Сёньня ўжо ня тысячы, а дзесяткі тысяч грамадзянаў Беларусі жывуць і працуюць у Заходняй Эўропе, у ЗША, Канадзе, у іншых краінах. Яны выехалі па розных прычынах (адзін атрымаў палітычны прытулак, другі знайшоў лепшую працу, іншы ажаніўся, хтосьці выйграў лятарэю “грын кард”), маюць розны прававы статус у замежжы і неаднолькавы жыцьцёвы ўзровень, па-рознаму ацэньваюць тое, што адбываецца на Бацькаўшчыне, але іх аб’ядноўвае адно – стаўленьне да іх дзяржавы, якая называе сябе беларускай. Яно няшмат адрозьніваецца ад савецкіх часоў, калі кожны, хто выяжджаў за мяжу альбо прыяжджаў з замежжа – разглядаўся як патэнцыйны шпіён ці аб’ект вэрбоўкі варожай спэцслужбы.