Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейскія СМІ пра запрашэньне Лукашэнкі ў Прагу


Аляксандар Лукашэнка і Карэл Шварцэнбэрг
Аляксандар Лукашэнка і Карэл Шварцэнбэрг
“Запрашэньне на травеньскі саміт ЭЗ у Прагу, якое было ўручанае ў Менску беларускаму кіраўніку чэскім міністрам замежных спраў, не было пэрсанальным запрашэньнем для Лукашэнкі”, цытуе словы прэсавага сакратара чэскага ўраду галяндзкае выданьне NRC Handelsblad.

Паводле выданьня, гэтая заява прэсавага сакратара была зробленая ў пятніцу ўвечары.

Як падаюць нідэрляндзкія выданьні, “ЭЗ спадзяецца, што беларускі прэзыдэнт не зьявіцца ў Прагу, а замест сябе накіруе на саміт свайго прадстаўніка”.

Бэльгійская De Morgen паведамляе, што падобнае рашэньне ЭЗ расчаравала беларускую апазыцыю. Выданьне цытуе колішняга кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі Аляксандра Казуліна адносна таго, што ЭЗ “адышоў ад сваіх фундамэнтальных каштоўнасьцяў”.
Аглядальнікі падкрэсьліваюць, што Нідэрлянды адна зь нямногіх краін-сябраў ЭЗ, якая стала выступае супраць запрашэньня беларускага кіраўніка на нефармальны саміт ЭЗ.

Раней у часе нефармальнай сустрэчы кіраўнікоў МЗС ў чэскім Глубока над Влтавай галяндзкі міністар Максім Фэрхагэн адзначыў: “Лукашэнка ня той чалавек, якому можна падаць руку”. Вэрхагэн заявіў, што ў выпадку, калі Лукашэнка ўсё ж зьявіцца ў Празе, ён закаціць беларускаму лідэру сапраўдны скандал з выкрыцьцём.

Не схільны падаваць рукі Лукашэнку і чэскі прэзыдэнт Вацлаў Клаўс. Ва ўчорашняй заяве журналістам ён падкрэсьліў, што адмаўляецца не толькі прымаць таго ў сваёй рэзыдэнцыі, але нават і сустракацца зь ім.

Паводле уплывовага нямецкага выданьня Sueddeutsche Zeitung, “кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў ЭЗ апынуліся ў складанай сытуацыі. Цяпер усё залежыць ад таго, наколькі Лукашэнка разумее “дыскрэтную мову дыпляматыі”, каб накіраваць на сустрэчу свайго прадстаўніка, таго ж кіраўніка беларускага ўраду.

Аглядальнікі не выключаюць, што статус травеньскага саміту можа стаць куды ніжэйшым чым гэта загадзя меркавалася, бо шэраг кіраўнікоў дзяржаў ЭЗ могуць проста не прыехаць у Прагу.

Некаторыя, паводле Sueddeutsche Zeitung, ужо выказалі сваё незадавальненьне старшынствам Чэхіі, а таксама падрыхтоўкай гэтай краіны да праскай сустрэчы. Выглядае, што акрамя Лукашэнкі больш ніхто не атрымаў афіцыйнага запрашэньня на сустрэчу. Ня выключана, што дасланыя за кароткі час запросіны проста не задаволяць Нікаля Сарказі і некаторых яго калегаў.
Як піша нямецкае выданьне са спасылкай на дыпляматычную крыніцу ў Брусэлі, многія лічаць, што надзвычай кепска распрацаваны і зьмест сустрэчы.

Тым часам МЗС Італіі вітае запрашэньне прэзыдэнта Беларусі ў Прагу.

У пятніцу ў кулюарах міжнароднай канфэрэнцыі па праблемах раззбраеньня ў Рыме міністар Франка Фратыні заявіў журналістам,
што лічыць правільным такое запрашэньне, “а вось потым хай кожная краіна вызначае ўзровень свайго ўдзелу”.

Кіраўнік замежнапалітычнага ведамства Італіі таксама заявіў, што неўзабаве чакаецца візыт беларускага кіраўніка ў Італію і Ватыкан. Лукашэнка правядзе перамовы ў італьянскім МЗС, а таксама атрымае аўдыенцыю ў Папы Бэнэдыкта XVI у Апостальскім палацы ў Ватыкане.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG