Пра гэта Свабодзе паведаміў міністар унутраных справаў Літвы Ўладзіслаў Кандратовіч.
«Я мяркую, што адкрыць усе пункты на мяжы — гэта не пытаньне сёньняшняга дня. Трэба разьвязаць сытуацыю з мэтэаралягічнымі балёнамі, якія выкарыстоўваюцца для кантрабанды, і разам з рашэньнем гэтай праблемы, я думаю, магчыма адкрыцьцё двух памежных пераходаў: Беняконі — Салечнікі і Каменны Лог — Меднікі.
Што да іншых пунктаў пропуску, якія былі закрытыя два гады таму, то гэта было зьвязана з інструмэнталізаванай міграцыяй, зь нелегальнай міграцыяй, з гібрыднай атакай, якую Лукашэнка праводзіў і праводзіць супраць Літвы, Польшчы і Латвіі, цэлага Эўрапейскага зьвязу. Гэтую сытуацыю трэба вырашаць ня толькі ў Літве, але і ў Польшчы, і ў Латвіі.
Польшча, паводле маёй інфармацыі, плянуе адкрыць дадатковыя пункты пропуску на мяжы. Заўтра віцэ-міністры міністэрстваў унутраных спраў Літвы, Латвіі і Польшчы правядуць сустрэчу ў Друскеніках і абмяркуюць у тым ліку гэтае пытаньне».
Паводле міністра Кандратовіча, патрэбная агульная пазыцыя па адкрыцьцю межаў і паляпшэньня руху паміж дзяржавамі, яе трэба рыхтаваць на ўзроўні цэлага рэгіёну, Літвы, Польшчы, Латвіі.
«Таксама і Беларусь павінна зрабіць крокі са свайго боку для вырашэньня тых праблем, якія прывялі да таго, што гэтыя пункты былі закрытыя».
На пытаньне аб прагнозе, калі магчымае такое агульнае рашэньне ў рэгіёне, кіраўнік МУС Літвы адказаў:
«Як мы бачым, сытуацыя застаецца наэлектрызаванай, і былі крокі да эскаляцыі гэтай сытуацыі, таксама як і з літоўскімі фурамі, якім была закрытая магчымасьць выехаць у Літву. Гэта зьяўляецца эскаляцыяй, і я думаю, што мы павінны зразумець, што праз эскаляцыю гэтыя праблемы вырашаць Літва ня будзе. Будзем вырашаць гэтыя праблемы праз дээскаляцыю сытуацыі. Як з кантрабанднымі балёнамі, таксама з інструмэнталізаванай міграцыяй, нелегальнай міграцыяй, якая праводзіцца з боку Беларусі».
Вялікае інтэрвію міністра ўнутраных справаў Літвы Ўладзіслава Кандратовіча глядзіце неўзабаве на Свабодзе.
У ім Кандратовіч распавёў
- пра закрытыя памежныя пераходы,
- заблякаваныя ў Беларусі літоўскія грузавікі,
- паветраныя балёны зь Беларусі, якія паралізоўвалі працу Віленскага аэрапорта,
- засьцярогі Літвы ў сувязі з расейскай пагрозай,
- падтрымку літоўскай дзяржавай беларусаў і беларускіх дэмакратычных сіл,
- ахову Сьвятланы Ціханоўскай,
- пра «літвінізм» і
- пра тое, як ён вывучыў беларускую мову.
Да 27 кастрычніка памежная служба Літвы падчас залёту балёнаў з кантрабанднымі цыгарэтамі двойчы цалкам закрывала мяжу зь Беларусьсю на некалькі гадзін уначы. А з 27 кастрычніка закрыла яе для беларусаў цалкам да 30 лістапада, зь некаторымі выняткамі.
Улады Беларусі ў адказ 31 кастрычніка забаранілі літоўскім грузавікам выяжджаць цераз польскую і латвійскую мяжу.
Ад 3 лістапада ўвогуле забаранілі рух па тэрыторыі Беларусі грузавікам, зарэгістраваным ува ўсіх краінах Эўразьвязу.
10 лістапада на загад Лукашэнкі ўсе літоўскія фуры, якія знаходзяцца ў Беларусі, сабралі на адмысловых пляцоўках і ўзялі пад ахову з выстаўленьнем рахункаў — 120 эўра ў содні. Паводле Лукашэнкі, фураў больш за 1100.
Форум