Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Баранавічы: чым ніжэй заробкі, тым больш “зайцоў”


Паводле афіцыйнай статыстыкі, у Баранавічах цяпер найменшыя сярод прамысловых цэнтраў заробкі. Своеасаблівае адлюстраваньне гэтага — імклівы рост колькасьці безьбілетнікаў у грамадзкім транспарце.


Штраф за безьбілетны праезд складае 7 тысяч рублёў. Талёнчык у гарадзкім транспарце каштуе 500 рублёў. Нягледзячы на тое, што яго кошт не паднімаўся ўжо два гады, гараджане ўсё больш стараюцца зэканоміць менавіта на праезьдзе ў аўтобусе.

“Колькасьць выяўляных безьбілетных пасажыраў, несумненна, расьце. Арыенціровачна складае каля 1000 чалавек у месяц”, — паведамляе начальнік службы перавозак Баранавіцкага аўтапарку Віталь Курэцкі.

Ён вызначае сацыяльныя катэгорыі безьбілетнікаў:

“Асноўны кантынгент, які выяўляецца, — гэта, канечне ж, моладзь. Таксама гэта людзі, якія ня маюць пэўнага месца працы, людзі сталага веку, якія ня маюць дастатковых сродкаў для існаваньня”.

Кантралёр Іна Шэйна дадае:

“Часта трапляюцца студэнты. Напрыклад, мінчане, калі едуць, ня хочуць аплачваць у нас у горадзе праезд. Шмат моладзі, калі едуць на дыскатэкі вечарам. Бамжы ніколі не аплачваюць. Інтэлігенцыя трапляецца часам таксама. Грошай няма, не пасьпеў купіць”.

Але галоўная прычына, на чым сыходзяцца ўсе, — гэта ўскладненьне агульнага эканамічнага становішча насельніцтва. Так, інжынэр па арганізацыі кантролю Леанід Таранда лічыць:
Няма за што купіць хлеба, крэдыты два месяцы не выплачваем ...

“Хутчэй за ўсё, я так думаю, што безграшоўе. Дабрабыт грамадзян на 30—40% зьменшыўся. Раскажу такі выпадак. Едзе жанчына гадоў 35 і яе сын. Яна едзе без талёну: прабачце, няма за што купіць хлеба, крэдыты два месяцы не выплачваем”.

Супрацоўнікі аўтапарку скардзяцца, што рост колькасьці безьбілетнікаў адчувальна б’е і па прыбытках арганізацыі, і па іхніх зарплатах:

“Гэта ня можа радаваць нас як прадпрыемства з улікам фінансавых праблем, якія існуюць у горадзе. Так, даходы падаюць у нас”, — пераконваюць Віталь Курэцкі і Леанід Таранда.

Са слоў апошняга, акрамя штрафаў, ужываюцца і іншыя віды пакараньня:

“У прэсе трохі публікуем. Калі чалавек працуе, пасылаем на працу для рэагаваньня. А з працы прыходзіць адказ — “праведзена гутарка”. Ёсьць заводы, напрыклад, “Атлянт”, там вельмі строга. Там залежыць ад дырэктара. Будзем павялічваць колькасьць рэйдаў з прыцягненьнем супрацоўнікаў міліцыі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG