“Зараз амэрыканскія капіталістыя выяўляюць вельмі вялікую цікавасьць да Савецкага Саюзу, — заўважае ў 1928 годзе “Беларуская вёска”. — Наша савецкая нафта ідзе ў Амэрыку, і, дзякуючы гэтаму, амэрыканскія нафтавыя прамыслоўцы ўсюды ціснуць ангельскіх. Таму сярод амэрыканскіх капіталістых усё часьцей чуюцца галасы за пашырэньне гандлю з намі... Вялікі фабрыкант аўтамабіляў Форд заявіў, што Амэрыцы неабходна зусім прызнаць савецкую ўладу, бо яму няма куды збываць сваіх аўтамабіляў”.
“Бацькаўшчына” ў 1948 годзе з затрымкай на колькі месяцаў нагадвае пра такую дэклярацыю: “Рада Беларускае Народнае Рэспублікі... не прызнае й ніколі не прызнае БССР за форму беларускага незалежнага гаспадарства, уважаючы яе за расейска-камуністычную фікцыю беларускае гасударственнасьці, накінутую Масквою, як сродак паняволеньня беларускага народу, ягонага нацыянальнага, матар’яльнага, а навет і фізычнага вынішчэньня; {не прызнае й ніколі ня прызнае на будучыню, як неабавязваючыя беларускі народ, усе ўмовы й забавязаньні, якія няпраўна ад імя беларускага народу падпісалі ўрады СССР, Польшчы й г.зв. “урад БССР” — маскоўская акупацыйная адміністрацыя ў Беларусі”}.
“Відэатэхніка ўпэўнена ўваходзіць у наша штодзённае жыццё, — хваліцца ў 1988 годзе “Вячэрні Мінск”. — Відэамагнітафон, тэлевізар — і вось у вашай кватэры створана дамашняя відэазала, дзе можна ўсёй сям’ёй у зручны час паглядзець відэапраграму, выбраную ў Мінскім відэасалоне. Больш за 800 назваў відэапраграм налічвае зараз фонд відэасалона. Нядаўна ў Рэспубліканскім Доме кінематаграфістаў адбылося афіцыйнае адкрыццё Мінскага гарадскога клуба відэааматараў. Зацверджаны палажэнне і статут клуба, выбраны савет клуба, рэвізійная камісія”.