У заяве браты заклікалі падтрымаць іх акцыю.
Сяргей Скрабец і ягоны малодшы брат Аляксандар пачалі галадоўку сёньня, 10-га сакавіка. Сяргей Скрабец заявіў “Радыё Свабода” пра мэты акцыі:
“Мы пачалі гэтую галадоўку, па-першае, каб падтрымаць патрабаваньне ЗША і Эўразьвязу адносна вызваленьня Аляксандра Казуліна ды іншых палітвязьняў. Таксама мы патрабуем, каб улады Беларусі спынілі рэпрэсіі супраць грамадзтва, захоўвалі правы чалавека. Беларусь падпісала адпаведныя абавязацельствы і мусіць іх выконваць”.
Сяргей Скрабец кажа, што пакуль галадоўку яны з братам будуць трымаць паасобку, не абмяжоўваючы сябе нейкім пэўным памяшканьнем. “Будзем рабіць свае справы, удзельнічаць у звычайным жыцьці, але не прымаць ежу. Потым, калі стане больш складана, магчыма, пашукаем іншы варыянт. Але шоў з гэтага мы рабіць ня будзем”, — кажа Сяргей Скрабец.
Гэта ня першая галадоўка ў жыцьці палітыка. У 2004 годзе дэпутат Сяргей Скрабец болей за два тыдні галадаў разам зь сябрамі дэпутацкай групы “Рэспубліка” Валерам Фраловым і Ўладзімерам Парфяновічам. Яны дамагаліся дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства. У 2006 годзе Сяргей Скрабец, у той час вязень калёніі “Віцьба-3”, куды патрапіў і Аляксандар Казулін, далучыўся да ягонай галадоўкі і трымаў яе 25 дзён, пакуль ня выйшаў на волю. Зараз былы дэпутат патрабуе вызваленьня ня толькі Аляксандра Казуліна, якога лічыць асабістым сябрам, але і прадпрымальніка Сяргея Парсюкевіча і моладзевага актывіста Андрэя Кіма. Іх арыштавалі пасьля акцый пратэсту прадпрымальнікаў на пачатку году.
Сяргей Скрабец вядзе ліставаньне з Аляксандрам Казуліным. Зь ягоных апошніх лістоў Скрабец даведаўся пра пагаршэньне стану здароўя Казуліна:
“Піша, што ўмовы пагоршыліся. Ён жа вэгетарыянец, ня можа есьці тое, што там гатуюць. А плітку ў яго адабралі, гатаваць сабе ежу ён зараз ня можа. Лічу, гэта вельмі небясьпечна для ягонага здароўя”.
Браты Скрабцы распаўсюдзілі заяву, у якой заклікаюць грамадзянаў падтрымаць іх акцыю. Сяргей Скрабец сказаў, што пакуль яму невядома, каб нехта далучыўся да іх галадоўкі.