Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лябедзька: Эўразьвяз аддаў ініцыятыву Лукашэнку


Карэл Шварцэнбэрг і Сяргей Мартынаў
Карэл Шварцэнбэрг і Сяргей Мартынаў
Сёньня міністар замежных спраў Чэхіі Карэл Шварцэнбэрг, які знаходзіцца з двухдзённым візытам у Менску, перадаў кіраўніку беларускай дзяржавы запрашэньне на ўдзел у саміце Эўразьвязу. 7 траўня ў Празе будзе афіцыйна прэзэнтавацца праграма “Ўсходняе партнэрства”. Сярод шасьці яе ўдзельнікаў — і Беларусь. Як рэагуе на гэтае паведамленьне беларуская палітычная апазыцыя?

Вінцук Вячорка
Першы намесьнік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка: “Калі эўрапейскія дыпляматы, нават дыпляматы, якія паходзяць з дэмакратычнага руху былых камуністычных краінаў, думаюць, што Лукашэнка разумее паўтоны, намёкі, дыпляматычную мову, то яны памыляюцца. І калі тут разьлік на тое, што Лукашэнка фармальна будзе запрошаны, а фактычна не паедзе, то гэта яшчэ бабуля надвое варажыла.

Як бы не атрымалася сапраўды так, што замест уратаваньня незалежнасьці Беларусі і яе дэмакратычнай пэрспэктывы атрымаецца замацаваньне яе дэмакратычнай антыпэрспэктывы. І ўскосным чынам узмацніцца пагроза яе незалежнасьці“.

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька кажа, што такі падыход з боку Брусэля апошнім часам прагназаваўся:

Аляксандар Лукашэнка
“Гэта — сакрэт Палішынэля. Пра гэта гаварылі, гэта прагназавалася. Вядома, цікава было б паглядзець тэкст запрашэньня, бо пакуль не прачытаеш, нельга гаварыць закончанымі фразамі.

Але ў любым выпадку Эўразьвяз аддаў ініцыятыву Аляксандру Лукашэнку. Ён стварыў для яго дастаткова шырокае поле для прыняцьця рашэньня. У любым выпадку, што б Лукашэнка ні зрабіў, гэта будзе крок, на які ўжо мусіць рэагаваць Брусэль. Ехаць, ці ня ехаць, ці кагосьці накіроўваць. Але ініцыятыва цяпер у Аляксандра Лукашэнкі. І гэта трэба прызнаваць“.

Сёньня раніцай Карэл Шварцэнбэрг задаваў прадстаўнікам апазыцыі пытаньне: “Што могуць зрабіць Чэхія і Эўразьвяз, каб сытуацыя ў Беларусі зьмянялася?”. Ён сустракаўся з Алегам Гулаком, Аляксандрам Казуліным, Аляксандрам Мілінкевічам, Алесем Міхалевічам і Паўлам Севярынцам.

Для кіраўніка руху “За свабоду” Аляксандра Мілінкевіча Карэл Шварцэнбэрг — даўні знаёмы. Яны падтрымліваюць прыязныя стасункі яшчэ з тых часоў, калі спадар Шварцэнбэрг займаўся правамі чалавека. І таму яму лёгка зразумець беларускую сытуацыю, падкрэсьлівае спадар Мілінкевіч:

Аляксандар Мілінкевіч
“А я яму казаў: тыя зьмены, што ёсьць, яны пакуль што няпэўныя, несыстэмныя, недастатковыя. А для таго каб стала лепш, павінны зьявіцца дарожная мапа альбо плян дзеяньняў. І павінны быць выпрацаваны пэўныя крытэрыі ацэнкі працэсу з двух бакоў, а таксама вызначаныя крокі. Бо бяз гэтага, аднымі дэклярацыямі і пажаданьнямі, вельмі цяжка зьмяняць сытуацыю на карысьць дэмакратыі”.

Алег Гулак, старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту, падкрэсьліваў: сыстэмных зьменаў у галіне правоў чалавека пакуль няма.

Алег Гулак
“На жаль, парушальнікі правоў чалавека не прыцягваюцца да адказнасьці. І гэтая праблема нас засмучае. Але, на маю думку, праграма „Ўсходняе партнэрства“ ўтрымлівае мэханізмы, якія дазваляюць уцягваць Беларусь у эўрапейскае супрацоўніцтва і такім чынам уплываць на становішча з правамі чалавека. А для гэтага патрэбны сур’ёзныя маніторынгавыя праграмы. А апэратыўныя вынікі такіх маніторынгаў трэба зьвязаць з тымі эканамічнымі прапановамі, якія Эўразьвяз рабіў бы для Беларусі. І ў такім кантэксьце дачыненьні разьвіваліся б”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG