Ганцавіцкі завод, дзе вырабляюць сьцены для панэльных дамоў, цяпер больш прастойвае, чым працуе. Пра гэта гаворыць работніца прадпрыемства Тацьцяна Ярашэвіч:
“У нас фактычна ўжо няма прадпрыемства. Вельмі мала людзей засталося працаваць. І хаця ўсе ведаюць, што грошы камбінат атрымаў, але куды яны дзеліся, ніхто ня кажа. У нас жа шмат начальства... А заробкаў як не было, так і няма. Працы няма, як і не было”.
Раней Ганцавіцкі КПД выконваў заказы мэліярацыйнага будаўніцтва. Тут мелі працу больш як 600 чалавек. Цяпер жа, як кажа супрацоўнік адміністрацыі юрыст Віталь Барташ, сыходзяць апошнія з прафэсіяналаў:
“Зараз амаль усе былыя нашы працаўнікі пераходзяць у іншыя будаўнічыя арганізацыі. Альбо ў Маскве, у Пецярбургу, у Менску. Цяпер вось ПМК-14 нядрэнна падымаецца, атрымлівае заказы. Працэнтаў 20 нашых людзей адразу перайшлі туды”.
Ва ўмовах крызісу Ганцавіцкі КПД пакінулі дырэктар і галоўны бухгальтар
Ужо ва ўмовах крызісу Ганцавіцкі КПД пакінулі дырэктар і галоўны бухгальтар. А цяпер новае кіраўніцтва спрабуе атрымаць санкцыю на банкруцтва і тым самым сьпісаць даўгі. Аднак нават калі гэта адбудзецца, час страчаны, і аднавіць вытворчасьць праблематычна. Канстатуе Віталь Барташ:
“Панэлі ды іншыя жалезабэтонныя вырабы Пінск і Баранавічы завозяць зь Берасьця і Менску. Гэта вынік таго, што прадпрыемства было перададзенае ня ў тыя рукі. Няма ў Ганцавіцкім раёне спэцыялістаў, якія маглі б кіраваць КПД ці аказваць яму дапамогу”.
Нельга сказаць, што пагаршэньне спраў на Ганцавіцкім КПД, адбываецца раптоўна. Яшчэ летась камітэт дзяржкантролю Беларусі пакараў кіраўніцтва прадпрыемства па выніках праверкі. Было выяўлена, што грашовыя інвэстыцыі траціліся (цытую) “без карысьці вытворчасьці і людзям”.