачаньню ня верылі, ня верым і верыць ня будзем. Наадварот, чым болей яны льюць бруду на такую моладзь, тым больш я пераконваюся, што гэтыя хлопцы і дзяўчаты — людзі маральныя, адукаваныя, выхаваныя і жывуць паводле хрысьціянскіх запаветаў. І колькі б ні падкідвалі ў кадар нейкіх бутэлек і шпрыцоў, колькі б ні брахалі — мяне з гэтых перакананьняў яны не пахіснуць.
Гэта — ня толькі мае думкі, але і думкі маіх сябровак. Між сабой мы пра гэта гаворым, але пісаць яны баяцца”.
Ліст адметны тым, што напісала яго жанчына сталага веку — у першую чаргу менавіта на людзей гэтага пакаленьня і накіравана прапагандысцкая прадукцыя дзяржаўных ідэолагаў. Як бачым, спрацоўвае яна далёка не заўсёды так, як на тое разьлічваюць яе стваральнікі.
Вялікая колькасьць нашых слухачоў — удзельнікаў Клюбу сяброў “Свабоды” — зьвяртаецца з просьбай пра кнігу “Адзін дзень палітвязьня”, якая нядаўна выдадзена ў кніжнай сэрыі “Бібліятэка Свабоды”. Вось што пішуць, у прыватнасьці, Капіталіна Рабцава і Мікалай Гошка з пасёлку Слаўнае Талачынскага раёну:
“Мы — старыя і хворыя настаўнікі-пэнсіянэры. Слухаем вас кожны дзень, бо гэта дапамагае жыць (калі толькі можна назваць жыцьцём такое існаваньне). Выпісваем і чытаем “Народную волю”. Мы — за ўсіх, хто аддае сваё здароўе, змагаючыся за свабоду.
Вялікая просьба да вас. Хочам атрымаць кнігу “Адзін дзень палітвязьня”. За лёс усіх нашых палітвязьняў мы хваляваліся і дзякуем вам за тое, што ўбачыла сьвет кніжка пра іх”.
З такой жа просьбай зьвяртаецца да нас і Міхась Лебедзь зь Менску. У сваім лісьце ён піша:
“У выпадку перамогі над аўтарытарызмам, думаю, што ваша і наша Радыё Свабода калі і страціць сваю актуальнасьць як праект ЗША, дык паўстане ў новай ролі і з новай назвай як адзін з праектаў новай Беларусі. Зычу ўсім нам хуткай перамогі”.
Яшчэ адзін наш слухач, Сяргей Ярковіч зь Менску, просіць кнігу ня толькі для сябе. Ён піша:
“Дашліце, калі ласка, кнігу “Адзін дзень палітвязьня” маёй першай настаўніцы Валянціне Герасімаўне Агеенцы, якая, як і я, зьяўляецца сталай слухачкай “Свабоды”. Яна дагэтуль працуе настаўніцай пачатковых клясаў і езьдзіць з райцэнтру ў вясковую школу вучыць дзяцей, дзе нясе ім словы праўды і свабоды, наколькі гэта магчыма ў сучасных умовах”.
З просьбай пра кнігу “Адзін дзень палітвязьня” да нас таксама зьвярнуліся Юры Мельнікаў, Міхась Шэшка,Анатоль Чачотка, Ігар Сьцябуля і Тамара Маханёк зь Менску, Вадзім Жылка з Лунінца, Вячаслаў Арлоў з Баранавічаў, Раіса Катлярова з Магілёва, Пётар Дырында зь вёскі Хілімонаўцы Сьвіслацкага раёну, Анатоль Адаменка з Гомеля і многія іншыя. Ім, а таксама іншым актыўным удзельнікам Клюбу сяброў “Свабоды”, мы дашлем гэтую кнігу як падарунак ад нашага радыё.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by