У судзе Цэнтральнага раёну Менску другі дзень працягваецца суд над удзельнікамі акцыі пратэсту прадпрымальнікаў 10 студзеня, якіх абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках.
Ганна Соўсь: “Аляксей, стаміліся пасьля двух дзён судовага працэсу? Аляксей, які дзень быў больш складаны, учорашні ці сёньняшні?”
Аляксей Бондар: “Учора быў больш напружаны дзень. Сёньня амаль спаў увесь гэты працэс. У залі суду вельмі холадна. Ужо была такая псыхалягічная стомленасьць. Таму што сьведкі, бясконцыя сьведкі з боку міліцыянтаў, потым разгляд пісьмовых матэрыялаў справы, працэс ня вельмі цікавы”.
Соўсь: “Аляксей, Вы юрыст, скончылі Беларускі інстытут правазнаўства, гэта вам неяк дапамагло падчас судовага працэсу?”
Бондар: “Канечне. Я ведаю добра і крымінальны кодэкс і крымінальна-працэсуальны кодэкс, таму мне цікава, канечне, гэта ўсё бачыць ня з боку, а быць у самім працэсе. Канечне, быць у працэсе ў якасьці абвінавачанага ня вельмі добра, але я не саромеюся, што ўдзельнічаў у гэта справе. Мае паплечнікі, якіх абвінавачваюць разам са мной, гэта вельмі сумленныя, добрыя маладыя людзі. А што наконт юрыдычных нюансаў справы... Я бачу некаторыя рэчы, якія не юрысту цяжка заўважыць".
Соўсь: “Напрыклад?”
Бондар: “Ня вельмі добра выконвае свае абавязкі той жа пракурор, які не выконвае свае абавязкі ў адпаведнасьці з крымінальна-працэсуальным кодэксам. Сёньня судзьдзя, гэта адвакат Павал Сапелка адразу заўважыў, разглядала пісьмовыя матэрыялы справы, а фотаздымкі пачала аналізаваць і называць нашы прозьвішчы, хаця гэта забаронена, таму што яшчэ не ўстаноўлена, што гэта дакладна мы на гэтых фотаздымках."
Соўсь: “Аляксей, я хацела б прапанаваць Вам пракамэнтаваць рэпартаж маёй калегі Любові Лунёвай, якая прысутнічала на працэсе."
Бондар: “Любоў вельмі добра расказала пра сёньняшні суд, толькі я не стаў бы так катэгарычна казаць, што судзьдзя напрыклад дзейнічае з боку ўлады. Відаць, што яна стараецца рабіць справу так, як трэба . Яна, канечне, нэрвуецца вельмі. Але так казаць пра судзьдзю я б ня стаў. Пракурор у гэтым сэнсе для мяне вельмі непрыемны чалавек чамусьці. Па вачах відаць. Ён жа такі вельмі адыёзны пракурор. Наколькі я памятаю, ён і Клімава пасадзіў. А наконт беларускай мовы таксама. Там ня тое, што забаранілі міліцыянты, проста судзьдзя яму сказаў. што ён можа размаўляць па-расейску”.
Соўсь: “Калі праходзілі юрыдычную практыку, не сутыкаліся з судзьдзямі, якія судзяць моладзевых актывістаў?”
я працаваў з судзьдзёй Алай Булаш. Яе яма стала шырока вядома пасьля працэсу над Зьмітром Дашкевічам
Соўсь: “Аляксей, Вы кандыдат у майстры спорту па шахматах, Скажыце, ці можна выбудаваць у судзе такую інтэлектуальную партыю, каб перамагчы?”
Бондар: “Суд усё ж прадстаўляе ўладу, рэджым, у дадзеным выпадку. З гэтай уладай ў інтэлектуальныя гульні гуляць ня трэба, таму што ён заўсёды пераможа, паколькі ён ужывае гвалтоўныя мэтады барацьбы. А інтэлект тут не ўжываецца. Вы ж паглядзіце на спадара Паўлючэнку. Гэта інтэлект рэжыму. Інтэлектам у судзе можа крыху дапамагчы, але з самім рэжымам – не”.
Соўсь: “Аляксей, я папрасіла Зянона Пазьняка зьвярнуцца да ўдзельнікаў сёньняшняга працэсу, да абвінавачаных, да іх паплечнікаў, родных”.
Соўсь: “Гэта быў зварот Зянона Пазьняка да ўдзельнікаў судовага працэсу 14-ці, у тым ліку і госьця Начной Свабоды Аляксея Бондара. Аляксей, што Вы скажаце...”
Бондар: “Я вельмі ўдзячны Зянону Станіслававічу за ягоныя словы падтрымкі і ўвогуле я хацеў выказаць яму падзяку за ўсё тое, што ён зрабіў для Беларусі. Мы яго вельмі паважаем, і гэта фігура, у дачыненьні да якой не павінна гучаць крытыку. Сапраўды, тое, што ён зрабіў для Беларусі, для яе незалежнасьці, для мовы і для культуры -- ужо ўвайшло ў гісторыю. І я спадзяюся, што ён яшчэ выканае сваю гістарычную ролю і ў будучыні. Дзякуй вам, Зянон Станіслававіч, за зварот на нас!”
Соўсь: “Вы актывіста незарэгістраванага моладзевага руху “Ініцыятыва”, апошнім часам вельмі шмат актывістаў гэта арганізацыі церпяць ад рэпрэсій ўладаў. З чым Вы гэта зьвязваеце?”
мы на лаве падсудных, а Андрэй ужо трэці месяц ў ізалятары на Валадарцы
А папярэджаньне наконт нашага перасьледу былі даўно. І аднаго з нашых актывістаў нават прымусілі падпісаць паперу ў ВНУ, што ён не зьяўляецца сябрам "Ініцыятывы". Таксама у бок Андрэя Кіма і мой бок гучалі папярэджаньні, што нас чакае жорсткі перасьлед. І бачыце, да чаго гэта прывяло -- мы на лаве падсудных, а Андрэй ужо трэці месяц ў ізалятары на Валадарцы”.
Даведка Свабоды: Госьць Начной Свабоды Аляксей Бондар Актывіст незарэгістраванага моладзевага руху “Ініцыятыва”.
Нарадзіўся ў 1981 годзе ў сям’і вайскоўца, у Расеі, у горадзе Почапе Бранскай вобласьці. Праз год сям’я пераехала ў Беларусь, у Гарадоцкі раён, дзе месьцілася вайсковая частка 94-017. Там яны заставаліся да 1990 году, пакуль не атрымалі кватэру ў Менску, дзе Аляксей жыве й цяпер. Скончыў Менскую сярэднюю школу №200. Потым паступіў у Беларускі інстытут правазнаўства, адну зь першых прыватных ВНУ Беларусі. У 2003 годзе атрымаў дыплём юрыста са спэцыялізацыяй “Падаткавае й банкаўскае права”. Працаваў у розных прыватных фірмах, быў і камэрцыйным дырэктарам, і юрыстам. Зь 1999 году быў сябрам Задзіночаньня беларускіх студэнтаў. У 2006 годзе ўвайшоў у склад “Ініцыятывы” і стаў праваабаронцам.
Соўсь: “Вы раней гаварылі, што да палітыкі яшчэ падлеткам Вас падштурхнула абвостранае пачуцьцё справядлівасьці – першая акцыя пратэсту, якую Аляксей наведаў, быў Чарнобыльскі шлях 1996 году. Аляксей, а Вам даводзілася раней трапляць за краты?”
,спадзяюся, што большасьць людзей атрымаюць штрафы, але ўсё ж магчыма абмежаваньне волі будзе камусьці з нас
Соўсь: “А як Вы думаеце, якім будзе прысуд у гэтай судовай справе?”
Бондар: “На жаль, у мяне адчуваньні ня вельмі добрыя. Я аптыміст, але тут я паглядзеў на тое, што робіцца, на твары судзьдзі, пракурора, і наогулна тое, як яны робяць гэты спэктакль. Спадзяюся, што большасьць людзей атрымаюць штрафы, але ўсё ж магчыма абмежаваньне волі будзе камусьці з нас. Наконт Андрэя Кіма там іншае пытаньне. Яны ніколі ня пойдуць на яго апраўданьнне, таму што ён ужо адсядзеў тры месяцы на Валадарцы, таму будзе нейкі прысуд, зьвязаны з паўзбаўленьнем волі. А наконт нас, прысуд будзе такі, каб запалохаць моладзь, і ўнесьці атмасфэру жаху і тэрору ў наша грамадзтва”.