Працы распачынаюцца настолькі раптоўна, што ўжо ў панядзелак парафія павінна вывезьці з касьцёла рэчы, піша Katolik.life
Аб тым, што «распачынаюцца працы для рэканструкцыі» закрытага 2,5 года таму Чырвонага касьцёла ў Менску, паведаміў 16 сакавіка падчас імшы пробашч парафіі сьвятога Сымона і сьвятой Алены ксёндз Франц Рудзь. Месяц таму афіцыйна было заяўлена, што яшчэ адбываецца «дапрацаваньне дакумэнтацыі». Выданьне піша, што тэндэр для пошуку падрадніка не праводзілі, працы, заплянаваныя ў касьцёле, тры крыніцы апісваюць з рознымі фармулёўкамі.
14 сакавіка дзяржаўнае прадпрыемства «Менская спадчына», якому належыць касьцёл, заявіла, што заплянаваны «комплекс рамонтна-аднаўленчых работ», якія ўключаюць замену і рамонт унутраных і вонкавых інжынэрных сетак і аднаўленчыя аздобныя працы. На прадпрыемстве паведамілі, што распрацавалі праектна-каштарысную дакумэнтацыю, якая прайшла адпаведную дзяржаўную экспертызу.
Летась заяўлялі, што рэканструкцыю Чырвонага касьцёла ў Менску плянуюць пачаць у I квартале 2024 году, пісала БЕЛТА з спасылкай на інфармацыю, агучаную на нарадзе ў мэрыі дырэктарам КУП «Менская спадчына».
Паводле яго, ужо распрацавалі праектную дакумэнтацыю і ў пачатку году плянуюць пачаць рэканструкцыйныя працы ўнутры памяшканьня. Таксама распрацоўваюць праектную дакумэнтацыю для рэканструкцыі касьцёла на Кальварыі.
Як паведамлялася, праект рэканструкцыі Чырвонага касьцёла пачалі распрацоўваць 21 лістапада.
Гісторыя Чырвонага касьцёла:
- 21 лістапада 1910 году — асьвячэньне касьцёла.
- 1932 год — савецкія ўлады закрылі касьцёл, перад гэтым разрабавалі.
- 1941 год — нямецкія акупацыйныя ўлады дазволілі там маліцца.
- 1945 год — у храме разьмясьцілі кінастудыю «Савецкая Беларусь», зрабілі некалькі прыбудоваў.
- 1960-я гады — касьцёл маглі ўзарваць, аднак спыніліся на перабудове пад патрэбы Дома кіно.
- 1986 год — вернікі пачалі захады для вяртаньня касьцёла.
- 16 траўня 1990 году — будынак вярнулі каталікам.
- 26 жніўня 2020 году — амапаўцы ўзялі Чырвоны касьцёл у аблогу, зачынілі ўнутры дзясяткі вернікаў на 40 хвілін. Падстава — там нібыта хаваліся пратэстоўцы.
- Ноч на 26 верасьня 2022 году — пажар у Чырвоным касьцёле. Улады заявілі аб прыпыненьні працы храма і нікога ўсярэдзіну не пусьцілі.
- 6 кастрычніка 2022 году — стала вядома, што ўлады забіраюць у вернікаў Чырвоны касьцёл.
Што адбываецца з Чырвоным касьцёлам цяпер?
- Чырвоны касьцёл закрыты на рамонт пасьля пажару, які здарыўся ў ноч на 26 верасьня 2022 году. Пашкоджаная маёмасьць на плошчы каля 20 кв. м, людзі не пацярпелі.
- Улады закрылі будынак да аднаўленьня пашкоджаных пажарам камунікацый і «атрыманьня вынікаў інструмэнтальных дасьледаваньняў будаўнічых канструкцый».
- 6 кастрычніка ўлады скасавалі дамову бязвыплатнага карыстаньня будынкам касьцёлу. 14 кастрычніка стала вядома, што ўлады забаранілі парафіі адпраўляць службы і ў плябаніі, а 9 лістапада — у асобных памяшканьнях і дворыку касьцёла.
- 1 сьнежня курыя Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі прызначыла ксяндза Юрыя Санько адміністратарам парафіі ў пытаньнях рамонту і рэстаўрацыі, ксёндз Уладзіслаў Завальнюк застаўся пробашчам. Грамаду парафіі сьв. Сымона і Алены часова разьмеркавалі ў архікатэдральны касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі.
- Чырвоны касьцёл мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці Беларусі і афіцыйна належыць дзяржаве. У 2013 годзе яго перадалі ўва ўласнасьць Менску. Парафія сьвятых Сымона і Алены займала будынак касьцёла і плябанію на падставе дамовы аб бязвыплатным карыстаньні, заключанай з прадпрыемствам «Менская спадчына».
- Некалькі гадоў таму гарадзкія ўлады заявілі, што ў парафіі назьбіралася істотная запазычанасьць у зямельным падатку, падатку на нерухомасьць і амартызацыю. Паводле інфармацыі ініцыятывы «Хрысьціянская візія», пасьля інцыдэнту парафію прымусілі пагасіць запазычанасьць — у якасьці адной з умоваў аднаўленьня эксплюатацыі касьцёла.