Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уіткаф: размова Пуціна і Трампа можа адбыцца на наступным тыдні


Стывэн Уіткаф, спэцыяльны прадстаўнік прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа
Стывэн Уіткаф, спэцыяльны прадстаўнік прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа

Тэлефонная размова паміж прэзыдэнтамі ЗША і Расеі, прысьвечаная магчымаму перамір’ю і мірнаму завяршэньню вайны ва Ўкраіне, можа адбыцца на наступным тыдні. Пра гэта ў нядзелю ў эфіры CNN заявіў спэцыяльны прадстаўнік Дональда Трампа Стывэн Уіткаф, які на днях наведаў Маскву, а раней удзельнічаў у перамовах з украінскай дэлегацыяй у Саудаўскай Арабіі.

Паводле Ўіткафа, у Маскве ён правёў «пазытыўныя» перамовы з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным і спадзяецца, што будучая размова прэзыдэнтаў дзьвюх краін таксама будзе «добрай і пазытыўнай». Спэцпрадстаўнік выказаў меркаваньне, што пазыцыі Вашынгтону і Масквы «збліжаюцца».

Уіткаф адзначыў, што гутарыў з расейскім прэзыдэнтам некалькі гадзін, і ў яго склалася ўражаньне, што Пуцін «прымае філязофію» прэзыдэнта Трампа адносна неабходнасьці спыненьня агню ва Ўкраіне. Па словах Уіткафа, нейкія дамоўленасьці аб гэтым могуць быць дасягнутыя ў найбліжэйшыя тыдні.

Па выніках амэрыканска-ўкраінскай сустрэчы ў Эр-Рыядзе на мінулым тыдні Ўкраіна падтрымала прапанову ЗША аб заключэньні з Расеяй усёабдымнага перамірʼя тэрмінам на 30 дзён з магчымасьцю падаўжэньня. Пуцін не адпрэчыў гэтую ідэю прынцыпова, аднак зазначыў, што «ёсьць нюансы», зьвязаныя з шэрагам умоваў Масквы. Цяпер ніякіх дамоўленасьцяў аб перамірʼі не дасягнута, і баявыя дзеяньні працягваюцца.

Дарадца прэзыдэнта Трампа па нацыянальнай бясьпецы Майк Уолц заявіў у нядзелю, адказваючы на пытаньні ABC, што ЗША могуць аказаць ціск на Расію ў выпадку яе адмовы ад перамірʼя. Пры гэтым Уолц падкрэсьліў, што падчас мірнага працэсу саступкі спатрэбяцца і ад Ўкраіны. Ён у прыватнасьці адзначыў, што размова ідзе пра адмову ад часткі тэрыторый у абмен на гарантыі бясьпекі. Падрабязнасьцяў ён не прывёў. Украінскія лідэры катэгарычна абвяргаюць магчымасьць адмовы ад акупаваных цяпер Расеяй украінскіх тэрыторый дэ-юрэ, аднак дапускаюць, што пагодзяцца на адмову ад ідэі вызваліць іх ваенным шляхам.

Брытанская газэта The Independent са спасылкай на ўкраінскія крыніцы піша ў нядзелю, што Ўкраіна ў любым выпадку адмовіцца перадаць пад кантроль Расеі якія-небудзь дадатковыя тэрыторыі, якія цяпер не знаходзяцца пад расейскім кантролем. Уладзімір Пуцін раней выступаў з патрабаваньнем аб перадачы чатырох абласьцей, аб анэксіі якіх абʼявіла Расія — Данецкай, Луганскай, Херсонскай і Запароскай. Лінія фронту цяпер праходзіць па іх тэрыторыі, цалкам Расеі непадкантрольная ніводная зь іх. Акрамя таго, украінскія войскі таксама кантралююць невялікую частку Курскай вобласьці Расеі.

Таксама Уолц назваў вельмі малаверагодным уступленьне Ўкраіны ў NATO, сказаўшы, што такога меркаваньня прытрымліваюцца як ЗША, так і іх саюзьнікі. У Кіеве афіцыйна не адмаўляліся ад ідэі ўступленьня Ўкраіны ў NATO, і ў дакумэнтах альянсу гаворыцца, што Ўкраіна ў будучыні да яго далучыцца — хаця і не сказана, калі менавіта гэта магло б адбыцца.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG