Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Працэс 14-ці". Працяг - заўтра а 10-й раніцы <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


ТЭМА ДНЯ. У судзе Цэнтральнага раёну Менску працягваецца суд над удзельнікамі акцыі пратэсту прадпрымальнікаў 10 студзеня.


19.30
Пасьля сканчэньня судовага працэсу, людзі не разыходзіліся, чакалі, калі вывезуць Андрэя Кіма. Спэцназ міліцыі выціснуў людзей ад будынку суду ў бок чыгуначнага вакзалу.

18.20
Абвешчаны перапынак. Працяг - заўтра а 10-й раніцы.

18.17 Сьведка супрацоўнік ДАІ Карзюк паведаміў, што ён бачыў падчас інцыдэнту “нейкую руку з натоўпу”. Празь нейкі час ён заўважыў у натоўпе маладога чалавека. Карзюк думае, што гэты малады чалавек ударыў пацярпелага міліцыянта Ігара Сычова.

18.15
Cуд разглядае пісьмовыя матэрыялы справы. Цяпер дапытваюць яшчэ аднаго сьведку-міліцыянта, які зьявіўся на судовае паседжаньне.

17.46
Каля 20 чалавек, сярод іх Зьміцер Дашкевіч, Кася Салаўёва, Зьміцер Хведарук, чакаюць заканчэньня судовага паседжаньня на вуліцы пад сьценамі будынку. Іх не пускаюць нават у двор суду. Сюды ж накіроўваюцца спэцназаўцы, якія прыехалі на машынах. Уваход у двор ахоўваюць некалькі міліцыянтаў.

17.36
Пацярпелы міліцыянт даў супярэчлівыя паказаньні пры допыце. Аднак пракурор і судзьдзя заявілі, маўляў, нічога страшнага, бо міліцыянт не быў папярэджаны пра крымінальную адказнасьць.

17.30
З матэрыялаў справы вынікае, што пацярпелы даў супярэчлівыя паказаньні.

17.25
Прысутныя на працэсе праваабаронцы мяркуюць, што прысуду сёньня ня будзе.

17.20
У пісьмовых матэрыялаі на Кіма гаворыцца, што ён прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасчьці 2 сакавіка 2006 года.

17.00
Зачытваюць характарыстыкі на падсудных. Да прыкладу, з характарыстыкі ўчастковага на Антося Койпіша: “Ня п’е і ня паліць”.

16.50
Паводле інфармацыі аддзелу эканомікі Менгарвыканкаму, уладальнікі маршрутных таксовак заявілі, што страцілі ў часе вулічнай акцыі ад 100 да 200 тысячаў рублёў.

16.45
На адным з запісаў Тацяна Цішкевіч паміж машынамі, далей відаць не разборліва. Павал Сапелка заявіў,што судзьдзя ня мела права ідэнтыфікаваць здымкі. Астатнія адвакаты падтрымалі.

16.25
Разглядаюць відэазапіс акцыі на 28 хвілінаў і іншыя зборныя запісы.

16.20
Суд пачаў працу.

16.15
Абвясьцілі перапынак.

16.11 З. Дашкевіч: “Перамены ўжо насьпелі, і судовы працэс — таму сьведчаньне”

16.00
Судзьдзя дэманстравала ў паседжаньні здымкі, раздрукаваныя зь відэаматэрыялаў. На іх, паводле яе словаў паказаныя падсудныя, якія бягуць ці крычаць. Адвакаты назвалі гэтыя цьверджаньні грубым парушэньнем Працэсуальнага кодэксу, бо судзьдзя не зьяўляецца экспэртам і па статычных здымках нельга вызначыць, бяжыць ці крычыць чалавек.

15.40
Адвакатка А.Кіма Тамара Сідарэнка заявіла, што на фота, прадстаўленым у судзе, не зразумела што ён ішоў менавіта ў першых шэрагах. Рыхтуюцца да прагляду відэаматэрыялы.

15.35
Судзьдзя аналізуе фатаграфіі акцыі з інтэрнэт-сайтаў і знаходзіць на іх падсудных.

15.30
З дакумэнтаў разгледжаных у судзе, вынікае, што хуткая дапамога не зафіксавала перашкод сваёй працы ў Менску ў дзень мітынгу. Камітэт эканомікі Менскага гарвыканкама ацаніў недаатрыманыя з-за акцыі 10 студзеня даходы прадпрыемстваў гандлю у цэнтры горада у 124,8 мільёна рублёў. Адна кандытарская крама “Лакамка” ацаніла свой недаатрыманы даход у 2,6 мільёна. “Макдоналдс” і ГУМ аб стратах з-за акцыі прадпрымальнікаў не казалі.

15.27 За што караюць у Беларусі, калі асуджаюць “за ўдзел у незарэгістраваных арганізацыях”? Апытаньне на вуліцах Горадні.

15.15 Судзьдзя не разглядала хадайніцтвы аб допыце сьведкаў з боку абароны. Судзьдзя прызнала, што Белтэлерадыёкампанія прадстаўляла свае відэматэрыялы ў КДБ.

15.05
Судзьдзя зачытвае адміністрацыйныя пратаколы за 10-га студзеня.

14.50
Сьведка Андрэй Шарамет, супрацоўнік ДАІ, заявіў у судзе, што “хуткую” прапускалі.

14.20
Паседжаньне аднавілася. Дапытваюць супрацоўніка ДАІ Аляксандра Субача. Сьведка Аляксандар Субач на пытаньні, зададзеныя па-беларуску, адказваў па-беларуску, але судзьдзя загадала яму гаварыць па-расейску. Сьведка сказаў, што яго ніхто ня біў, што дэманстранты не займалі усё палосы Праспэкту незалежнасьці.

14.05
“Супрацоўнік ДАІ ня ведае назоваў вуліцаў, дзе праходзіла шэсьце. Сьведкі блытаюцца, хто дзе стаяў і куды ішоў, адзін другому супярэчаць. Адзін са сьведкаў-міліцыянтаў кажа, што бачыў гэтых маладых людзей у калёне. Яго пытаюцца, дзе вы ў той час знаходзіліся? Ён адказвае: “Кіраваў машынай ДАІ, якая ехала наперадзе калёны”. Відавочна, што сьведкі падрыхтаваныя і апрацаваныя.” – кажа кіраўніца Камітэту падтрымкі рэпрэсаваных “Салідарнасьць” Іна Кулей.

14.00 “Яны зрабілі з учорашняга паседжаньня. Прыходзяць сьведкі з ДАІ і канкрэтна паказваць пальцамі на маладых людзей. Але яны ня могуць цямна патлумачыць, што яны рабілі Бачна ўжо зараз, што суд стаіць на баку папярэдняга сьледзтва”, - мяркуе адвакат Ігар Рынкевіч.

13.58 “Людзей, якіх сёньня судзяць, судзяць за салідарнасьць. Яны прыйшлі падтрымаць акцыю прадпрымальнікаў. І зараз мая грамадзянская і асабістая пазыцыя – быць з побач зь людзьмі, якія былі з намі ў нашую цяжкую хвіліну”, - заявіў адзін зь лідэраў прадпрымальніцкага руху Анатоль Шумчанка.

13.57 “І я і Кася Салаўёва таксама прайшлі праз суд. Таму мне не абыякава, што людзей судзяць ні за што. Вось і прыехала падтрымаць іх”, - сказала моладзевая актывіста Наста Палажанкка.

“Я ведаю, што толькі еднасьць і салідарнасьць дапамогуць нам выстаяць у нашай барацьбе. Таму ўлада зараз і баіцца менавіта нашай еднасьці”, - перакананая Кася Салаўёва.

“Настрой у нас добры. Мы перакананыя, што не зважаючы на любы вырак, Беларусь рухаецца да адраджэньня, да пераменаў. Гэтыя перамены ўжо насьпелі і сёньняшні судовы працэс – таму сьведчаньне”, - так лічыць лідэр незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Зьміцер Дашкевіч.


13.55 “Пакуль апытваюць сьведкаў з боку абвінавачваньня. Тое, што апыталі ўжо чалавек 20 чалавек не выключае, што прыцягнуць яшчэ 20. Ёсьць і пазытыўныя сьведчаньні. 5 гадзінаў, нібыта, адбываліся масавыя беспадаркі, а ніякіх пацярпелых няма. А назвалі ўсё гэта вакханаліяй.... У той дзень на каток на Кастрычніцкай плошчы адмыслова прывезьлі дзяцей. Пытаюся: “Ці былі нейкія цяжкасьці з прывозам і адвозам дзяцей?” Кажуць: “Не, не было”. Што з гэта за масавыя беспарадкі, калі іх дзеці не заўважаюць?” – заявіў “Свабодзе” Алесь Стральцоў.

13.40
“10 судзеня некаторымі афіцэрамі ДАІ была спроба стварыць яшчэ адзін жывы шчыт. У паказаньнях сьведкаў праходзіць адна думка: калі акцыя была несанкцыянаваная, то і мы дзейнічалі адпаведна інструкцыі. Гэта значыць: людзі самі па сабе, рух транспарту – сам па сабе. У іх тады не было прадугледжана перакрываць рух транспарту. Нічога не было зроблена, каб гарантаваць бясьпеку грамадзянаў. Невядома, хто з нас вінаваты”, - мяркуе ўдзельнік працэсу Міхал Пашкевіч.

Сьведкі абвінавачаньня
13.25 “Самае галоўнае ўражаньне – сьведка Падбярозкін. Паводзіў сябе вельмі нахабна. Самая нахабная хлусьня! Былі бачныя нэгатыўныя адносіны да нас і да падзеяў 10 студзеня. Абурэньні выклікалі выказваньні Падбярозкіна пра тое, што ад нас несла перагарам. Гэтыя словы нічым не пацьвярджаюцца. Напэўна, у нас будзе хадайніцтва, каб яго прыцягнулі да адказнасьці за ілжэсьведчаньне”, - падзяліўся ўражаньнямі ад суду адзін з падсудных Уладзімер Сяргееў.

13.05
Да брамы суду накіроўваюцца 10 супрацоўнікаў спэцназу міліцыі. Моладзь пад сьценамі суду сьпявае "Пагоню". Міліцыянты і людзі ў цывільным назіраюць.

13.01
Абвясьцілі перапынак да 14.00.

Група падтрымкі перад судом
13.00 Падбярозкін сказаў, што Антон Койпіш штурхаў яго, а А.Кім паводзіў сябе агрэсіўна. “Ад Койпіша даносіўся пах алькаголю з поласьці роту”.

12.50
Супрацоўнікі ДАІ кажуць, што дэманстранты іх білі па нагах.

12.45 Пядбярозкін
заявіў, што шырыня калёны была 12 м, даўжыня – 50 м. Сказаў, што дэманстранты былі п’яныя. Назваў акцыю “вакханаліяй”.

12.30
Сьведка Максім Падбярозкін, намесьнік кіраўніка ДАІ Менску, апазнаў падсудных Койпіша, Бондара, Цішкевіч і іншых (усяго 6) ды заявіў у судзе, што яны разам з Кімам удзельнічалі ў беспарадках. Падбярозкін сказаў, што Тацяна Цішкевіч ішла ў авангардзе, штурхала супрацоўнікаў міліцыі.

12.10
Прадстаўнік Менсктрансу Аляксандар Радзевіч заявіў у судзе, што адбыўся збой руху транспарту, асобныя аўтобусы накіроўваліся па іншых вуліцах.

11.50 Супрацоўнік Ігар Дзеравянка заявіў у судзе, што дэманстранты перакрылі праспэкт Незалежнасьці, білі міліцыянтаў, але хуткую прапускалі.

11.40
Сьведка Абрамаў заявіў у судзе, што дэманстранты не прапускалі хуткую дапамогу.

Таксама Абрамаў сказаў, што дэманстранты перакрывалі праспэкт Пераможцаў. (nn.by)

11.26 Пачаўся допыт сьведкаў. Першы - супрацоўнік ДАІ Ўладзімер Абрамаў.

11:25 Судзьдзя папярэдзіла, што ў выпадку спазьненьня абвінавачаных яны будуць пакараныя за непавагу да суду.

11.24
У калідорах суду застаецца каля 15 чалавек, якім не хапіла месца ў залі. Пра гэта паведамілі Кацярына Салаўёва і Наста Палажанка, якія выйшлі з будынку на вуліцу.

11.22 Да будынку суду са спазьненьнем прыйшоў лідэр Маладога фронту Зьміцер Дашкевіч з паплечнікамі. Усяго пад сьценамі суду знаходзяцца 10 актывістаў і 8 міліцыянтаў.

11.20
Пачаўся судовы працэс.

11.15 У калідоры суду – новыя сьведкі-міліцыянты. Прыйшлі і тыя сьведкі, якіх апыталі ўчора. Усяго сьведкаў-міліцыянтаў каля 20. Пытаньне пра сьведкаў з боку абароны дагэтуль ня вырашанае. Падсудныя сядзяць на першай лаве. Андрэй Кім – у клетцы.

11.05 Міліцыянты не прапусьцілі двух чалавек. У тым ліку актывіста “Маладога фронту” Зьмітра Хведарука. “Яны праверылі мой пашпарт, рэчы, забралі хустачкі з сымболікай Маладога фронту, паводзілі сябе зьдзекліва. Насьміхаліся і ўрэшце не пусьцілі ў суд”,-- паведаміў "Свабодзе" З. Хведарук.

11.00 Усе зайшлі ў будынак суду.Спэцназ міліцыі пагадзіўся прапусьціць групу падтрымкі.

10.55 Міліцыя адмаўляецца прапусьціць у залю прыкладна 20 чалавек. Адміністрацыя суду прыняла рашэньне, што спачатку ў залю зойдуць падсудныя, а пасьля тых, хто прыйшоў іх падтрымаць. Але падсудныя, як і раней, адмаўляюцца ўваходзіць у будынак суду. Іх угаворвае спэцназ міліцыі.

10.40 Усе падсудныя адмаўляюцца заходзіць у судовую залю, пакуль міліцыя не ўпусьціць туды тых, хто прыйшоў падтрымаць іх.

10.35 У судовую залю пачалі прапускаць падсудных, адвакатаў, бацькоў і журналістаў.

Тацяна Кім - маці Андрэя
10.25 Прывезьлі Андрэя Кіма. Ля будынку суду – Аляксандар Мілінкевіч, Іна Кулей, Анатоль Шумчанка. Тут знаходзіцца прыкладна 20 чалавек.

10.15 Людзей ў будынак суду пакуль не пускаюць. Частка людзей прайшла ў двор суду, частка – стаіць ля брамы.

10.10 Зараз у Менску 3 градуса цяпла, дождж, вецер.



"Працэс 14-ці". Апошнія словы. На сёньня

“Прысуд ня будзе справядлівым”


"Працэс 14-ці": Абвясьцілі перапынак да заўтра

“Працэс 14-ці”: фотарэпартаж

У судзе. Уражаньні блогеркі


У акцыі прадпрымальнікаў у цэнтры Менску супраць прэзыдэнцкага ўказу №760, якая адбылася 10 студзеня сёлета, бралі ўдзел каля трох тысяч чалавек. Некалькі дзясяткаў былі затрыманыя і зьбітыя. Супраць 14-ці выстаўлены крымінальныя абвінавачаньні ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Вось іх імёны. Аляксандр Баразенка, Аляксей Бондар, Павал Вінаградаў, Максім Дашук, Арцём Дубскі, Андрэй Кім, Антон Койпіш, Міхась Крываў, Міхась Пашкевіч, Алесь Стральцоў, Міхась Субач, Уладзімір Сяргееў, Алесь Чарнышоў, Тацяна Цішкевіч.

Аляксандра Баразенку, Паўла Вінаградава, Міхаіла Субача і непаўналетняга Максіма Дашука будуць судзіць пазьней. Яны не пасьпелі своечасова азнаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы, таму працэс над імі перанесьлі на нявызначаны тэрмін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG