Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Чарнобыльскі шлях-2008”:ад Акадэміі навук да храма-помніка


На паседжаньні аргкамітэту “Чарнобыльскага шляху” большасьцю галасоў вырашана правесьці 26 красавіка ад 14 гадзіны мітынг на пляцоўцы перад Акадэміяй навук.


Пасьля мітынгу вырашана прайсьці шэсьцем па вуліцы Сурганава да праваслаўнага храма-помніка ахвярам чарнобыльскай трагедыі на рагу Арлоўскай і Карастаянавай. З гэтым рашэньнем пагадзіліся ня ўсе.

Маршруты “Чарнобыльскага шляху - 2008”

Адразу пасьля паседжаньня аргкамітэту адзін зь лідэраў “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч заявіў “Свабодзе”:

“Мы будзем трымацца першапачаткова заяўленага маршрута. І хаця я асабіста, а таксама “Малады фронт”, ня лічым гэты маршрут дасканалым — бо перакананыя, што беларускія дэмакраты павінны зьбірацца толькі на адной плошчы — гэта плошча Кастуся Каліноўскага, аргкамітэт жа прыняў рашэньне ісьці ў бок плошчы Бангалор — але, маючы адказнасьць за сваю арганізацыю, я магу заявіць: мы ня зробім ні аднаго кроку ў бок усходу ад Акадэміі навук”.

На паседжаньні аргкамітэту “Чарнобыльскага шляху” не прысутнічаў яго старшыня, лідэр руху “За свабоду” Аляксандар Мілінкевіч. У той час ён быў на “працэсе 14-ці”. Завочна Мілінкевіч паведаміў, што “не павядзе марш на плошчу Бангалор, як тое вызначае рашэньне Менгарвыканкама”. Усе іншыя сябры аргкамітэту таксама галасавалі супраць таго, каб ісьці на так званую “сабачую пляцоўку”. Канчатковым пунктам маршу большасьць галасоў прызначыла храм-помнік ахвярам чарнобыльскай трагедыі на рагу вуліц Арлоўскай і Карастаянавай. Тлумачыць сябра аргкамітэту, юрыст Ігар Рынкевіч:

“Гэтая царква мае непасрэднае дачыненьне да розных чарнобыльскіх акцыяў. Плянуецца, што ля царквы адбудзецца хвіліна маўчаньня. Рухаемся ў той бок са зьнічкамі і кветкамі. Таксама ніхто ня будзе перашкаджаць палітычным лёзунгам і расьцяжкам”.

Са словаў спадара Рынкевіча, ахоўваць марш і яго ўдзельнікаў будзе народная дружына:

“Менавіта дружына, бо 25 сакавіка органы правапарадку самі перавышалі свае службовыя паўнамоцтвы. Таму мы вырашылі, што самі будзем адказваць за грамадзкі парадак. Дружыньнікі будуць вызначаны вонкава, і мы разам зь імі будзем адказваць, каб не было ніякіх правакацыяў”.

22 гады таму, 26 красавіка 1986 году, на Чарнобыльскай атамнай станцыі імя У.І.Леніна выбухнуў рэактар. Катастрофа забрала жыцьці дзясяткаў тысяч беларусаў. Пятая частка беларускай тэрыторыі апынулася ў зоне павышанай радыяцыі. 135 тысяч жыхароў Беларусі мусілі перасяліцца ў іншыя рэгіёны краіны, жыхароў 415 паселішчаў эвакуявалі. Школы, дзіцячыя сады, шпіталі, заводы і фабрыкі на забруджаных тэрыторыях давялося пазачыняць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG