Лінкі ўнівэрсальнага доступу

С.Скрабец: “Пакуль будуць сілы, будзем галадаваць”


Сёньня пайшоў дзявяты дзень бестэрміновай галадоўкі братоў Сяргея і Аляксандра Скрабцоў, якія патрабуюць неадкладнага вызваленьня з турмы былога кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі Аляксандра Казуліна. 16 сакавіка да іх далучыўся Алег Алкаеў — былы начальнік СІЗА-1 у Менску, які цяпер жыве ў Нямеччыне. А 20 сакавіка да галадоўкі далучаецца намесьніца старшыні аргкамітэту ў справе стварэньня Беларускай партыі працы Тацяна Ваніна.


Тацяна Ваніна кажа, што яна выбрала дату 20 сакавіка невыпадкова. Менавіта ў гэты дзень два гады таму на Кастрычніцкай плошчы ў Менску паставілі першыя намёты ўдзельнікі пратэсту супраць фальшаваньня вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў:

“У жыцьці чалавека бываюць моманты, калі паступіць інакш ён проста ня можа. Інакш можна страціць павагу да самога сябе. Вось гэта і ёсьць мой выпадак. Я не магу заплюшчваць вочы і рабіць выгляд, што нічога не адбываецца.

Сяргей Скрабец вельмі мужны і самаахвярны чалавек. І гэта ўсе зразумелі. На такія крокі здольныя толькі адзінкі. Таму не падтрымаць яго — гэта было б няправільна, не па-людзку”.

Сяргея Скрабца я засьпеў сёньня ў той момант, калі ён чытаў на нашым сайце інтэрвію Алега Алкаева. На пытаньне пра здароўе спадар Скрабец адказвае:

“Ну, сёньня нічога. Учора быў крызыс. А сёньня ўжо збольшага нармальна”.

Былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў кажа, што яго многія падтрымліваюць маральна:

“Людзі тэлефануюць, падтрымліваюць. Сёньня быў, напрыклад, цікавы званок. Патэлефанавала жанчына з Бабруйску. Яе сына пасадзілі на восем гадоў у турму. Але падобна, што юрыдычных падставаў для гэтага няма. І яна хоча да мяне прыехаць.

Я ёй сказаў: “Калі ласка, прыяжджайце. Але цяпер я галадую”. Яна вельмі расхвалявалася і кажа: “А хто ж нам будзе дапамагаць, калі вы памраце?”. Я ёй адказаў: “Вы так моцна не перажывайце, Я так думаю, што буду жыць”.

Такія званкі бываюць. Яны зьвязаныя з маёй працай у камісіі “Рэабілітацыя”. Людзі дасылаюць лісты, прыяжджаюць”.

З траўня мінулага году Сяргей Скрабец ачольвае грамадзкую камісію “Рэабілітацыя”. Камісія дапамагае тым, хто пацярпеў ад уладаў не з палітычных матываў, а праз адстойваньне сваіх правоў.

На пытаньне, як доўга браты думаюць працягваць сваю галадоўку, Сяргей Скрабец адказвае:

“Пакуль будуць сілы, будзем галадаваць. Мы ўсё ж спадзяемся, што і Казуліна, і Кіма, і Парсюкевіча ўлады павінны выпусьціць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG