Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Баранавічы працуюць на склад


Дадзеныя афіцыйнай статыстыкі сьведчаць, што ў Баранавічах цяпер найбольшыя на Берасьцейшчыне запасы гатовай прадукцыі.


Прамысловых тавараў на складах ужо больш як 130 працэнтаў да сярэднемесячнага вырабу.

Затаварваецца, сярод іншых, акцыянэрнае таварыства “Баранавічыдрэў”. Як паведаміла старшыня прафсаюзнага камітэту прадпрыемства Галіна Нікалаева, на складах цяпер застаюцца вокны, вырабленыя яшчэ ў студзені:

“На вокны зараз вельмі мала заказаў. Таму людзей папераводзілі на іншыя ўчасткі. Увогуле, сапраўды, у нас цяжкое становішча — няма працы. Людзі застаюцца бяз справы па некалькі дзён”.

Акцыянэрнае таварыства “Баранавічыдрэў” вырабляе драўляныя вокны. А яго асноўны канкурэнт, прыватная фірма “Баранавіцкія вокны”, забясьпечвае рэгіён таньнейшымі вокнамі з плястыку. У гэтай сытуацыі лепш за іншых зарыентаваўся былы дырэктар “Баранавічыдрэва” Генадзь Карабанаў. Ён пакінуў крызіснае прадпрыемства і ўзначаліў пасьпяховае. Цяпер, кажуць, заробкі на “Баранавічыдрэве” — найменшыя ў горадзе.

“Мы да студзеня працавалі нармальна. А тут раптам гэты крызіс. Упершыню заробак выплацілі ня ў тэрмін, хоць у апошнія дзесяць гадоў не было такога, каб затрымлівалі. А зараз увогуле атрымліваем маленькія грошы”.

Далей загадчыца аддзелу збыту “Баранавічыдрэва” Вера Шалесная паведаміла “Свабодзе”, што не ўдаюцца пакуль і спробы прадаваць дзьверы за межы Беларусі:

“У Расію сёньня вельмі цяжка вырвацца. Хацелася б працаваць з Украінай, Прыбалтыкай, Казахстанам. Але ёсьць цяжкасьці. Пакуль далёка нам. Канкурэнцыя вялікая. Кожны адзін перад адным скідае цэны. Камэрсанты тут таксама значна ўплываюць”.

Нагадаю, што беларускі ўрад у сакавіку выдаў пастанову № 298, паводле якой запоўненасьць на складах павінна быць меншай амаль у два разы. Але ці рэальна гэта выканаць у Баранавічах? Вось што адказвае на пытаньне інжынэр тутэйшага заводу станкабудаўнічых прыладаў Іван Бушчык:

“Сэрыйная вытворчасьць закладзена даўно. Плян даводзяць — мы робім. Рабілі, рабілі, а сёньня продажы ня йдуць. Пляны павялічваюцца. Іх трэба выконваць. А куды падзець прадукцыю, калі нічога не прадаецца?”

Афіцыйна заяўлена, што апошнім часам зьнізілі продаж сваёй прадукцыі закрытае акцыянэрнае таварыства “Атлант”, аўтаагрэгатны завод, унітарнае прадпрыемства “Гандальмаш”, аб'яднаньне “Аўтаматычныя лініі”. Павялічваюцца і запасы вырабленых у Баранавічах пральных сродкаў, пладовага віна, мясной і малочнай прадукцыі, распушчальнай кавы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG