Карэспандэнтка: “Каго вы тут шукаеце?”
Спадарыня: “Брат мой тут. Мне маму шкада, а ён заслужыў – няхай сядзіць.”
Юначка: “Мяне зваць Рыта. Мы прыйшлі сустракаць сябра. Яго забралі і далі трое сутак за тое, што раздаваў газэты, прысьвечаныя 25 сакавіка”.
Юнак: “Мяне зваць Алесь. Мы з грамадзянскага руху “За свабоду”.
Карэспандэнтка: “Як прайшло 25 сакавіка для сяброў вашага руху”.
Юначка: “Затрымалі аднаго блізкага нашага сябра, але адпусьцілі, бо ён непаўнагадовы. А вось з другім ня ведаем, дзе ён і што зь ім. Мы здолелі зь ім зьвязацца, пакуль тэлефон ня быў адключаны. Ён паведаміў, што ў яго ўсё добра, што настроены па-баявому. Толькі дзьве рабрыны зламаныя, а так усё добра”.
Юнак: “Кожнага разу, калі людзей зьбіваюць, то за іх перажываеш, па-першае. А па-другое, хацелася б, каб нашая арганізацыя была лепшая. Бо вось гэтая разьдзеленасьць людзей і паходы ў розныя бакі... Вельмі непрыемна глядзець, калі гэтак праходзіць сьвяткаваньне”.
Юнак: “Вінаградаў Павал Юр’евіч. Прыйшоў праведаць свайго сябра, робім агульную справу, вось і прыйшоў. Кепска, што ўсё так адбываецца. У людзей сумны настрой, усе кволыя”.
Карэспандэнтка: “Але ж вы бадзёрыя”.
Юнак: “Я-та бадзёры, хоць, праўда, супраць мяне распачатая крымінальная справа за ўдзел у мітынгу 10 студзеня. А так – усё нармалёва”.
Карэспандэнтка: “Як вас зваць і ці не асьцерагаецеся вы займацца такімі грамадзка-палітычнымі справамі”?
Юнак: “Павал. Мы проста моладзь, якая хоча жыць інакш, па-новаму”.
Карэспандэнтка: “Ці ўдзельнічалі вы ў падзеях 25 сакавіка”?
Юнак: “Удзельнічалі, канечне. Тое, што адбывалася 25 сакавіка – гэта ўвогуле бандытызм. Як заўжды, улада паказвае сябе ня з самага лепшага боку. Што яна ні на які дыялёг ня пойдзе і толькі ўсімі кіпцюрамі будзе ўтрымлівацца на гэтых пазыцыях.
Юнак: “Мяне зваць Аляксей. Я думаю, што ў нас адбываецца поўнае беззаконьне і беспакаранасьць. Калі такое сьвята, вельмі важнае ўлада не дае магчымасьці правесьці мірна, то я нават ня ведаю што гэта будзе далей”.