СЛУХАЦЬ:
Рашэньне распачаць зь Беларусьсю дыялёг па праблемах правоў чалавека прынялі міністры юстыцыі і ўнутраных спраў краін Эўразьвязу на сустрэчы ў Люксэмбургу 6 красавіка. Абвешчана, што дыскусіі будуць праходзіць не радзей як раз на год у фармаце тройкі: прадстаўнікі Эўразьвязу, беларускіх уладаў і беларускія праваабаронцы.
У Радзе Эўразьвязу заяўляюць са спасылкай на афіцыйныя колы ў Беларусі, што Беларусь “неаднаразова выказвала жаданьне ўзяць удзел у гутарках на тэму правоў чалавека”. Сёньня я запытаўся ў прэсавай службе Міністэрства замежных спраў, ці ёсьць ужо афіцыйная рэакцыя на прапанову зь Люксэмбургу? У МЗС адказалі, што калі такая рэакцыя зьявіцца, яе адразу зьмесьцяць на сайце міністэрства. Да вечара 7 красавіка такога камэнтара МЗС не зьявілася.
Старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак вітаў прапанову эўрапейцаў распачаць зь беларускімі ўладамі дыялёг пра выкананьне правоў чалавека ў краіне. Тое, што ў дыялёгу ў якасьці паўнавартаснага трэцяга боку прапанавана ўдзельнічаць і праваабаронцам, на думку Алега Гулака, сьведчыць пра “курс на максымальную адкрытасьць і эфэктыўнасьць дыскусіі”.
Алег Гулак: “Ня думаю, што мы пабачым вельмі вялікую актыўнасьць нашых уладаў. На сёньня ў нас няма падстаў, каб быць вельмі аптымістычнымі ў гэтым сэнсе. Але спадзяюся, улады зробяць высновы. Безумоўна, гэта новы мэханізм, які адкрываецца для беларускай супольнасьці ў справе паляпшэньня сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Яго, безумоўна, трэба выкарыстоўваць”.
Якія тэмы праваабаронцы прапануюць у першую чаргу абмеркаваць з удзелам эўрапейцаў і прадстаўнікоў беларускіх уладаў? Алег Гулак за тое, каб абмеркаваньне дапамагло канчаткова вырашыць праблему палітвязьняў. Праваабаронца адзначае крымінальны перасьлед актывіста Арцёма Дубскага і тое, што асуджаныя ў “справе 14-ці” — гэта фактычна палітвязьні, хоць яны і не знаходзяцца ў турмах. “Трэба найперш абмеркаваць праблему несправядлівасьці судоў, залежнасьці судовай улады ад выканаўчай”, — мяркуе Алег Гулак.
Праваабаронца Валянцін Стэфановіч лічыць вельмі балючай праблему гуманізацыі крымінальнага закону і сыстэмы выкананьня пакараньняў. Ужо колькі гадоў Беларусь заклікаюць адмовіцца ад сьмяротнай кары, але ўлады краіны не рэагуюць на заклікі, адзначае праваабаронца. Валянцін Стэфановіч вітае дыялёг, але не чакае ад яго значнага прарыву ў галіне правоў чалавека:
“Усё, што тычыцца сыстэмных зьменаў, гэта значыць зьменаў у законах, мне падаецца для ўладаў вельмі нязручным. Бо яны могуць цудоўна выказвацца, каб звонку падавалася, што зьмяніўся да лепшага тон. Але нам што да тону, калі рэальных зьменаў ня будзе? А іх ня будзе бязь зьменаў у законах”.
Лідэр Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі, былы дэпутат Нацыянальнага сходу Сяргей Гайдукевіч мяркуе, што на сёньня найважнейшае — гэта пачаць дыялёг, а ня тое, наколькі вострыя тэмы будуць у ім закранацца:
“Гэта важна збольшага для любой краіны. Якой будзе пазыцыя беларускага Міністэрства замежных спраў? Безумоўна, беларускі бок не зацікаўлены ў тым, каб пачатак дыялёгу ператварыўся ў адны абвінавачаньні. Так, ёсьць пра што казаць. Але, магчыма, трэба даць дыялёгу пачацца, каб ён хутка не спыніўся”.
Меркаваньні дэпутатаў Нацыянальнага сходу з камісіі па правах чалавека даведацца не ўдалося. “Дэпутаты разьехаліся па акругах”, — адказала сакратарка і адмовілася даць мабільныя тэлефоны народных абраньнікаў.