Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В.Гавэл: НАТО магло б заканчвацца на мяжы з Расеяй


Грамадзкі рэдактар Свабоды на гэтым тыдні Вацлаў Гавэл. Першы дэмакратычны прэзыдэнт Чэхаславаччыны , а потым Чэхіі, адзін з закладальнікаў руху Хартыя-77, пісьменьнік і філёзаф. Паводле словаў Васіля Быкава, які некалькі сваіх апошніх гадоў пражыў у Празе, “на прыкладзе Вацлава Гавэла сьвет убачыў не так часта ажыцьцёўлены пастулят -- мару антычнага Платона пра тое, каб філёзафы апыналіся пры ўладзе, а ўладары рабіліся філёзафамі.’’ Сёньня Вацлаў Гавэл у адказах на пытаньні карэспандэнта Радыё Свабода Джэрэмі Бранстэна гаворыць пра тое, дзе, на яго думку, павінна закончыцца пашырэньне НАТО і Эўразьвязу.


Карэспандэнт: Мінула 20 гадоў з часу рэвалюцыяў у Цэнтральнай і Усходняй Эўропе, якія прывялі да падзеньня камунізму. Такія краіны, як Чэская рэспубліка, цалкам уступілі ў “заходні клюб”, далучыўшыся і да НАТО, і да Эўрапейскага Зьвязу. Ці існуе небясьпека для краінаў, якія застануцца па-за гэтым клюбам, што яны апынуцца зноў так бы мовіць па другі бок Бэрлінскай сьцяны?

Гавэл: Гэта, вядома, было б нядобра. Але пры ўсім тым мяркую, што мы б мелі ясна усьведамляць, дзе пачынаюцца і дзе сканчаюцца асобныя цывілізацыйныя ці рэгіянальныя сфэры. Таму што размазаная мяжа заўсёды зьяўляецца крыніцай канфліктаў, канфрантацыі, а пазьней войнаў. Большасьць войнаў пачынаюцца з-за тэрыторыі. І мне здаецца, нічога няма дрэннага ў тым, калі нешта геаграфічна адмежавана ад нечага іншага, што побач. Потым могуць (гэтыя суб'екты –рэд. ) па-партнэрску супрацоўнічаць. Але трэба зьвяртаць асаблівую ўвагу, каб гэта геаграфічная мяжа не азначала жалезную заслону.

Карэспандэнт: Калі нядаўна ў Празе адзначалі 10 гадоў далучэньня Чэхіі да НАТО, вы выказалі меркаваньне, што гэты альянс ня можа пашырацца бясконца. Паводле Вас, НАТО павінна было спыніцца на беларуска-расейскай і ўкраінска-расейскай межах. Дзе ўсё ж павінны быць межы НАТО?

Гавэл: Вядома, гэта рашэньне залежыць не ад мяне, залежыць ад альянсу ў цэлым, залежыць ад волі розных народаў і іншых рэчаў. Калі б я меў выказаць сваё даўно ўсталяванае ўяўленьне, то (НАТО) магло б ахопліваць межы Эўропы і, падобна, як Эўразьвяз, магло б заканчвацца на мяжы з Расеяй, дзе пачынаецца новая вялікая эўразійская цывілізацыйная прастора, раўнацэнная гэтай ( эўразьвязаўcкай -- рэд.), але проста іншая. Само сабой зразумела, што аснова гэтых арганізацый палягае на каштоўнасьцях, гэта для іх вызначальнае. Але тое, на што я зьвяртаю ўвагу, гэта і той погляд геаграфічны. На сьвеце 200 дзяржаў і будучае палягае ў канстытуцыяналізацыі большых рэгіянальных супольнасьці і іх добрай каапэрацыі. І яшчэ раз падкрэсьліваю, што гэтыя супольнасьці павінны ведаць, дзе яны пачынаюцца і дзе заканчваюцца, а гэта і геаграфічны аспэкт.

Карэспандэнт: Калі гаварыць пра Расею як вялікую імпэрыю – то дзе яна пачынаецца і заканчваецца? Што, напрыклад, Чачэнія – чым яна павінна быць – часткай Расеі або не?

Гавэл: Праблема як раз у тым, што Расея ў гісторыі ніколі дакладна не ведала, дзе яна пачынаецца , а дзе сканчаецца. У гэтым канкрэтная праблема. Тым не менш, я выступаю не толькі за свабоду грамадзянаў, але і народаў. І калі чачэнскі народ сапраўды сур'ёзна і назаўсёды хоча быць незалежнай дзяржавай , прайсьці праз фазу самастойнасьці, то ён павінен гэта права мець.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG