У Баранавічах на плошчы Леніна сабралася каля трыццаці індывідуальных прадпрымальнікаў. Арганізатары разьлічвалі на большую колькасьць. Агулам у горадзе налічваецца каля пяці тысяч прыватных гандляроў.
Як ацэньваюць акцыю арганізатары? Пытаюся пра гэта ў аднаго зь іх — Мікалая Чарнавуса:
“Увогуле, акцыя атрымалася крыху спантаннай, бо яна арганізоўвалася ў сьнежні, калі быў напал жарсьцяў.
Яшчэ замінае адзін нюанс. Навучаныя горкім досьведам перасьледу, людзі баяцца. Вось сюды зараз будуць накіроўвацца міліцыянты, фатаграфаваць, здымаць на відэа…”
Акцыя адбываецца побач з будынкам Баранавіцкага гарвыканкаму. Ніякай рэакцыі з боку ўлады няма. Толькі адзін раз падыходзіў міліцыянт, і яшчэ два міліцыянты пільнуюць непадалёку.
Сваё меркаваньне наконт сёньняшняй акцыі выказвае вядомы ў Баранавічах грамадзкі актывіст Віктар Сырыца:
“Канечне, гэтая акцыя не ўдалася. Яны ж індывідуальныя прадпрымальнікі. Самая галоўная бяда, што кожны сам за сябе, няма калектыўнага духу. Таму і не адбываецца гэтая акцыя пратэсту”.
Акцыя ў Баранавічах пачалася а 12-й і доўжылася ня больш як адну гадзіну.