Пра гэтыя пытаньні ў перадачы “Экспэртыза Свабоды” дыскутавалі шэф-рэдактар газэты Наша Ніва Андрэй Дынько і лінгвіст Зьміцер Саўка.
Цыганкоў: “Для чаго “Наша Ніва” перайшла на наркамаўку?”
“Клясічны правапіс абмяжоўваў нашую аўдыторыю”
Дынько: “Газэта перайшла на школьны правапіс, бо ставіць перад сабой задачу заваёвы новай аўдыторыі. Вяртаньне ў кіёскі “Саюздруку” дае такі шанец. Непрызвычаеным людзям чытаць па-беларуску клясычным правапісам моцна цяжэй. Тое адназначна нам паказвалі сацыялягічныя дасьледаваньні, дый кожны з нас тое бачыў і адчуваў на сабе. Гэты псыхалягічны бар’ер абмяжоўваў аўдыторыю.
Мы ж хочам, каб новыя і новыя людзі пачалі набываць газэту, ідэнтыфікавалі беларускую мову як сваю, не адчувалі ад яе адчужэньня. Было б недаравальна, каб непрыяцелі беларускага тыкалі нам — “вось мы іх дазволілі, і што — жменька чытачоў?”
Цыганкоў: “Андрэй, як вы ставіцеся да аргумэнту, які ўжо гучыць, пра газэту “Свабода”? Гэтае самае папулярнае незалежнае выданьне ў сярэдзіне 90-х выходзіла тарашкевіцай, але пасьля рэфэрэндуму 1995 году перайшло на афіцыйны правапіс і нават увяло расейскую старонку. Але гэта не павялічыла тады колькасьць чытачоў, больш за тое, праз 2 гады “Свабода” была зачыненая ўладамі...”
Дынько: “Я вельмі ўважліва вывучаў маркетынгавыя аспэкты выданьня “Свабоды” і хачу разбурыць некалькі стэрэатыпаў наконт гэтага. Наклад “Свабоды” быў вялікі, калі ў яе не было альтэрнатывы сярод незалежных выданьняў. Падзеньне накладу было зьвязана з тым, што зьявіліся “БДГ”, “Народная воля”, “Белорусская газета”, якія забралі частку чытачоў “Свабоды”.
Ня думаю, што людзі куплялі “Свабоду” дзеля правапісу — яе куплялі з-за зьместу. Што да расейскай мовы — на маю думку, гэта быў памылковы крок Свабоды. “Наша Ніва” будзе цьвёрда трымацца толькі беларускай мовы”.
Цыганкоў: “Зьміцер, як вы паставіліся да рашэньня “Нашай Нівы”, улічваючы і гісторыю існаваньня гэтай газэты?”
“Гэта страта тоеснасьці “НН”
Саўка: “Безумоўна, гэта страта. Я сказаў бы, што гэта страта тоеснасьці. “НН” заўсёды выходзіла клясычным правапісам. Мне здаецца, самым сумленным было б перарэгістравацца, выйсьці пад іншай назвай, а гэты брэнд пакінуць таму выдаўцу, які лічыў бы мэтазгодным выходзіць у звыклым абліччы.
Калі Андрэй кажа пра тое, што клясычны правапіс адштурхоўвае патэнцыйных чытачоў “НН”, то я б з гэтым паспрачаўся. Узгадайце 1998 год, калі “НН” адстойвала сваё права выходзіць клясычным правапісам. І цяпер нічога не зьмянілася, а “НН” самахоць адмаўляецца ад клясычнага правапісу.
Сытуацыя асабліва не зьмянілася. Але гэта паводзіны нялюбай жонкі. Нялюбая жонка думае — “можа, я перафарбуюся, памаду зьмяню, пастрыгуся, і тады стану любаю”.
Праблема ня ў мяккіх знаках. Для такога спэцыфічнага органа, як “НН”, істотна было б захаваць сваё аблічча. Калі ўжо рэдакцыя вырашыла пераходзіць на новы правапіс, то трэба было б гісторыі пакінуць хаця б назву газэты”.
Масавая альбо якасная прэса?
Цыганкоў: “Андрэй, як вы адкажаце на аргумэнты Зьмітра? Я да іх дадам і свае. У кожнай краіне ёсьць прэса масавая і прэса якасная, якая не заўсёды гоніцца за накладамі. Ці абгрунтаванае жаданьне “НН” празь пераход да “школьнага правапісу” здабыць новых чытачоў? Наўрад ці ў сёньняшняй сытуацыі можна чакаць дзясяткаў тысячаў падпісчыкаў...”
Дынько: “А ў сёньняшняй сытуацыі трэба змагацца за кожнага чытача — і дзеля гэтага мы пайшлі на гэты крок. Што да выказваньняў спадара Саўкі, то, мне здаецца, у ягоных словах, як у люстэрку, адбілася ўсё дактрынэрства ягонага мысьленьня.
Ён кажа — трэба зарэгістраваць газэту пад новай назвай і пад ёй выдавацца. Нібыта ён ня ведае, што ўжо 7 гадоў увогуле ніякіх новых незалежных газэт не рэгіструюць у Беларусі. Калі ён кажа, што ад 1998 году сытуацыя не зьмянілася, то таксама якую трэба мець зашоранасьць мысьленьня, каб такое сьцьвярджаць.
Што да ідэнтычнасьці “НН”. Мова, а ня правапіс, вызначае яе аблічча. “НН” на пачатку стагодзьдзя выдавалася рознымі правапісамі. І зь “яцямі”, і зь “ёрамі” там было. І гэта не замінала той газэце выконваць нацыятворчую ролю. Сёньня газэта ставіць перад сабой новую задачу — мы хочам выйсьці да новага чытача. Ну насамрэч, цяжка было чытаць клясычны правапіс чытачу без гуманітарнай вышэйшай адукацыі”
“Наша сьвятыня — мова. Правапісаў два, мова адна”
Саўка: “Не спрачаюся з Андрэем, што школа ёсьць захавальнікам веды і ўменьня чытаць па-беларуску. Але беларуская школа зьнікае, беларуская мова з школы выганяецца. Сфэра, дзе вучань можа навучыцца чытаць па-беларуску, звужаецца. З кожным годам адыходзяць пакаленьні, якія валодалі ўменьнем чытаць па-беларуску”.
Цыганкоў: “Зьміцер, але пра чым тут “Наша Ніва”? Яна школы не заменіць...”
Саўка: “Яна школы не заменіць. Але паглядзіце на апэляцыі спадара Дынька менавіта да набытага ў школе ўменьня чытаць такім правапісам, які ён называе “школьным”.
Наконт перарэгістрацыі. Сапраўды, да апошняга часу гэта было немагчыма. Але немагчыма было і купіць у кіёсках “НН”! А зараз можна. Сытуацыя мяняецца. Дык вы паспрабуйце, перарэгіструйцеся, а потым кажыце нам, што гэта не атрымалася.
Паглядзіце першыя рэакцыі пра пераход “НН” на наркамаўку. Тыя, хто кажа “цудоўна” — потым кажуць, што газэту не чытаюць. Тыя ж, хто газэту выпісваў, цяпер кажуць, як бы ад яе адпісацца ў якасьці пратэсту. Але, я лічу, гэта вельмі няправільна. Нельга кідаць газэту ў такі момант!”
Дынько: “Крок, які робіць “НН”, ані каньюнктурны, ані эмацыйны. Рэдакцыя адчувае такую патрэбу для пашырэньня кола актыўных носьбітаў беларускай культуры. Пазытыўны палітычны і культурны эфэкт нашага кроку, спадзяемся, можна будзе ацаніць ужо празь некалькі гадоў. Незалежнае грамадзтва не павінна замыкацца ў сваім коле.
Мяняецца правапіс, але нязьменны дух газэты. “НН” застанецца такой самай чыста беларускай, як і была. Наша сьвятыня — мова. Правапісаў два, мова адна”