Эдуард Брокараў, адзін з ініцыятараў “Антыядзернай групы”, займаецца зборам подпісаў супраць будаўніцтва АЭС — у Горацкім раёне ў прыватнасьці і ў Беларусі ўвогуле. Ініцыятыву ўжо падтрымалі ў Горацкім, Аршанскім, Чэрыкаўскім раёнах, на Мсьціслаўшчыне. На пачатак сакавіка была сабраная першая тысяча подпісаў, якую актывісты пераправілі на рэагаваньне ў Палату прадстаўнікоў. Ці была нейкая рэакцыя?
“Не, не было. Адну тысячу подпісаў мы перадалі нашай дэпутатцы Тацяне Асмалоўскай. Гэта было на пачатку сакавіка, і яна паабяцала іх перадаць кіраўніцтву Палаты прадстаўнікоў і неяк адказаць на наш запыт. Але дагэтуль мы не дачакаліся ніякага адказу. Мала таго, яна зьмяніла нумар тэлефону. Мы ўсё ж будзем патрабаваць, каб яна адказала нам: што яна з гэтымі подпісамі зрабіла? Ці яна іх выкінула, ці каму аддала? Зараз у нас ужо ёсьць 1900 подпісаў і мяркую, што на гэтым тыдні выйдзем на 2000”.
Карэспандэнт: “Рашэньне нечаканае для вас было? Бо дагэтуль увесь час у якасьці фаварыта разглядалася Краснапалянская пляцоўка ў Чавускім раёне”.
Брокараў: “Яно ня тое што нечаканае. У гэтай уладзе, па-мойму, левая рука папросту ня ведае, што робіць правая. Адзін кажа пра Краснапалянскую, другі вось пра Кукшынаўскую. Проста ад узроўню гэтай улады такіх крокаў мы ў прынцыпе і чакаем, на нешта сур’ёзнае яны ня здольныя. Асабіста я ня вельмі веру, што яны ўвогуле гэтую станцыю пабудуюць... З нашага боку мы крыху актывізуемся ў зборы подпісаў. Бо гэтая інфармацыя людзей цікавіць, і будзем даводзіць яе да тых, хто яшчэ ня ведае пра апошнія рашэньні”.
Карэспандэнт: “А ўвогуле геолягавыведныя групы яшчэ там працуюць?”
Брокараў: “Нейкія геадэзісты працуюць. Размаўляў з кіроўцам, які езьдзіць туды на рэйсавым аўтобусе, і ён расказаў, што ў Маслаках, у калгасе, вельмі шмат тэхнікі нагналі і нехта там працуе. На гэтым тыдні мы туды пад’едзем, паразмаўляем з народам, паглядзім сытуацыю”.
Фізык-ядзершчык, кандыдат тэхнічных навук Ягор Фядзюшын за савецкім часам уваходзіў у склад Каардынацыйнай рады пры Дзяржкамітэце атамнай энэргетыкі СССР. Ён ініцыятар руху “За бязьядзерную Беларусь”, які супрацьстаіць палітычнаму рашэньню ўладаў — узводзіць АЭС. Спадар Фядзюшын лічыць будаўніцтва АЭС у Беларусі стратным. Бо атамная энэргетыка — гэта старыя тэхналёгіі, якія распрацоўваліся яшчэ ў 1960—70-я. Паводле навукоўца, ад пачатку тысячагодзьдзя паліва для АЭС падаражэла ў 20 разоў, тым часам як газ — толькі ўтрая:
“Сапраўды, у нас вельмі зношаныя асноўныя фонды, і іх трэба мяняць. Але трэба мяняць іх не на старыя тэхналёгіі мінулага стагодзьдзя, такія, як ядзерныя (росквіт атамнай энэргетыкі прыпадае на 1980-я), а трэба шукаць штосьці новае. У новыя тэхналёгіі трэба ўкладаць сродкі, у навуку, у экспэрымэнтальную вытворчасьць.
Энэргетыка будучыні не павінна грунтавацца на ядзернай энэргетыцы. Больш трэба выкарыстоўваць мясцовыя крыніцы ў малых аб’ёмах. Цалкам рэальна закрыць энэргетычныя праблемы на месцах, а па вялікіх аб’ектах трэба мадэрнізаваць тое, што ёсьць з буйных станцый. Гэта будзе таньней, хутчэй і прасьцей. А тое, што даражэе паліва, дык яно ўва ўсім сьвеце даражэе. Можна набыць. А вось калі мы зь ядзерным палівам зьвяжамся, будзем залежаць ад адной крыніцы. Нам кажуць: закупім і будзем спаць спакойна. Гэта бабуліны казкі. Прывяжа нас Расея, бо хто ж, акрамя Расеі, нам сыравіну прадасьць? Расея саступіць нават па дзяшоўцы, каб прывязаць намёртва... Урэшце ўсё скончыцца тым, што раней ці пазьней мы зачынім гэты праект і будзем толькі шкадаваць, што выкінулі столькі грошай на вецер”.
Вырашальным для будаўніцтва ў Беларусі атамнай электрастанцыі стаў 2007 год. Галоўным аргумэнтам выступіла эканомія 5 мільярдаў кубамэтраў прыроднага газу, які зараз Беларусь набывае ў Расеі. Але ці можа АЭС гарантаваць энэргетычную бясьпеку краіны? Вось меркаваньне кандыдата тэхнічных навук, адмыслоўца ў альтэрнатыўнай энэргетыцы Алеся Клышкі:
“Насьцярожвае, што такія краіны, як, прыкладам, Швэцыя, ужо не будуюць АЭС. Калі меркаваць па плянах сёньняшніх, то, відаць, мы будзем выкарыстоўваць патэнцыял Расеі і з абдымкаў “Газпрому” трапім у абдымкі лобі расейскай атамнай энэргетыкі. Вось некалькі лічбаў: адзін кіляват ветраэнэргетыкі на сёньня абыходзіцца ў сярэднім у 1000 эўра, калі браць капітальныя выдаткі на стварэньне гэтай тэхналёгіі. На атамнай энэргетыцы гэты паказьнік — 2500 эўра, што нашмат больш. І ў той жа час акупляльнасьць установак ветраэнэргетыкі — 1 год. А атамнай, ад тэрміну запуску датуль, калі яна пачне даваць станоўчы выхад у плюс, — гэта сама менш 4—5 гадоў”.
На пачатку году Аляксандар Лукашэнка падпісаў пастанову “Аб разьвіцьці атамнай энэргетыкі ў Рэспубліцы Беларусь”. Першы энэргаблёк беларускай АЭС пабудуюць у 2016 годзе, другі — у 2018-м. Сумарная магутнасьць складзе 2 тысячы мэгават, што дазволіць зьберагчы 5 мільярдаў кубамэтраў прыроднага газу (гэта чацьвёртая частка ад патрэбаў дзяржавы). Кошт будоўлі, паводле розных ацэнак, вагаецца ад 5 да 10 мільярдаў даляраў.