У эканамічны крызіс у Баранавічах перасталі прыносіць прыбытак амаль тры дзясяткі яшчэ нядаўна адносна моцных заводаў і фабрык. Сярод іх — Баранавіцкі аўтаагрэгатны завод. Пра прычыны спаду вытворчасьці расказаў “Свабодзе” галоўны эканаміст гэтага прадпрыемства Сяргей Станкевіч:
“Зьніжэньне аб’ёму паставак на МАЗ — на 52,7%. Мы пастаўлялі 67% прадукцыі на МАЗ. Сёньня гэты аб’ём замяніць за некалькі месяцаў ні практычна, ні тэарэтычна немагчыма. Наш завод жорстка прывязаны да зборачнага канвэера МАЗу. Каму гэтыя МАЗы патрэбны?! Сёньня спыніліся КАМАЗ, ПАЗ, ГАЗ, Мэрсэдэс”.
заробкі ў верасьні былі мільён дваццаць. А сёньня — пяцьсот сорак…
Праз скарачэньні працоўнага дня істотна зьмяншаюцца заробкі:
“У верасьні яны былі мільён дваццаць. А сёньня — пяцьсот сорак. Гэта амаль у два разы”, — падлічвае Сяргей Станкевіч.
Тэкстыльшчыкі Баранавіцкага баваўнянага камбінату атрымліваюць яшчэ менш:
“Заробкі — ад 200 да 400 тысяч рублёў. Камбінат працуе ў асноўным на склад”, — паведаміў адзін зь яго супрацоўнікаў Ян Сяргейчук.
Кіраўнікі многіх прадпрыемстваў хаваюць інфармацыю пра падзеньне паказчыкаў.
“Было такое зьніжэньне. Увогуле гэтая інфармацыя больш-менш канфідэнцыйная. Ніякіх тлумачэньняў тут ня трэба, напэўна”, — адказаў генэральны дырэктар вытворчага аб’яднаньня “Баранавічыдрэў” Мікалай Асос.
Паводле афіцыйнай статыстыкі, зьніжэньне рэнтабэльнасьці баранавіцкіх прадпрыемстваў суправаджаецца ростам запасаў прадукцыі на іхніх складах.