Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Хлопцам з БНФ сказаў, што я — за АЭС”


Кукшынаўская пляцоўка для АЭС знаходзіцца ў Горацкім раёне Магілёўскай вобласьці, побач зь вёскай Кукшынава. Да Менску адсюль — 213 кілямэтраў, да Шклова — 33, да райцэнтру Горкі — 14. Як мясцовыя чыноўнікі ўспрымаюць намеры будаваць тут атамную станцыю?

Паводле старшыні Аўсянскага сельсавету Горацкага раёну Мікалая Янчанкі, вёска Кукшынава — выміраючая, у ёй няма ні школы, ні крамы, ні ўстановаў сацкультбыту. Палова вясковых хатаў — пустыя. Некалькі хатаў дзеці былых вяскоўцаў выкарыстоўваюць пад лецішчы.

Дзьве жанчыны зь вёскі Кукшынава працуюць паштаркамі, а адзін з мужчынаў — на асфальтавым заводзе ў суседняй вёсцы. Моладзі няма.

Ці натхняюць старшыню сельсавета грандыёзныя пляны будаўніцтва беларускай АЭС менавіта ля Кукшынава?

“Мне складана меркаваць, — кажа спадар Янчанка, — пакуль жа ў размовах усё вельмі недакладнае. Я таксама чытаў у газэце меркаваньне Міхаіла Мясьніковіча. Але дзе ні запытаю пра афіцыйныя дадзеныя, то мне адказваюць: “Будзе рашэньне, тады і даведаецеся”.

І ўсё ж старшыня сельсавету зьвяртае ўвагу, што некаторыя землякі ўжо актыўней цікавяцца будучыняй вёскі Кукшынава:

“Спадзяюцца на льготы і прыбыткі. Асабліва дзеці, якія жывуць недалёка. І ў мяне няма забароны, каб іх не прапісаць ці не зарэгістраваць. Ніякіх дакумэнтаў наконт гэтага не паступала. І ў мяне няма падставаў хоць каму-небудзь адмовіць. Чалавек можа паскардзіцца і будзе мець рацыю. Ну, а гаворкі ходзяць розныя. Кажуць: “Можа, кватэры атрымаем у Менску”.

На сёньня ў вёсцы Кукшынава — 28 жыхароў, зь якіх працуюць усяго трое. Прыежджых геолягаў, тапографаў і іншых — ужо ўтрая больш. Намесьнік старшыні Горацкага райвыканкаму і адначасова начальнік упраўленьня капітальнага будаўніцтва Аляксандар Папытаеў інфармуе:

“Прыяжджалі яны да мяне, каб атрымаць дазвол на высечку прагалінаў у лесе. Пытаньне вырашылі, бо там ужо геалягічныя дасьледаваньні праведзеныя. Асабісты мой пункт гледжаньня — у раёне будзе вялікае разьвіцьцё. У фармаваньні бюджэту — вялікі плюс”.

Аляксандар Папытаеў адказвае за новае будаўніцтва ў раёне. Менавіта з гэтым чыноўнікам сутыкаюцца людзі, якія супраць будаўніцтва тут атамнай станцыі. Цікаўлюся ў суразмоўцы, ці не зьмяняе ён сваю пазыцыю:

“Ну, прыходзілі тут да мяне, ёсьць такія хлопцы з БНФ, якія супраць. Асабіста заявіў, што я — за будаўніцтва атамнай электрастанцыі. Гэта нармальны варыянт. Я ня думаю, што ўсё будзе будавацца ў Воршы для абслуговага пэрсаналу. Горкі таксама нешта атрымаюць”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG