Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці замінае К.Каліноўскі Расейскай праваслаўнай царкве?


У менскім мікрарараёне Ўсход блізіцца да заканчэньня будаўніцтва праваслаўнага храма-помніка “У гонар усіх сьвятых і ў памяць безь віны забітых у Айчыне нашай”. Цяпер рыхтуюцца дакумэнты, каб надаць навабуду юрыдычны адрас. І ўзьніклі пытаньні: легалізаваць храм на вуліцы Кастуся Каліноўскага ці на незаселенай суседняй вуліцы, якая толькі летась атрымала назву, прычым зьвязаную з новай будоўляй — Усясьвяцкая? (Сам храм разьмешчаны на скрыжаваньні гэтых вуліц). Прадстаўнікі грамадзкасьці лічаць, што супадзеньне гэтае невыпадковае, і кажуць пра палітычны падтэкст гісторыі. А ператасоўку вуліцаў зьвязваюць зь візытам на аб'ект Алексія ІІ і Аляксандра Лукашэнкі.


Па тлумачэньні я зьвярнуўся ў Менскую япархію. Протагерэй Мікалай Коржыч перадусім сказаў, што з ініцыятывай даць назву безыменай вуліцы выступілі самі праваслаўныя вернікі:

“Так, там ёсьць вуліца Ўсясьвяцкая, і яна якраз зьвязаная з Усясьвяцкім храмам. Гэта сапраўды новая вуліца, пра якую вы ўзгадалі. Яна зьявілася менавіта па просьбе гэтай абшчыны — “У гонар усіх сьвятых”, гэта сам вось гэты храм-помнік”.

Карэспандэнт: “Я так разумею, што дапамагае будаваць храм і Маскоўская патрыярхія?”

Вуліца названая чаму так? Проста так у нас жа нічога не бывае
“Ну, мы ж таксама, калі казаць, Расейская праваслаўная царква, мы ўсе да яе належым. Толькі мы на правох аўтаноміі, самастойныя. А кананічна адносіны, канечне, маем. Таму ў дадзеным выпадку ніяк без Патрыярха. Натуральна, ніяк. Таму ўсё тут, безумоўна, лягічна. Маю на ўвазе, каб такі храм стаяў на такой вуліцы. Дзеля гэтага і прасіла абшчына, каб такую вуліцу зрабілі. Вуліца названая чаму так? Проста так у нас жа нічога не бывае. Калі зьвяртаюцца грамадзяне ў Менгарвыканкам, то тады, пасьля гэтага прымаецца пэўнае рашэньне. Гэта ж рашэньне выканкаму, вы разумееце?”

Але ці ёсьць у рашэньні палітычны падтэкст? Пераказваю вэрсію пра тое, што, маўляў, расейскі бок не хацеў, каб фундаваны Расеяй храм стаяў на вуліцы імя кіраўніка антырасейскага паўстаньня. Такую зьвязку айцец Мікалай лічыць нацягнутай:

“О Божа! У нас колькі храмаў стаіць на вуліцах Савецкіх ды іншых, і нічога страшнага. Гэта агульны наш стан і ніякіх праблемаў у гэтым няма. Тут усё надумана, як мне падаецца. Усё проста хочуць палітызаваць, з усяго зрабіць нейкую сэнсацыю, нейкую палітыку. Гэта няправільна. Толькі нейкія зацікаўленыя бакі могуць гэта рабіць. Тут усё на роўным месцы. Я ж вам назваў прыклады — колькі храмаў стаіць на самых розных вуліцах? А тут жа такая ідэя Храма-помніка, прычым Храма-помніка ў гонар усіх, хто загінуў, каго закатавалі, забілі ва ўсе нашы ліхія гадзіны. Таму тут якраз гаворка пра ўсе нашы трагічныя старонкі, асабліва што тычыцца 1922—39 гадоў”.

"Храм павінен будавацца на грошы прыхаджанаў"

Летась Расейская праваслаўная царква ўжо была ў цэнтры пільнай увагі грамадзкасьці. У Кобрыне пачалі будаваць храм, якому намагаліся надаць імя Аляксандра Суворава — расейскага ваеначальніка, які жорстка здушыў паўстаньне іншага беларускага змагара за свабоду Тадэвуша Касьцюшкі. Праціўнікі ідэі царкоўнай кананізацыі Суворава сваімі выступамі дамагліся кансэрвацыі будоўлі, на якую, як расказвае мясцовы актывіст “антысувораўскага ўшанаваньня” Георгі Дзьмітрук, ішлі і дзяржаўныя сродкі.

Народнай будоўляй тут нават ня пахне
“Народнай будоўляй тут нават ня пахне. Мала таго, нават сярод тых людзей, якія называюць сябе праваслаўнымі, выклікае вялікую незадаволенасьць сам мэтад узьвядзеньня гэтай царквы. Храм павінен будавацца на грошы прыхаджанаў, гэта закон адзін для ўсіх. На жаль, там шукаюць якіхсьці іншых мэтадаў, найперш мэтаду дзяржаўных і міждзяржаўных уліваньняў, перасьледуюцца якіясьці кан'юнктурныя інтарэсы. Камусьці ўсё гэта проста патрэбна...”

Дарэчы, як стала вядома, вуліцу Каліноўскага ў Менску плянавалі нават “абрэзаць”, каб новы храм стаяў ужо не на ёй. Але ўрэшце ад такой ідэі адмовіліся.

Будаўніцтва храма-помніка пачалося два гады таму з дабраславеньня ня толькі царкоўных, але і сьвецкіх уладаў Беларусі. Ад імя Аляксандра Лукашэнкі для царквы ўжо адліты самы вялікі звон у краіне. Два меншыя званы таксама імянныя — ад Патрыярха ўсяе Русі Алексія II і мітрапаліта Менскага і Слуцкага Філарэта.


Шмат у якіх гарадах, мястэчках і вёсках Беларусі храмы месьцяцца на вуліцах, назвы якіх зусім не стасуюцца з хрысьціянскай верай. Скажам, паводле даведніка праваслаўных храмаў у Брэсцкай япархіі катэдральны сабор ў Берасьці стаіць на вуліцы Маркса, паводле якога “рэлігія – опіюм для народа”, пяць цэркваў на Берасьцейшчыне месьцяцца на вуліцах Леніна, 6 – на вуліцах з назвай Савецкая, чатыры – на Камсамольскіх вуліцах, адна - на вуліцы Сьвярдлова. Толькі адна царква, ў Камянцы, стаіць на вуліцы Гогаля, і яшчэ адна ў Маларыце – на вуліцы Суворава, людзей, якія не вызначаліся змаганьнем з праваслаўнай верай і царквой.
Магчыма, у свой час гэта была сьвядомая палітыка ўладаў – даваць вуліцам, дзе стаяць храмы, назвы, зьвязаныя з барацьбой з “рэлігійным дурманам”. Але гэтая сытуацыя, гледзячы па ўсім, не выклікае публічных пратэстаў кліру.


Праваслаўны храм-помнік “У гонар усіх сьвятых і ў памяць бязь віны забітых у Айчыне нашай” у Менску
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG