Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Калі і не ідзем да вас, то паварочваемся"


Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Эфір 19 сьнежня

У чацьвер Аляксандар Лукашэнка даў вялікае інтэрвію пяці дзяржаўным мэдыям. Дзеля чаго яно ладзілася? Ці сапраўды Беларусь чакае лібэралізацыя? Ці адбываюцца карэктывы ў беларускай замежнай палітыцы?

Удзельнікі: рэдактар інтэрнэт-газэты “Мы” Кірыла Пазьняк і намесьнік галоўнага рэдактара “Белгазеты” Віктар Марціновіч.


У чым сэнс інтэрвію?

Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч: “Найперш пра фармат інтэрвію. Дзеля чаго яно было арганізавана? Ці можна ўявіць, што кіраўнікі пяці дзяржаўных мэдыяў раптам адначасова вырашылі: а давайце мы задамо пытаньні кіраўніку дзяржавы? Што і каму хацеў сказаць Лукашэнка? Які мэсыдж імкнуўся даслаць?”

Кірыла Пазьняк: “Такія інтэрвію — гэта асаблівы фармат. Гэта праграмны выступ. Але каб не было шматгадзіннага маналёгу і каб лепш слухалася, кіраўнікі дзяржаўных мэдыяў задавалі пытаньні, разьдзялялі тэмы.

Прэсавыя канфэрэнцыі зь вялікай колькасьцю журналістаў разьбіваюцца на дробныя пытаньні. А калі там прымаюць удзел прадстаўнікі незалежных мэдыяў, то ёсьць небясьпека вострых пытаньняў. У такім выпадку праграмнасьць можа зьбівацца, ня быць такой выверанай і зрэжысаванай. Да таго ж могуць быць і эмацыйныя выказваньні Лукашэнкі. Гэта праграмнае інтэрвію, якое асьвятляе тымчасовы момант, зьвязаны з апошнімі трансфармацыямі палітыкі ва ўсіх кірунках“.


Каму і які мэсэдж?

Пазьняк: “Адрасаты гэтага інтэрвію — Захад, Расея, насельніцтва Беларусі. Прычым найперш насельніцтва. Бо адна частка яго можа пацярпець ад гэтых трансфармацый. А другую частку Лукашэнка бачыць рухавіком гэтых трансфармацый. Гэта была чарговая іньекцыя антыкрызіснага заспакаяльнага з боку Лукашэнкі”.

Віктар Марціновіч
Віктар Марціновіч: “Мэсыджаў два, гэтаксама як адрасатаў.

Першы адрасат — гэта насельніцтва, перадусім дзьве групы. Гэта грамадзяне, якія маюць рахункі ў банках. Ім даведзена, што ня трэба забіраць грошы з банкаў, таму што вялікія працэнты па ўкладах. Затым — гэта бюджэтнікі, якім скарацілі заробкі. Цікава, што і сам Лукашэнка, і кіраўнікі мэдыяў пазьбягалі ўжываць слова “скарачэньне”, яны выкарыстоўвалі нейкія эўфэмізмы кшталту “непавышэньня заробкаў”.

Другі адрасат інтэрвію — Расея. Магу заўважыць, што ні мэсыджы, ні адрасаты не зьмяніліся. Усё як і раней“.


Ці сапраўды Беларусь чакае лібэралізацыя?

Карбалевіч: “Галоўная небясьпека, пра якую казаў Лукашэнка, — гэта крызіс. Кіраўнік дзяржавы падкрэсьліваў, што гэты крызіс ня наш, ён прыйшоў звонку.

Вось сп. Марціновіч кажа, што пасланьне Лукашэнкі не зьмянілася, усё як і раней. Але вось у інтэрвію ўвага была акцэнтавана на лібэралізацыі, прычым ня толькі ў эканамічнай сфэры, але і ў грамадзкім жыцьці. І гэта трохі незвычайна. Дык ці сапраўды нас чакае лібэралізацыя?“

Кірыла Пазьняк
Пазьняк: “Дамінавала тэма эканамічнай лібэралізацыі. Пакуль ідзе, я б сказаў, мабілізацыя на лібэралізацыю чынавенства. Лукашэнка жорстка выказаўся наконт індывідуальных прадпрымальнікаў. Маўляў, вам давалі паблажкі — чаго вы шуміце і непрыстойна сябе паводзіце?

Лібэралізацыя эканомікі патрэбная дзеля мадэрнізацыі. А гэта немагчыма без удзелу заходняга капіталу і прэфэрэнцыяў з боку Эўропы. А гэтага ня будзе без дэмакратызацыйнага даважку, якога вымагае Эўропа. Таму Лукашэнка кажа пра распаўсюд лібэралізацыі на ўсё грамадзтва.

Але гэта пакуль больш дэклярацыя. І Лукашэнка, кажучы пра лібэралізацыю, акцэнтаваў увагу на сацыяльнай сфэры, узгадваў права людзей на працу, на дабрабыт.

Але пэўныя крокі робяцца і ў гэтым кірунку. Гэта і палёгка для дзьвюх газэтаў, і рэгістрацыя руху “За свабоду”. Шмат што будзе залежаць ад рэальнага правапрымяненьня гэтых рашэньняў. Таксама цяпер важна, як незалежнае грамадзтва скарыстае гэтыя палёгкі“.

Марціновіч: “А я працягваю настойваць на тым, што гэта ня новая сытуацыя.
Пры зьяўленьні новага тэрміну “лібэралізацыя” не зьявілася новага фэномэну.
Пры зьяўленьні новага тэрміну “лібэралізацыя” не зьявілася новага фэномэну. Новым словам Лукашэнка называе тое, што рабілася і раней.

Вельмі яскрава выявілася Лукашэнкава разуменьне лібэралізацыі, калі ён кажа пра правы чалавека. Ён разумее гэта не ў заходняй трактоўцы гэтага панятку. Лукашэнка ўжывае стары савецкі падыход, то бок — права на працу, на жыцьцё і інш.

Але нават і ў эканоміцы лібэралізацыя выклікае сумненьні. Вось Лукашэнка з гонарам казаў, як ён не дазволіў прыватызацыю “Камунаркі”. Але гэткія прыклады зусім не прывабяць замежных інвэстараў, які і тыя ўмовы, якія былі пастаўленыя перад імі. З такім сэнсавым полем мы існуем ужо 14 гадоў. Навошта называць гэта лібэралізацыяй?“



Ці адбываюцца карэктывы ў замежнай палітыцы Беларусі?

Карбалевіч: “Шмат увагі аддавалася ў інтэрвію замежнай палітыцы, геапалітычнаму месцу Беларусі, балянсаваньню паміж Расеяй і Захадам. Асабліва цікавай была інфармацыя, што Беларусь прасіла ў ЗША 5 мільярдаў даляраў
Мэсыдж у бок Захаду такі: мы калі і не ідзем да вас, то паварочваемся.
крэдыту. А што вам падалося тут цікавага?”

Пазьняк: “Лукашэнка шмат казаў пра такую каштоўнасьць, як незалежнасьць. А ў дачыненьнях з Захадам акцэнт рабіўся на эканамічнае супрацоўніцтва. Лукашэнка пахваліў Эўропу і ЗША за падтрымку пазыцыі МВФ. Высьветлілася, што МВФ выставіла вельмі слушныя патрабаваньні. То бок мэсыдж у бок Захаду такі: мы калі і не ідзем да вас, то паварочваемся, хоць і ня хутка. Пры гэтым у нас асаблівыя стасункі з Расеяй.

А вось што тычыцца палітычных стасункаў з Захадам, дык тут гучала ранейшая крытыка, хоць і не такая рэзкая, як раней“.

Марціновіч: “Мне падалося, што ўсё, сказанае Лукашэнкам, было адрасавана Расеі. Бо яна застаецца нашым асноўным донарам. Асабліва інфармацыя пра зварот да ЗША наконт крэдыту.

Міралюбная рыторыка на адрас Захаду тлумачыцца цяжкай эканамічнай сытуацыяй, а не пераасэнсаваньнем замежнай палітыкі. І ЗША з палітычнага ворага ператварыліся ў патэнцыйнага крэдытадаўцу. Ранейшыя матывы гучалі ў сюжэце, дзе ён казаў, што ў NATO і ЭЗ нас ніхто не чакае”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG