Тацяна Процька нарадзілася ў Менску. Скончыла Белдзяржунівэрсытэт, асьпірантуру Інстытуту філязофіі і права НАН Беларусі. Кандыдат філязофскіх навук. Працавала на катэдры фізыкі паўправаднікоў, выкладчыцай на катэдры ядзернай фізыкі БДУ. Пазьней – старэйшы навуковы супрацоўнік Інстытуту гісторыі Акадэміі навук. Рэдактар радыёчасопісу “Наша мінуўшчына”, палітычны камэнтатар на Беларускім радыё.
У 1995 годзе ўзначаліла Беларускі Хэльсынскі камітэт. Сёлета ў траўні абвясьціла пра сыход з кіраўніцтва БХК.
Цягам гэтага тыдня яна будзе гаварыць пра тое, што ўяўляе сабой сёньня дзейнасьць КДБ й іншых спэцслужбаў, а таксама ўзгадае гістарычныя паралелі. Сёньня Тацяна Процька раскажа пра тое, што вынікае для грамадзянаў з закону пра дзейнасьць Камітэту дзяржаўнай бясьпекі.
“Слова “спэцслужбы” ў савецкіх людзей і ў людзей сталага ўзросту на Беларусі выклікае страх, пачуцьцё нейкай асабістай неабароненасьці. З чаго яно ўзьнікла? Бо дзейнасьць спэцслужбаў доўгі час не рэгулявалася аніякімі законамі.
Нарэшце ў 1997 годзе парлямэнт Беларусі прыняў упершыню за ўсю гісторыю айчынных спэцслужбаў закон. У якім вызначаныя напрамкі дзейнасьці КДБ і правы тых, хто так альбо інакш сутыкаецца з чэкістамі.
Асоба, якая лічыць, што яе правы і свабоды парушаныя, мае права абскардзіць іх дзейнасьць як у самой сыстэме – вышэйшаму кіраўніцтву дзяржбясьпекі, так у пракуратуру і ў суд.
Другое важнае права – забарона разгалошваць інфармацыю пра нашае асабістае жыцьцё. Людзі не заўсёды правільна паводзяць сябе, чым і карыстаюцца спэцслужбы. А часам яны нават правакуюць на неразумныя крокі. Тут і сэкс, і любоўная інтрыжка, шмат якія іншыя вельмі важныя ў асабістым жыцьці рэчы… Дык вось закон абараняе гэтую інфармацыю ад тыражаваньня, калі яна нейкім чынам стала вядомай спэцслужбам.
І наступны важны момант. Калі чэкісты парушылі вашыя законныя правы і свабоды, кіраўнік пэўнага органа дзяржаўнай бясьпекі абавязаныя – падкрэсьліваю, абавязаныя прыняць мера па абароне і аднаўленьні гэтых правоў і свабодаў і кампэнсаваць нанесеную шкоду, прыцягнуўшы вінаватых да адказнасьці.
Веданьне, што закон абараняе нас, дасьць грамадзтву адносіцца да дзейнасьці нашых спэцслужбаў так. як адносяцца, напрыклад. у Злучаных Штатах. З павагай і разуменьнем неабходнасьці гэтай дзейнасьці ў жыцьці дзяржавы і чалавека.
Вось кароткае інтэрвію, якое яна дала ўжо ў якасьці новага грамадзкага рэдактара тыдня Радыё Свабода:
– Калі я працавала ў сакрэтных архівах ЦК КПБ, то пабачыла, што значную частку ў дзейнасьці партыйнага кіраўніцтва Беларусі мелі стасункі з НКВД, ГПУ, а пасьля – з КДБ. І ў мяне ўзьнікла ўражаньне, што тайнымі вагарамі пабудаванай у краіне таталітарнай сыстэмы былі менавіта спэцслужбы.
Я пачала займацца вывучэньнем гэтай грамадзкай зьявы прафэсійна. Знойдзенае ў архівах адлюстравала ў сваіх кнігах. Найбольш вядомая зь іх “Станаўленьне савецкай таталітарнай сыстэмы ў 1917-1941 гады”.
А зараз бачу: шмат з тагачасных характэрных момантаў у жыцьці грамадзтва і дзяржавы аднаўляюцца. Як навуковец і грамадзянін адчуваю ў гэтым вялікую небясьпеку.
Так, сёньня ў нас яшчэ не страляюць і чорныя “варанкі” не вывозяць людзей невядома куды. Але ад таго, што адбывалася, да гэтых новых “варанкоў” – вельмі кароткі крок. Ня дай Бог пабачыць тыя сьлёзы і тое гора, якія мы мелі на Беларусі ад дзейнасьці гэтай у прынцыпе неабходнай для кожнай дзяржавы структуры.
Таму на працягу тыдня хачу пагаварыць пра тое, што ўяўляе сабой сёньня дзейнасьць КДБ й іншых спэцслужбаў, а таксама ўзгадаць гістарычныя паралелі. Што было і як далёка мы ад яго.
Дзеля чаго?
Дзеля таго, каб мы перасталі баяцца.
Каб мы ўсьвядомілі , што сваімі падаткамі мы аплочваем спэцслужбы. І яны мусяць дзейнічаць на нашую карысьць. На карысьць нашай дзяржавы. А мы і дзяржава – гэта адное і тое ж. Ня трэба падзяляць гэтыя важныя рэчы. Ня трэба казаць, што інтарэсы дзяржавы – адно, а грамадзяніна – іншае.
Вось менавіта на карысьць гэтых супольных інтарэсаў і мусяць дзейнічаць беларускія спэцслужбы”.